Можа, якраз той выпадак…

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

17 студзеня адбыўся чарговы, 23-ці, з’езд Беларускага саюза мастакоў. На ім былі прыняты папраўкі да статута творчага саюза і абраны новы старшыня.

/i/content/pi/cult/776/16761/010.JPGПытанні наўпрост і ўскосна

З’езд праходзіў у сталічным Палацы мастацтва, які зусім не прыстасаваны пад такія буйнамаштабныя імпрэзы, і доўжыўся з дзесяці гадзін раніцы недзе да васьмі гадзін вечара. Я таму засяроджваю ўвагу на гэтай акалічнасці, што памятаю часы, калі на з’езд адводзілася два дні. Ды і памяшканні пад гэта арэндаваліся шыкоўныя — Канцэртная зала “Мінск”, Рэспубліканскі палац прафсаюзаў. Але зараз такая раскоша Саюзу не па кішэні, даводзіцца ўціскацца. Палац мастацтва быў абраны для правядзення з’езда таму, што Саюзу ў гэтым выпадку арэнду аплочваць не трэба. Гэты будынак належыць творчаму аб’яднанню на правах уласнасці.

Згаданая акалічнасць яскрава сведчыць, што з гледзішча эканамічнага творчы саюз перажывае не лепшыя часы. Сапраўды, БСМ хоць і захаваў сваю назапашаную за саветамі ўласнасць, але новая эканамічная рэчаіснасць прымушае і грошы лічыць, і бізнес-планы маляваць, і ўвогуле цікавіцца тым, што адбываецца за вокнамі майстэрні ў навакольным свеце. Кожны дэлегат з’езда атрымаў брашуру “Выставачная дзейнасць грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” 2017 г. — 2019 г.” з укладышам пра фінансава-гаспадарчую дзейнасць саюза за справаздачны перыяд. Так што кожны, хто ўмее чытаць літары і лічбы, меў на руках аб’ектыўную інфармацыю пра тое, якія грошы і якім чынам былі заробленыя, ды на што яны потым былі выдаткаваныя. Такая празрыстасць робіць гонар кіраўніцтву Саюза, і, здавалася б, мусіла на кораню заблакіраваць запыты кшталту “куды знікаюць нашы (саюзаўскія) грошы?” і “як скарыстоўваецца наша ўласнасць?” Аднак, менавіта на гэтых пытаннях, пастаўленых наўпрост і ўскосна, у адносна карэктнай форме і не надта, засяродзілася ўвага дэлегатаў. Урэшце рэшт, хоць нерваў папсавалі нямала, дзейнасць кіраўніцтва за справаздачны перыяд была ацэнена дэлегатамі з’езда станоўча. І тады паўстала пытанне, як жыць далей…

З’езд мусіў абраць новага старшыню Саюза альбо падоўжыць паўнамоцтвы дзеючага. Рэч у тым, што паводле статута Саюза нельга быць старшынёй больш як два тэрміны запар. Рыгор Сітніца свае два тэрміны па тры гады адпрацаваў, і даць дазвол балаціравацца на трэці тэрмін яму мог дазволіць толькі з’езд, які ёсць вышэйшая ўлада ў Саюзе і надзелены правам змяняць палажэнні статута ў адпаведнасці са зменлівай рэчаіснасцю. Гэта палажэнне асноўнага закону творчага аб’яднання распаўсюджана і на кіраўнікоў рэгіянальных арганізацый БСМ. Але зыходзячы з таго, што ў некаторых рэгіёнах, як кажуць спартоўцы, вельмі кароткая “лаўка запасных”, і дзеючых старшынь часам папросту няма кім замяніць, там кіраўнікам дазволена працаваць на сваіх пасадах і трэці тэрмін запар. Такі сцэнарый мог быць скарыстаны і ў Мінску, беручы да ўвагі высокі аўтарытэт Рыгора Сітніцы, ягоны ўвогуле неўласцівы мастакам адміністрацыйны талент, дасведчанасць у справах Саюза і тую акалічнасць, што рашэнне наяўных праблем БСМ шмат у чым завязана на ягоную шчыльную спрацаванасць з уладнымі структурамі. Аднак дэлегаты з’езда вырашылі пакінуць палажэнне статута пра два тэрміны без змяненняў.

Статус маладых у статуце

Аб жаданні балаціравацца на пасаду старшыні заявілі пяць мастакоў. Але рэальна разлічваць на абранне маглі толькі Глеб Отчык, першы намеснік старшыні БСМ, і старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Святлана Баранкоўская — асобы з выразнай харызмай, вядомыя сваёй здольнасцю разрулёўваць няпростыя сітуацыі. Перамог Отчык. Такім чынам у Саюза новы старшыня.

На з’езде былі ўнесены некаторыя змены ў статут. Большасць з іх — касметычнага характару. Пры нязменнай сутнасці скарэктаваны фармулёўкі. А вось пытанне пра статус маладзёжнага аб’яднання пры Беларускім саюзе мастакоў выклікала сур’ёзныя спрэчкі. Існуючая сітуацыя недаспадобы ні самім маладзёнам, якія лічаць, што на іх глядзяць як на непаўнавартасных, ні іх калегам з “дарослага” саюза, якім не надта цікава займацца апекаваннем учорашніх студэнтаў, і такім чынам самім жа выхоўваць сабе канкурэнтаў. Стан сяброў маладзёжнага аб’яднання сапраўды нейкі няпэўны. Яны, напрыклад, могуць пры жаданні прысутнічаць на “дарослых” сходах, але права голасу не маюць. Гэта ўспрымаецца як дыскрымінацыя. У сваю чаргу “дарослыя” цалкам лагічна мяркуюць, што ў кампаніі сталых майстроў нельга надаваць права голасу тым, хто яшчэ не выканаў пэўнага нарматыву і не мае выразнага творчага твару. Пад нарматывам маецца на ўвазе ўдзел у пэўнай колькасці рэспубліканскіх мастацкіх выстаў. Для паступлення ў маладзёжнае аб’яднанне такіх выстаў трэба ўдвая менш, чым для атрымання, так бы мовіць, сапраўднага членскага білета Беларускага саюза мастакоў.

Была прапанова маладзёжнае аб’яднанне скасаваць, а сяброў аб’яднання перавесці пад апеку відавых секцый саюза. Іншыя лічаць, што замест згаданага аб’яднання варта ўвесці інстытуцыю кандыдатаў на паступленне ў саюз. Была і радыкальная прапанова: каб не прыдумляць для моладзі ўсялякіх пераходных стадый, адразу прымаць іх у “дарослы” саюз. Зразумела, калі на іх творчым рахунку набярэцца неабходная колькасць рэспубліканскіх выстаў. Мне такі падыход блізкі, бо мастак ён ці ёсць, ці яго няма. І спасылкі на ўзрост тут недарэчныя. Прынамсі, сярод выпускнікоў нашай акадэміі нямала тых, хто яшчэ будучы студэнтам браў удзел не толькі ў мностве рэспубліканскіх, але і ў шэрагу міжнародных выстаў. Так што паводле гэтай фармальнай адзнакі мог стаць сябрам Саюза яшчэ нават не атрымаўшы дыплома аб заканчэнні ВНУ.

Але ж пры сённяшнім стане тое маладзёжнае аб’яднанне — якая ні ёсць, а ўсё ж форма сацыяльнай абароненасці маладога мастака. Да сябра “маладзёжкі” не звернуцца з пытаннем, чаму ён нідзе не працуе.

А марыць не шкодна…

Завяршыць жа свае нататкі я хацеў бы вось такой сентэнцыяй… Згадваючы агучаныя перадвыбарныя праграмы кандыдатаў на пасаду старшыні Саюза, мушу адзначыць шэраг агульных тэзаў. Гэта намер пашырыць інфармацыйнае поле мастацтва — стварыць новыя часопісы, і такім чынам пашырыць культурны ўплыў на грамаду. Абяцанне ўтварыць сістэму рэалізацыі як унікальнай, так і тыражаванай мастацкай прадукцыі праз адмысловую гандлёвую сетку; прыцягнуць да мадэрнізацыі прадпрыемстваў Саюза замежных інвестараў, а да арганізацыі мастацкіх імпрэз — знакамітых замежных куратараў; паклапаціцца пра мастакоў-пенсіянераў; нарэшце пераканаць дзяржаўныя структуры, што курыруюць культуру, у неабходнасці гарантаваных закупак твораў мастацтва па прыстойных расцэнках. Прасцей кажучы, зрабіць усё тое, што па зразумелых асабіста для мяне прычынах не здолелі іх папярэднікі. Іншы раз мне падавалася, што людзі ля мікрафону і я, каторы іх слухае, жывем у розных краінах і належым да розных творчых саюзаў. Я — сябра рэальнага Саюза мастакоў у рэальнай Рэспубліцы Беларусь, яны — жыхары віртуальнай краіны і віртуальнага БСМ.

Але супакойвае мяне слушнае выслоўе — “Мары — гэта не адыход ад рэчаіснасці, а сродак наблізіцца да яе”. Можа, гэта якраз той выпадак…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"