Аграгарадок майстроў

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

Хатынічы супрацівяцца негатыўным тэндэнцыям
Нечаканымі на прызнанні зрабіліся для мяне мае гутаркі з некаторымі жыхарамі самага буйнога аграгарадка Ганцаўшчыны. Я нават на нейкія імгненні губляўся, пачуўшы раптоўныя споведзі візаві. Але хутка зноў як ні ў чым не бывала працягваў “катаваць” іх на прадмет асаблівасцяў нацыянальнай культуры ў вёсцы, якая ў адным і тым жа населеным пункце існуецца па-рознаму…

/i/content/pi/cult/775/16743/021.JPGА я Дом культуры пазнаю па акрузе

Калі вы задаліся мэтай адшукаць у Хатынічах менавіта сельскі Дом культуры, то блуканні не зацягнуцца надоўга, бо арыенцірам у пошуках паслужыць дакладна адна са славутасцяў аграгарадка — вельмі кампактны парк адпачынку, што побач з установай. А яшчэ каля яе знаходзяцца ўсялякія, так скажам, малыя архітэктурныя формы кшталту імітацыі млына або калёсы, у якія запрэжаны конік, змайстраваны з бярвення. Усё глядзіцца вельмі арганічна і міла, і гэтая навакольная ідылічная абстаноўка СДК загадзя выклікае сімпатыю да яго.

— У парку мы і праводзім многія свае імпрэзы, — паведамляе дырэктар Дома культуры Вольга Мінько. — А фігуркі — справа рук жыхароў аграгарадка. Між іншым, гэтыя кампазіцыі не скончаны, нешта перыядычна дадаецца, мяняецца.

Масавыя мерапрыемствы ў СДК праходзяць не радзей аднаго разу ў тыдзень, і тады глядзельная зала на 135 месцаў запаўняецца мінімум напалову. У рэгулярным рэжыме ва ўстанове дзейнічаюць некалькі фарміраванняў. Папулярнасць двух з іх ступіла за парог вобласці — народнага аўтэнтычнага фальклорнага калектыву “Хатовічы” і яго спадарожніка, дзіцячай “Крынічкі”, удзельнікі якой пераймаюць у старэйшых таварышаў творчы кантэнт, дапамагаюць ім у правядзенні абрадаў, святаў, канцэртаў. Пад баян спяваюць жанчыны ў ансамблі “Надзея”, а хорам — у сямейным “Журавушка”. У аматарскім аб’яднанні “Ровесник” выступаюць за здаровы лад жыцця і сочаць за ім у аграгарадку. У клубе вясёлых і знаходлівых складаюць канкурэнцыю абодвум Масляковым. “Хатыніцкія самародкі” займаюцца ткацтвам і вышыўкай. “Мастацкае чытанне” запрашае на сустрэчы з мясцовымі паэтамі, а іх у былой вёсцы аж трое — Ніна Кавальчук, Ніна Таўтын і Уладзімір Бабулін!

— “Мае” калектывы ўсе баявыя! — сцвярджае Вольга Іванаўна. — Мы ж не толькі на конкурсах і фестывалях паказваем нашы мастацтвы і ўменні, але і спаборнічаем з іншымі вёскамі, аграгарадкамі — у гульнях “А ну-ка, дзяўчаты!”, “КВЗ”.

/i/content/pi/cult/775/16743/022.JPGЗакрануўшы тэму матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, дырэктар кажа пра тое, што ёсць патрэба ў абнаўленні гукавога абсталявання. Як правіла, за кошт саміх артыстаў набываюцца тканіны для сцэнічных касцюмаў, шыюць іх мясцовыя ўмельцы. Затое на выязныя імпрэзы транспарт заўсёды прадастаўляецца аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганцавіцкага райвыканкама.

— Па адукацыі я педагог, — дзеліцца спадарыня Вольга. — На працу ў Дом культуры прыйшла ў 2013-м годзе — мастацкім кіраўніком. А дырэктарам стала ў 2016-м. І шчыра вам скажу, папярэдняя пасада падабалася больш. Справа не ў тым, што адказнасці баюся, мне бліжэй, калі я ўвесь час знаходжуся ў коле калектываў, дзяцей, нешта прыдумляю, увасабляю ў жыццё. А цяпер даводзіцца шмат часу аддаваць паперам, пісаць справаздачы. Але, калі трэба, дык трэба. Стараюся адпавядаць пасадзе.

Месца сустрэчы змяніць нельга

Да таго як у 2008-м пераехаць у будынак былога прадуктовага магазіна, сельская бібліятэка займала адзін невялікі пакой у СДК. Чатырнаццаць тысяч кніг зараз да паслуг яе чытачоў. Кіруе ж ёй цяпер Галіна Вайцяховіч, чый агульны стаж працы ў гэтай установе складае сем гадоў.

— З наведвальнасцю ў нас усё ў цэлым ідзе добра, — інфармуе яна. — Але вось для навучэнцаў старэйшых класаў мы ўяўляем цікавасць, хутчэй, у тым плане, што тут яны могуць раздрукаваць рэфераты, скарыстацца доступам да інтэрнэту. Пакаленне 30 — 40-гадовых не перастае чытаць кнігі, і для пажылых людзей яны па-ранейшаму многае значаць. І яшчэ пенсіянеры проста так сюды зазіраюць, нават сустрэчы тут прызначаюць, каб не па дамах пра нешта пагаварыць, не на вуліцы, а ў бібліятэцы.

Калі ўжо Галіна Мікалаеўна “намякнула”, чым бібліятэка зарабляе сабе на “выданні з маслам”, паведамлю вам і аб такім спосабе, які практыкуе ўстанова. Аказваецца, у ёй можна стаць абанентам вядомага мабільнага аператара! Што сёння галоўнае ў дзейнасці “культурнага работніка”, калі ён імкнецца выканаць план платных паслуг? Правільна, знаходлівасць! У ёй і нельга адмовіць хатыніцкаму храму кнігі!

Пры бібліятэцы функцыянуюць два аматарскіх аб’яднанні. Члены экалагічнага клуба “Крынічка” — вучні чацвёртага — пятага класаў — у тым ліку, як могуць, спрыяюць абароне прыроды. (Да надыходзячай жа чарадзе святаў гурток плануе падрыхтаваць фальклорную праграму, звязаную з зімовымі абрадамі.) А дзевяці — дзесяцікласнікі з клуба “Собеседник”, напрыклад, арганізуюць і праводзяць літаратурныя вечары, сустрэчы з вядомымі людзьмі.

Прывёўшы ў пачатку артыкула дадзеныя па фонду ўстановы, я яго, увогуле, зменшыў, і думаю, — моцна, бо ў ходзе нядаўняй акцыі “Падары бібліятэцы кнігу” ён папоўніўся.

— Натуральна, мы атрымліваем новую літаратуру звычайным шляхам, але хочацца, каб яе было больш! — усміхаецца спадарыня Вайцяховіч. — Таму такое мерапрыемства і ініцыявалі. І прыносілі нам і ўжо патрапаныя выданні, і тыя, што яшчэ пахнуць друкарскай фарбай.

Па маёй просьбе Галіна Мікалаеўна назвала трох беларускіх аўтараў, чые творы карыстаюцца ў наведвальнікаў кніжніцы найбольшым попытам — гэта Іван Мележ, Іван Шамякін і Святлана Алексіевіч. На другое ж пытанне загадчыца адрэагавала так:

— Напэўна, праблемай патрэбу ў рамонце нашага будынка не назавеш, проста надыйшоў момант, калі касметычныя паднаўлення ўжо пытанне не закрываюць…

У ткачыхі па неабходнасці

— Я адкрыта вам прызнаюся, што занялася ткацтвам і вышыўкай спярша не з-за велізарнай цягі да іх, — дзівіць мяне такой заявай народны майстар Рэспублікі Беларусь Ніна Казак, якая была запрошаная “на ролю” непрадузятага крытыка культуры аграгарадка. — Сапраўдная любоў да рамёстваў прыйшла з гадамі. А спачатку я проста дапамагала маме, што ткала і вышывала на ўсю сям’ю. І так адбывалася ў кожным нашым вясковым доме, дзе часам налічвалася да дзесяці дзяцей — эканомней было нешта зрабіць самім, чым купіць. Зараз, на жаль, гэта мастацтва з вёсак сыходзіць, не так шмат тых, хто ім займаецца, праўда, напрыклад, у Хатынічах столькі ўсяго вырабілі, столькі ў шафах і па куфрах ляжыць, бяры — не хачу!

А марыла Ніна Мікалаеўна стаць медыкам, аднак не выйшла. Працавала муляром на будоўлі, на трыкатажнай фабрыцы, цялятніцай на ферме, але мамчыны ўрокі не забывалася, працягваючы рукадзельнічаць. Пра яе захапленне ведалі не толькі ў Хатынічах, і калі ў Ганцавічах адкрыўся раённы Дом рамёстваў, Казак запрасілі туды — ткаць ды вышываць, перадаваць ужо сваё майстэрства іншым. Васямнаццаць гадоў яна аддала РДР. І тыя часы ўстанову і Ніну Казак звязалі так моцна, што і знаходзячыся на пенсіі, ведучы асабістую гаспадарку, вядомая на ўсю краіну ўмеліца не-не ды і наляціць з “інспекцыяй” у Дом — маўляў, як там без мяне ідуць справы? З кім падзяліцца вопытам? Вядома, яшчэ і са школьнікамі, што прыходзяць да яе займацца дадому! Дарэчы, там у Ніны Мікалаеўны ёсць тры станкі — на двух яна працуе, а адзін пакуль чакае летняга сезона. З малым, складаным, выязджае і праводзіць майстар-класы па раёне і вобласці. “Трошачкі грошай яны прыносяць, — усміхаецца спадарыня Казак. — І выставы-продажу, і заказы. Калісьці такіх прыробкаў было больш, а сёння людзям без розніцы — рукамі нешта зроблена ці машынай. Аднак да мяне звяртаюцца і тыя, каму важны цалкам аўтэнтычны прадукт”.

Каментарый Ніны КАЗАК:

— Раней наша вёска ўся танцавала — ад малога да вялікага! Як выхадныя, святы — усе ішлі на танцавальную пляцоўку. Але яе аднойчы знеслі, палічыўшы, што няма ў ёй патрэбы. Кіно ў клубе паказвалі, потым перасталі. У яго зараз наогул народу ходзіць менш, чым у гады, калі я была яшчэ маладуха. Можа, не так ужо цяперашняй моладзі трэба вясковае мастацтва. Не заўсёды разумею я яе: дык хоць нейкая забаўка, адцягненне ад хатніх клопатаў — прыйсці на канцэрт, самім паспяваць, патанчыць. Не, сядзяць па кутах, уперліся ў інтэрнэт. Самі па сабе людзі сталі жыць. Дзеткі ў клуб у гурткі і цяпер бегаюць, аднак па меры сталення астывае нешта ў іх душах, у адносінах да народнай культуры. А ў бібліятэцы дзяўчынак і хлапчукоў сустракаю, калі іх туды цягнуць не толькі кнігі, што ім абавязкова трэба прачытаць па школьнай праграме, і гэта, вядома, добра. Я ж на зіму звычайна шмат кніг набірала — праваслаўных у асноўным. Алексіевіч мяне ўразіла, яе “Цынкавыя хлопчыкі”: нават сэрца зайшлося. А зараз на часопісы па рукадзеллі перайшла.

Наведваючы вёскі, установы культуры якіх у выніку аптымізацыі былі, у лепшым выпадку, злітыя з аналагічнымі па профілі і пераехалі ў іншыя месцы; слухаючы апавяданні жыхароў пра тое, як паступова знікае “культурная” інфраструктура іх населеных пунктаў; закранаючы гэтыя тэмы ў сваіх матэрыялах, я стараюся не выглядаць нейкім абвінаваўцам кагосьці і чагосьці канкрэтнага — з імем і прозвішчам, з шыльдай на будынку. Вінаватымі можна прызнаць дэмаграфічную сітуацыю, эканамічную безгрунтоўнасць асобных суб’ектаў. Але вось толькі гэтыя мае разважанні ніяк не прыміраюцца з тым, што я часам бачу, едучы куды-небудзь у глыбінку. Дзе людзі — няхай іх там жыве менш за сто чалавек — у сваёй большасці маюць вялікую патрэбу ў культуры не з тэлевізара або гаджэта, а ў “жывой” і беларускай. А дзе-нідзе ўжо няма ні гарачых танцаў, ні гарачых песень, ні гарачых навінак літаратуры. “І што рабіць? — як казаў мой старадаўні прыяцель. — Бавіць вечары за культурным распіццём чаго-небудзь гарачыльнага?” І бавяць. Фізічна адчуваеш суцэльную тугу, што накрывае такія населеныя пункты, як быццам вымерлыя пасля бязлітаснай эпідэміі. Дзякуй Богу, Хатынічы яна не накрыла. Да таго ж, і колькасць насельніцтва аграгарадка расце, будуюцца навасельцы.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"