Шыфры астральных падарожжаў

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

У пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь рэалізаваны на грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь новы праект — “Сусвет Язэпа Драздовіча”. Гэта свайго роду міждысцыплінарнае даследаванне спадчыны мастака.

/i/content/pi/cult/775/16740/017.JPGСпадчына Драздовіча, вядомая даследчыкам на сённяшні дзень, багатая і шматгранная. Гэта замалёўкі, партрэты, сюжэтныя творы, альбомы, рукапісныя сшыткі, дзе адлюстраваны мінуўшчына Беларусі, яе рэчаіснасць і футуралагічныя разважанні аўтара. Асобнае месца ў спадчыне Язэпа Драздовіча займае тэма космасу, якая стала ўвайшла ў ягоную творчую практыку яшчэ ў 1930-я гады. Можна сказаць, што ён плённа працаваў у гонар музы астраноміі — Ураніі.

Для характарыстыкі касмічнай тэмы ў творчасці Драздовіча пасуюць словы аднаго з герояў кнігі Станіслава Лема “Салярыс”: “Мушу вам сказаць, што мы зусім не хочам заваёўваць космас. Мы хочам пашырыць Зямлю да ягоных межаў. Мы не ведаем, што рабіць з іншымі сусветамі. Нам не трэба іншых сусветаў. Чалавеку патрэбны чалавек”. Інакш кажучы, мастак пераносіў на іншыя планеты сваё ўяўленне пра тое, якой магла быць Зямля калі б цывілізацыя развівалася не ў тэхнакратычным кірунку, а паводле (з вялікай літары) Гармоніі, калі б у жыцці панавала Прыгажосць. Драздовіч, відаць, здолеў бы паразумецца з ангельцам Уільямам Морысам, які клікаў людзей “назад, да прыроды”, і якога, дарэчы, апаненты называлі “інтэлектуальным лудзітам”.

У 1931 годзе Драздовіч выдаў брашуру “Нябесныя бегі”, на працягу жыцця рабіў малюнкі, палотны, якімі ілюстраваў свае касмічныя “падарожжы”. Мастак лічыў, што валодае дарам яснабачання, бо ягоныя, як сказалі б мы сёння, віртуальныя наведванні іншых планет, якія ён здзяйсняў праз “паветракінапалётныя вандроўкі” ў самнамбулістычным сне, былі не толькі пра рэчаіснасць , але і пра будучыню.

“Касмічны праект” Язэпа Драздовіча — гэта жывапіс, графіка і тэксты з апісаннямі яго “начных візіяў” — астральных падарожжаў на Месяц, Сатурн, Марс і іншыя планеты. Тэксты падрабязна вытлумачваюць сэнс выяў на жывапісных палотнах і графічных аркушах. Выявы і тэксты складаюць непарыўнае цэлае.

У аснову новай мультымедыйнай экспазіцыі “Сусвет Язэпа Драздовіча” пакладзены тэматычны прынцып адбору твораў. Сам мастак надаваў сваім работам касмічнай тэматыкі надзвычайнае значэнне і лічыў іх галоўнай справай усяго свайго жыцця. І менавіта гэтыя абсалютна фенаменальныя, ні да чаго не падобныя творы Драздовіча выклікаюць найбольшую цікавасць шырокай аўдыторыі як у нашай краіне, так і за мяжой. Больш за тое, гэтыя творы істотна пашыраюць традыцыйныя ўяўленні пра асноўныя напрамкі развіцця нашай нацыянальнай культуры, раскрываюць яе ўнікальнасць, самабытнасць і здольныя стаць адной з “візітовак” Беларусі.

Большасць яго мастацкіх работ, прысвечаных жыццю на Месяцы, Марсе і Сатурне, папросту немагчыма цалкам зразумець без ведання адпаведных тэкстаў. Можна сказаць, што ў дадзеным выпадку мастацкія творы пры ўсёй іх самадастатковасці з’яўляюцца своеасаблівымі ілюстрацыямі да тэкстаў.

Любімай планетай мастака быў Сатурн. Ён лічыў, што на абручах Сатурна ёсць жыццё, у нечым падобнае да зямнога. Насельнікі кольцаў Сатурна маюць невялікі рост і вылучаюцца выразнай адметнасцю — у іх вочы без бялкоў. Займаюцца яны пераважна земляробствам, вырошчваюць садавіну і гародніну. Акрамя таго, Драздовіч адзначаў, што жыхары Сатурна, хоць не валодаюць пісьмом і нават маўленнем, аднак маюць вялікую цікавасць да розных навук. У кожнай земляробча-агародніцкай калоніі пабудавана астранамічная абсерваторыя, а таксама школы, якія ўяўляюць з сябе сапраўдныя навуковыя музеі, дзе наглядна перадаюцца ўсе неабходныя веды.

На Марсе, паводле Язэпа Драздовіча, пераважаюць пустэльні, у якіх сустракаюцца аазісы з кедравымі лясамі. Фаўна тут небагатая. Насельнікі Марса мала чым адрозніваюцца ад зямлян, хіба што яны звычайна сутулаватыя і амаль не маюць шыі. Мастак вылучае некалькі рас марсіян. Асноўны занятак насельнікаў Марса — садаводства. Марсіяне — пераважна вегетарыянцы. Жывёл яны гадуюць толькі для перавозак, запрагаючы іх у свае двуколкі. Таксама не маюць яны пісьма і лічбаў. Адукацыя вядзецца вусна і наглядна ў школах-акадэміях пад адкрытым небам.

Насельнікі Венеры, паводле Драздовіча, жывуць пераважна па берагах азёраў і мораў у паселішчах, якія патанаюць у зеляніне. Лад жыцця венерыянаў мастак называе “культурна-гігіенічным”. Асноўны занятак насельнікаў гэтай планеты — рыбалоўства. Караблёў-параходаў у іх няма, але на сваіх парусных чаўнах яны здольныя рабіць далёкія рэйсы “кругом сваёй планеты, заязджаючы нават аж на асяродак начнога боку, дзе з-пад зеніту парою свеціць ім нашая Зямля як найярчэйшая між зоркамі заранка”.

Разважаў Язэп Драздовіч і пра ўладкаванне гарадоў на Месяцы: Арыяпаля, Трывежа, Аргентона, Артаполіса, Граніт-Сталіцы... Абапіраючыся на сапраўдную тапаграфічную карту Месяца, якая існуе з ХVII стагоддзя і дзе на рэльефе Месяца былі пазначаны і атрымалі пэўныя назвы горы, кратары і знакамітыя “моры” (цёмныя плямы на паверхні планеты), Язэп Драздовіч дадаў карты чыгуначных шляхоў, краін і гарадоў. Самыя знакамітыя месцы, безумоўна, — горад Трывеж, пушча Заўрыдыя і гара Сігнал ля кратара Платона. У сваіх дзённіках, разважаючы пра будучыню, ён пісаў: “І ад гэтага часу для нашых турыстаў Платонія зробіцца як самае найцікавейшае месца луннага свету”.

Сапраўды, у сваіх дзённіках і рукапісах Драздовіч рабіў прароцтвы, распавядаў пра “Піянераў Зямлі”, пра тых, хто прыляціць на Месяц: “…высокага росту мужчыны ў блакітнага колеру вопратках - матросках, са штанамі навыпуск і з разнакаляровымі (у блакітны і белы з чырвонымі палоскамі, пад колер амерыканскага USA флага) барэтамі на галавах… нашыя землякі-еўрапейцы. Міжпланетарныя турысты” (1935 год).

Музейны інтэрактыўны праект дазваляе адначасова ўбачыць творы і прачытаць тлумачальныя тэксты да іх. Дзякуючы сучасным тэхналогіям падобны падыход не абмежаваны колькасцю твораў.

Жывапісныя і графічныя работы Язэпа Драздовіча касмічнай тэматыкі знаходзяцца ў розных музеях Беларусі. Рукапісныя тэксты з апісаннямі “астральных падарожжаў” касмічнай тэматыкі асобна ніколі не публікаваліся. На жаль, гістарычна склалася так, што большасць тлумачальных рукапісных тэкстаў да мастацкіх твораў Драздовіча пра жыццё на іншых планетах захоўваецца ў Бібліятэцы імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы (фонд Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні) і ўсяго некалькі — у нашай краіне, у фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (напрыклад рукапісная кніга “Дзе мы і хто мы? Бяседы аб утварэнні свету. Небазнаўства”, 1937 год). З дапамогай кандыдата філалагічных навук Ліі Кісялёвай удалося расшыфраваць гэтыя рукапісы і зрабіць іх агульнадаступнымі.

Віртуальны архіў-музей на афіцыйным сайце музея дазваляе спалучыць жывапісныя і графічныя выявы з вытлумачальнымі тэкстамі, якія захоўваюцца за мяжой нашай краіны. Урыўкі з тэкстаў падаюцца ў арыгінале і ў перакладзе на рускую і англійскую мовы.

Вольга АРХІПАВА, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва НММ РБ