Небам адзіным…

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

У галерэі “Універсітэт культуры” прходзіла мастацкая выстава, прысвечаная 25-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Грузіяй. Сама назва выставы “Пад небам Грузіі і Беларусі” нібыта адсылае нас да радкоў Андрэя Вазнясенскага: “Родины разны, но небо едино. Небом единым жив человек”.

/i/content/pi/cult/775/16741/018.JPGТут варта дадаць, што па гістарычных мерках яшчэ зусім нядаўна мы лічылі радзімай велізарную прастору, пазначаную на палітычных картах чырвонай фарбай і абрэвіятурай “СССР”. Людзі пакалення, якое памятае той час, і сёння не ўспрымаюць Грузію замежжам. У любым выпадку сантымент да гэтай краіны ў беларускім грамадстве ёсць. Памятаючы, як высока цанілі ў савецкі час грузінскую самабытнасць, многія ў Беларусі і дагэтуль цікавяцца тым, што адбываецца ў мастацтве гэтай закаўказскай рэспублікі.

Выстава якраз і з’яўляецца сведчаннем такой цікаўнасці і, калі хочаце, знакам ментальнага паразумення нашых краін. Самі карціны, за малым выключэннем, наўпрост не звязаныя з грузінскай тэматыкай, але ўспрымаюцца як вобразнае водгулле ўспамінаў пра экзатычную краіну накладзенае на іншую рэчаіснасць. Творчасць Андрэя Смаляка, Сяргея Рымашэўскага, Леаніда Данеліі, Валянціна Губарава аматарам мастацтва добра вядомая, прынамсі — у нашай краіне. Але ў дадзеным выпадку глядач мае магчымасць не толькі аднавіць у памяці бачанае раней, але і сустрэцца з творамі, што раней не экспанаваліся. У прыватнасці, гэта новыя тэатральныя партрэты Андрэя Смаляка. Для мастака важна пабачыць тое, што робіцца на сцэне не з глядзельнай залы, а з боку куліс. Гэта як зазірнуць у душу акцёра, асэнсаваць ягоную падвоеную свядомасць, як ваганне паміж уяўнай рэчаіснасцю і брутальнай віртуальнасцю. Убачыць за кідкім перыстым карнавальным касцюмам самотную, часта безабаронную душу.

На карцінах Сяргея Рымашэўскага ўсе людзі — дзеці, нават калі яны дарослыя; а матэрыяльны свет — адбітак казак, якімі маці калыхаюць немаўлят. Мала хто здольны з гадамі захаваць уласцівы дзецям незамутнёны погляд на рэчаіснасць. А калі ў каго атрымліваецца, дык не ведаеш зайздросціць яму ці спачуваць. Менавіта так я ўспрымаю карціны Рымашэўскага.

Леанід Данелія спалучае ў сваіх работах розныя часовыя пласты такім чынам, што глядач можа адчуваць час як катэгорыю прастораваю. А Валянцін Губараў, хоць і паездзіў па свеце, бачыў сталіцы і мегаполісы, усё адно паўсюль знаходзіць знаёмую з дзяцінства правінцыю — “глыбінку”. Звычайна ягонае мастацтва класіфікуюць як “наіўнае”, а па мне дык спадар Валянцін — мудры творца, які ведае, што правінцыя — не геаграфія, а стан душы і лад мыслення.

Тамара Батакова-Мацвеенка — мастак-манументаліст. Але, бадай, кожнага прафесіянала, навучанага працаваць з вялікімі аб’ёмамі, цягне калі-нікалі да мастацтва камернага. Асабліва, калі няма заказаў на манументальныя творы. Гэту прагу мастак рэалізуе ў краявідах. На выставе яна прадставіла горныя пейзажы.

Кахабер Гагохія — адзіны сярод удзельнікаў выставы ўраджэнец Закаўказзя. У стылістыцы на мяжы абстракцыі і містыкі ён адлюстроўвае легенды сваёй радзімы.

Цікава ўявіць падобную выставу ў Грузіі. Што бы прадставілі на ёй грузінскія мастакі ў якасці водгука на падзею, у роўнай ступені важную для іх краіны і Беларусі?

/i/content/pi/cult/775/16741/019.JPG

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"