Перспектыва — віртуальнае чытанне

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

15 верасня — Дзень бібліятэк У нумары, прысвечаным Дню беларускага пісьменства, “Культура” надала важкую ролю тэме бібліятэк. На цэнтральным развароце ў якасці постэра была прадстаўлена галоўная кніжная скарбніца краіны — Нацыянальная бібліятэка Беларусі. А напярэдадні прафесійнага свята прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная развіццю бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь.

На сённяшні дзень у краіне налічваецца звыш 9,5 тысячы бібліятэк, 84% ад усёй колькасці знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. У агульным фондзе — больш за 200 мільёнаў адзінак захоўвання.
За 2008 год было закрыта 33 бібліятэкі. Як адзначыў намеснік міністра культуры Віктар Кураш, гэта звязана з нерэнтабельнасцю бібліятэчных устаноў у некаторых аддаленых населенных пунктах. Аднак па ўсёй тэрыторыі сярэдняя колькасць бібліятэк застаецца адпаведнай міжнародным нормам: 1 установа на 1800 жыхароў.
З дзяржаўнага фінансавання 15% ідзе на закупку новых кніг. За апошнія сем месяцаў гэтага года норма павялічылася і склала ўжо 18%.
Удзельнікі сустрэчы закранулі пытанні бібліятэчнай адукацыі. Вышэйшую адукацыю бібліятэкары атрымліваюць у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Але гэтая прафесія не карыстаецца вялікай папулярнасцю ў абітурыентаў: сёлета на дзённую форму навучання залічана 128 чалавек, на завочную — 103. Для павышэння кваліфікацыі спецыялістаў арганізуюцца выязныя семінары, “круглыя сталы”, выпускаюцца метадычныя выданні.
Значным дасягненнем Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, якая з’ядноўвае больш за 2 тысячы індывідуальных членаў — найбольш актыўных прадстаўнікоў прафесіі, з’яўляецца заснаванне двух прафесійных часопісаў — “Бібліятэчны свет” і “Бібліятэка прапануе”. На старонках выданняў можна сустрэць прапановы па развіцці супрацоўніцтва і кааперацыі бібліятэкараў. Акрамя таго, Асацыяцыя спрабуе наладжваць прафесійныя кантакты з замежнымі калегамі.
Вядучае месца ў сетцы бібліятэк займае Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Яе фонд складае больш за 8,5 мільёна адзінак захоўвання. Нацыянальная бібліятэка — дэпазітарый шэрагу міжнародных арганізацый: ААН, Сусветны банк і іншыя дасылаюць у фонд дакументыі забяспечваюць доступ да сваіх электронных інфармацыйных рэсурсаў. Намеснік дырэктара НББ Людміла Кірухіна паведаміла, што электронны каталог налічвае 1600 запісаў. Праўда, паглядзець яго можна пакуль толькі ў бібліятэцы, але праз месяц ён будзе даступны для карыстання на інтэрнет-партале. Дарэчы, ідзе работа па наладжванні паслугі здзяйснення заказаў на тое ці іншае выданне і магчымасці атрымання ў выглядзе электроннай копіі праз Інтэрнет.
НББ стварае сёння унікальную нацыянальную базу аўтарытэтных запісаў, якіх на дадзены момант больш за 180 тысяч. Гэта звесткі, якія прадстаўляюць нашу краіну ў сусветнай супольнасці. У будучым мяркуецца выстаўляць яе на партал бібліятэкі.
У сямі пунктах нашай краіны ўжо створаны віртуальныя чытальныя залы — на базе шасці абласных бібліятэк і адной у БДУКіМ. Жадаючыя могуць атрымаць доступ да 107 сацыягуманітарных рэсурсаў, якія тычацца эканомікі, асветы, навукі і г. д. Вядзецца таксама актыўная дзейнасць па прыцягненні моладзі.

Дар’я ПЯТРОВІЧ