“Песняры” і “Алея Падзей”

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Учора, 20 снежня, у Пінску адбыліся ўрачыстасці з нагоды перадачы статусу “Культурная сталіца Беларусі” гораду Ліда.

Па словах загадчыцы сектара культуры Пінскага гарвыканкама Тамары Дземідзенка, з гэтай нагоды ў горадзе адбыўся канцэрт як айчынных “зорак” беларускай эстрады, сярод якіх быў і дзяржаўны ансамбль “Песняры”, так і мясцовых ансамбляў ды індывідуальных выканаўцаў. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва Пінскага гарадскога і Лідскага раённага выканаўчых камітэтаў, творчыя дэлегацыі з Брэста і Ліды.

Таксама ў гэты ж дзень у Пінскім гарадскім Доме культуры былі прэзентаваны праекты, якія ўдалося рэалізаваць у Пінску ў бягучым годзе. А яшчэ ў пятніцу быў закладзены першы памятны знак на “Алеі падзей”, якая размясцілася на пешаходнай вуліцы Леніна. Новы арт-аб’ект з’явіўся ў Пінску па ініцыятыве гарвыканкама.

— Памятны знак на “Алеі падзей” з лагатыпам культурнай сталіцы, упэўнена, пакладзе пачатак новай традыцыі, — кажа Тамара Дземідзенка. — Так, напрыклад, налета, 1 чэрвеня, мы мяркуем там усталяваць таблічку з надпісам, што Пінск з’яўляецца горадам, дружалюбным дзецям, а таксама думаем над тым, каб увекавечыць адроджаны фестываль “Зоры над Пінай”.

Да слова, адным з фінальных акордаў гэтага насычанага падзеямі года для Пінска стаўся адкрыты конкурс харэаграфіі “Стань зоркай”. Дзея прайшла ў горадзе над Пінай 13 — 14 снежня, а арганізатарам мерапрыемства выступіла Пінская дзіцячая школа мастацтваў № 3.

І апошняе. Сёння Пінск рыхтуецца пераняць у Оршы эстафету маладзёжнай сталіцы рэспублікі. Гэты статус ён займее налета. Так што без статуснасці горад над Пінай не застанецца. У гарвыканкаме з гэтай нагоды пачалі фарміраваць план мерапрыемстваў. У яго прапануецца ўключыць рэспубліканскі маладзёжны форум, спартыўныя спаборніцтвы, выстаўку дасягненняў моладзі, інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы ды многае іншае.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"