У Піліпаўку дзень паўдня

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

Спачатку пра самае галоўнае. У мінулым аглядзе пошты (№ 49 “К” ад 7 снежня) гаворка ішла пра два калектывы з агульнай назвай — “Мудрасць плюс”. Першы — народны тэатр Навагрудскага цэнтра культуры, другі — аматарскае аб’яднанне Ашмянскай райбібліятэкі. Не мог не заўважыць з гэтай нагоды, што згаданая таўталогія не робіць гонару творцам. Шчыра кажучы, не было часу высвятляць, хто прыдумаў такое найменне першы. За мяне гэта зрабіла кіраўнік тэатра з Навагрудка Іна Гайба. Яна патэлефанавала 9 снежня ў рэдакцыю і распавяла, што яе тэатр носіць згаданае імя пяць гадоў запар, а ў Ашмянах (як паведамілі ёй у аддзеле абслугоўвання раённай бібліятэкі) аб’яднанне з такім найменнем існуе толькі год. Дзіўна, што такая сітуацыя назіраецца ў межах адной вобласці. А цяпер давайце згадаем, колькі ў краіне калектываў з іменем, да прыкладу, “Жытніца”. Думаю, з дзясятак набярэцца. Яўнае парушэнне аўтарскіх правоў ды ігнараванне такога працэсу як думанне.

/i/content/pi/cult/775/16742/020.JPGЗа акном — Піліпаўка ці Воўчы дзень. Так, як вядома, называюць і свята напрыканцы лістапада, і вялікі пост, што доўжыцца аж да Каляд. Самыя вялікія зімовыя ночы — раздолле для ваўчыных зграй і падстава для зацяжной хандры. Не паддавайцеся! Зімовым піліпаўскім вечарам добра складаць вершы пра лета, спяваць разам з сям’ёй вясёлыя песні і пісаць змястоўныя лісты ў нашу “Культуру”. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Галіна Францкевіч так і робіць. У сваім чарговым пісьме распавяла пра калегу — Вольгу Багдановіч. Вольга Аляксандраўна — віртуозны повар. А калі ў Міхалішках, дзе яна жыве з сям’ёй, вызвалілася месца ў бібліятэцы, адразу пагадзілася на прапанову паспрабаваць сябе ў незвычайнай сферы. Ёсць людзі, якія ў любой прафесіі здольныя раскрыць сябе творча. Багдановіч — з такіх. Артыстычная, рухомая, з вострым розумам. Чатыры гады яна актыўна супрацоўнічае з сельсаветам, мясцовым сельгаспрадпрыемствам, лясніцтвам, бальніцай, школай і домам культуры. Здолела сфармаваць трывалую групу карыстальнікаў. У зоне абслугоўвання Вольгі Багдановіч — дзевяць вёсак з насельніцтвам каля тысячы чалавек. Палова — яе чытачы. “Бібліятэкар ідзе ў нагу з часам, — піша аўтар. — Выкарыстоўвае магчымасці буктрэйлераў, электронных кніжных выстаў, відэапрэзентацый… Паспявае папрацаваць і з дзецьмі, і са сталымі чытачамі”. Вельмі шкада, што такіх лістоў з замалёўкамі пра работнікаў культуры вельмі мала ў нашай пошце.

Жывём у чаканні навагодніх свят. Падборка навін менавіта пра гэта. Інга Гіз з аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК піша, што нават дождж не перашкодзіў запаліць агні на галоўнай ёлцы раённага цэнтра. У той жа вечар адбыўся конкурс “Самая арыгінальная карэта Дзеда Мароза”. А на Дзятлаўшчыне святочны парад узначалілі чатыры спартсмены на лыжаролерах. У кожнага на грудзях была лічба, а ўсе яны разам складалі лік 2020. Год Пацука ў Свіслачы адзначылі дэфіле ў гонар гэтага грызуна. Вікторыя Касцюк з аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці распавяла пра шэсце казачных герояў і пра ўдзел у пераднавагоднім мерапрыемстве арганізацый і прадпрыемстваў раёна. А ў Лідзе гламурныя Дзед Мароз ды Снягурка з’явіліся перад гараджанамі на белым лімузіне. Загадчык аддзела мастацкай творчасці Палаца культуры Бабруйска Наталля Кулікова піша пра выставу выцінанак Алены Нялюбінай, якія цудоўна дапоўнілі навагодняе ўбранне палаца.

Некалькі навін, прымеркаваных да Міжнароднага Дня інвалідаў. Метадысты Ашмяншчыны паведамляюць: “У сельскім клубе-бібліятэцы вёскі Сямернікі за круглым сталом гаворка ішла пра міласэрнасць і дабрыню”. А ў Палацы культуры Бабруйска, як паведамляе метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Кацярына Крылова, для выхаванцаў гарадскога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прайшоў канцэрт. Загадчык Мастоўскай раённай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Ярашук распавядае: “У нас таксама ёсць такі цэнтр. І мы таксама наладзілі для яго выхаванцаў святочную праграму, прысвечаную лялькам”. Пры Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя Восіпа Кавалеўскага дзейнічае клуб маладых інвалідаў “Вясёлка дабрыні”. Метадыст установы Алена Аліфяровіч піша: “Узроставы склад удзельнікаў — ад 26 да 42 гадоў. Праз зносіны, кнігі і чытанне імкнёмся стварыць умовы для творчай рэалізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі”. Намеснік дырэктара Шчучынскай райбібліятэкі Юлія Міхайлава даслала навіну пра дзень дабрыні ў Тур’янскай сельскай бібліятэцы. Юныя чытачы наведалі дом інвалідаў, уручылі падарункі. Аналагічныя мерапрыемствы адбыліся ў Ракавіцкай і Жалудоцкай бібліятэках. Акцыю “Кніга на дом” правялі для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы.

Палац мастацтваў Бабруйска актыўна дзейнічае ў самых розных кірунках. Чарговая інфармацыя адсюль — аб мерапрыемствах па прафілактыцы СНІДу. Сельская бібліятэка аграгарадка Каменны Лог, што на Ашмяншчыне, таксама прысвяціла названай праблеме гутарку са школьнікамі. Тэматычная праграма на гэтую тэму прайшла і ў Ашмянскім РЦК. Да слова, Ашмянскай гарадской бібліятэцы споўнілася 4 снежня 70 гадоў. Далучаемся да віншаванняў!

Наступная тэма — Год малой радзімы. І тут бабруйчанам ёсць што сказаць. Мастацкі кіраўнік гарадскога палаца Наталля Шулікова піша: “У Год малой радзімы кампанія “Гранд Мьюзік” — арганізатар канцэртнага тура Ларысы Грыбалёвай — запусціла праект па падтрымцы таленавітых дзяцей у рамках тура “Зорная краіна”. Вакальныя і харэаграфічныя нумары адбіраюцца для ўдзелу ў праграме Грыбалёвай у гарадах Беларусі. 7 снежня яна выступіла ў Бабруйску. Разам са спявачкай выступілі нашы калектывы — узорны тэатр песні “Шына-най” і народны вакальна-інструментальны гурт “Сонечны бок”. Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай райбібліятэкі Лаура Кунюціце распавядае пра сустрэчу з пісьменнікамі Эдуардам Акуліным і Леанідам Доранько-Майсюком. Мерапрыемства “Паклон табе, мой беларускі край” прымеркавана да Года малой радзімы. У сустрэчы бралі ўдзел мясцовыя літаратары, краязнаўцы. А бібліятэкар Пескаўскай сельскай бібліятэкі Галіна Гайдаш (Мастоўскі раён) паведамляе: “Малая радзіма — вялікая гісторыя” — пад такой назвай прайшло чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання для сталых людзей “Зносіны”. Прагучала гісторыя пра гісторыю вёскі, пра трагедыю пескаўскага гета”.

Вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Настасся Тарас піша пра фальклорны фестываль “Матуліна хата песнямі багата” ў аграгарадку Васілішкі. Ён сабраў не толькі мясцовых жыхароў, але і аматараў фальклору раёна.

Этнатэму працягвае рэдактар Полацкага РЦК Кацярына Паўловіч. Па яе словах, трэці год запар на Полаччыне ладзяцца маладзёжныя этнавечарынкі. Калісьці ў аграгарадку Гараны выбіралі лепшую нявесту. Летась — самага выбітнага жаніха. Сёлета ж у Фарынаўскі Цэнтр культуры і вольнага часу з’ехалася моладзь з розных куткоў раёна, каб паўдзельнічаць у “Вясковых агледзінах”. Падобныя вячоркі карысталіся папулярнасцю і ў нашых продкаў. Традыцыя адроджана. Гэтым разам у фармаце этнавечарынкі адбыліся майстар-класы па побытавых танцах ад народнага гурта “Галасы спадчыны” Багатырскага СДК.

Пагода пакуль не балуе. Туманы чаргуюцца з галаледзіцай. З гэтай нагоды супрацоўнік Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяна Бычанок паведамляе, што па прычыне слізкасці ледзяных паверхняў штогод толькі ў сталіцы атрымліваюць траўмы больш за пяць тысяч чалавек. Як не спасаваць пераднавагодні настрой? А запомніць трэба вось што. Уважліва глядзіце пад ногі, абыходзьце небяспечныя ўчасткі. Калі ледзяную “лужыну” немагчыма абмінуць, перасоўвайцеся, імітуючы хадзьбу на лыжах. Для ўстойлівасці рухацца трэба на крыху сагнутых нагах. Асабліва ўважлівымі варта быць пры снегападзе, дажджы, у ветранае надвор’е. Беражыце здароўе!

Пішыце пра цікавае. Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"