Прайм-тайм: перайсці FM-Рубікон

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

На мінулым тыдні лічба “75” ізноў сустракалася ў медыяпрасторы часцей за іншыя. Журналісты, блогеры і наведвальнікі інтэрнет-форумаў актыўна абмяркоўвалі новаўвядзенні, датычныя прысутнасці айчыннай музыкі на FM-хвалях: з 15 верасня 75-працэнтная норма становіцца абавязковай у прайм-тайм. Таму “хітрыкі”, на якія ішлі некаторыя станцыі, ствараючы для беларускіх песень рэзервацыю ў начным эфіры, застаюцца ў мінулым. А вось дэталі і каментарыі наконт гэтай ініцыятывы ў розных крыніцах сустракаюцца самыя разнастайныя. Таму бурлівыя эмоцыі часцяком грунтуюцца на фактах, якія не зусім адпавядаюць рэчаіснасці. Адзіным слушным выйсцем у гэтай сітуацыі падалося пачуць адказы на пытанні адносна эфірных інавацый непасрэдна “з першых вуснаў” — ад намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра СЛАБАДЧУКА.

 /i/content/pi/cult/174/1674/Prajm.jpg
Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі БеларусьАляксандр Слабадчук.

— Дык што ўсё ж такі адбудзецца 15 верасня?
— Ніякіх рэвалюцыйных змен у FM-дыяпазоне на гэты дзень не запланавана. Проста, будзе зроблены чарговы крок у дбайным выкананні пастаўленых дзяржавай задач, скіраваных перадусім на развіццё беларускай культуры. Сёння ўсе радыёстанцыі прытрымліваюцца 75-працэнтнай квоты на беларускую музыку, але некаторыя з іх — падкрэслю: далёка не ўсе — ставяцца да гэтай справы фармальна, і песні айчынных выканаўцаў на іх хвалях гучаць у найменш рэйтынгавы час — скажам, уночы, калі радыё амаль ніхто не слухае.
Таму мы прапанавалі ўсім радыёстанцыям у верасні змяніць сетку свайго вяшчання такім чынам, каб айчынная музыка гучала менавіта ў прайм-тайм, займаючы тры яго чвэрці.
— Ці ёсць дакладныя межы паняцця “прайм-тайм”? У прэсе можна сустрэць досыць дзіўныя яго трактоўкі: скажам, з 7 і да 22 гадзін...
— Такая трактоўка няслушная. Прайм-тайм, або рэйтынгавы час, — гэта адмежкі ад 7 да 10 раніцы, з 12 да 15 і з 19 да 22 гадзін. Таму варта адзначыць, прынамсі, дзве акалічнасці. Па-першае, увесь астатні час плей-ліст радыёстанцый рэгламентавацца не будзе. І, па-другое, часавыя межы гэтага паняцця могуць ссоўвацца ў залежнасці ад канкрэтных выпадкаў. Скажам, калі ў сетцы вяшчання той ці іншай радыёстанцыі размясцілася аўтарская перадача, якая пачынаецца апоўдні, мы не будзем прымушаць радыйшчыкаў пераносіць яе на іншы час і замяняць музычным блокам. Тое ж самае тычыцца і праграм па заяўках.
Прапанаваная намі канцэпцыя вяшчання — зусім не жорсткая схема, наадварот: мы практыкуем індывідуальны падыход, з улікам творчых асаблівасцей вяшчання кожнай станцыі, якія, безумоўна, вымагаюць павагі. Новаўвядзенні не павінны кардынальна закрануць сетку вяшчання, пазбавіць станцыю звыклага для слухачоў аблічча.
— Якую рэакцыю ваша ініцыятыва выклікала ў асяроддзі радыйшчыкаў?
— Некаторыя з іх баяцца змяншэння ўвагі рэкламадаўцаў і, адпаведна, грашовых паступленняў. Тым болей, рэкламны час у прайм-тайм, вядома ж, найдаражэйшы.
Не буду адмаўляць гэтую праблему, аднак не лічу яе невырашальнай. Проста, грошы трэба умець зарабляць, і, калі разабрацца, гэтай магчымасці мы нікога не пазбаўляем. Але, у той самычас, не варта забывацца і на сваю культурную місію: папулярызаваць айчынную музыку, спрыяць яе развіццю. Пагадзіцеся, было б вельмі недарэчным, калі б замежнік, які прамінае нашу краіну транзітам на сваім аўтамабілі, за праведзеныя тут гадзіны не пачуў ніводнай беларускай песні, ніводнага слова на нашай мове. Як тады яму давесці, што ён падарожнічае па тэрыторыі незалежнай дзяржавы з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі? Таму грошы грашыма, але трэба заўжды думаць і пра нацыянальныя гонар і годнасць.

Калі Мадонна — “made in Belarus
— Аднак беларускамоўны сегмент музычнага эфіру па-ранейшаму мізэрны. Таму чутны і прапановы стварыць пэўную квоту і для яго.
— Шчыра кажучы, мне шкада, што гэтае пытанне наогул у нас паўстае. Чаму трэба кагосьці прымушаць ставіць у эфір песні па-беларуску? Гэтая патрэба павінна быць цалкам натуральнай — бо яна адлюстроўвае пачуццё нацыянальнай годнасці. Тым болей, у нас назапашана цэлая скарбонка выдатных музычных твораў з сакавітым беларускім словам: ад знакамітых на ўвесь свет “Песняроў” да самых сучасных рытмаў.
Беларуская мова павінна гучаць на радыёхвалях, гэта несумненна. Таму рэкамендацыі, з якімі мы нядаўна звярнуліся да FM-станцый, утрымліваюць і пажаданне павялічыць аб`ём беларускамоўных твораў. Спадзяюся, людзі, якія вызначаюць музычную палітыку станцый, да іх прыслухаюцца. Бо адміністрацыйным рэсурсам, як кажуць, усё не зробіш. Хацелася б, каб жаданне як найчасцей чуць у эфіры родную мову арганічна сфарміравалася ў сэрцах і свядомасці кіраўнікоў і дзі-джэяў радыёстанцый.
— Паняцце “беларуская музыка” радыйшчыкі часам трактуюць досыць адвольна...
— Крытэрый “беларускасці” сапраўды даволі размыты, і мы не ставілі перад сабой мэту яго звужаць. Таму пад беларускай музыкай можна разумець і выхадцаў з нашай краіны, якія цяпер жывуць у Расіі, — скажам, Антонава або Свірыдаву, і замежныя кампазіцыі, якія гучаць у новай аранжыроўцы, зробленай у нас. Магчыма, такое пашырэнне межаў гэтага паняцця падаецца камусьці не вельмі справядлівым, але мы прымаем яго ўжо хаця б таму, што такім чынам ствараецца дадатковы стымул для развіцця айчыннай музыкі. Робячы рэмікс, скажам, на песню Мадонны, беларускі дзі-джэй усведамляе, што вынік яго працы павінен быць не горшы за арыгінал. І гэта — адказнасць, гэта стымул для росту. 

“Імёны нашых выканаўцаў сёння ва ўсіх “на слыху”
— Паколькі лабіраванне айчынных выканаўцаў на FM-хвалях мае гісторыю, напэўна, ужо можна падвесці “прамежкавыя” вынікі. На вашу думку, ці істотна паўплывала гэтая ініцыятыва на стан беларускай музыкі?
— Безумоўна. З’явіўся цэлы пласт маладых выканаўцаў, іх імёны сёння ва ўсіх “на слыху”, а некаторых ужо можна назваць зоркамі. З іншага боку, колькасць пакуль не заўсёды пераходзіць у якасць.
— Таму на брак прыдатнага для эфіру матэрыялу айчыннай вытворчасці музрэдактары станцый скардзяцца у адзін голас...
— Мне даводзілася сустракацца з творчымі калектывамі фактычна ўсіх станцый Мінска, і таму сапраўды магу засведчыць: у сярэднім фанатэка FM-станцыі змяшчае трохі больш за тысячу кампазіцый беларускіх артыстаў, але рэгулярна з’яўляюцца ў эфіры ўсяго 250 — 300. Прычынай таму — нізкая якасць астатняга матэрыялу, як тэхнічная, так і творчая. І прыток новай якаснай музычнай прадукцыі пакуль што не дужа вялікі.
Але тут хацелася б асобна падкрэсліць: не трэба зацыклівацца адно на поп-музыцы! У нас багата прафесійных твораў, прыналежных да самых розных стыляў. Хацелася б, каб усе яны былі прадстаўлены на радыёхвалях. Тым болей, што лабіраванне беларускай музыкі прызначана спрыяць яе развіццю ва ўсёй стылістычнай разнастайнасці. Вядома, не нам вызначаць фармат той ці іншай станцыі, але дзіўна, калі па-за гэтымі рамкамі апынаюцца правераныя часам імёны, з якімі беларуская музыка асацыіруецца ва ўсім свеце.
Безумоўна, усе мы з нецярплівасцю чакаем з’яўлення новых талентаў, супастаўляльных па маштабах з Уладзімірам Мулявіным, Ігарам Лучанком, Міхаілам Фінбергам ды іншымі мэтрамі. Але толькі чакаць, пагадзіцеся, замала. Для гэтых талентаў трэба стварыць урадлівую глебу, у тым ліку і праз эфірную палітыку, ставячыся да беларускіх выканаўцаў з павагай, а не гвалтоўна абразаючы іх песні ў эфіры, як гэта, на вялікі жаль, нярэдка назіраецца сёння. З боку радыйшчыкаў гэта недапушчальная абраза ў дачыненні да аўтара і выканаўцы.
— Часта крытыку спараджае ўжо толькі выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу ў рэгуляванні радыёпрасторы...
— Гэтыя меры вымушаныя. Вельмі спадзяюся, што калісьці настане момант пераадолення пэўнага Рубікона, і нікога ўжо не трэба будзе прымушаць рабіць свой унёсак у папулярызацыю айчыннай музыкі — заснавальнікі радыёстанцый, іх дырэктары і дзі-джэі будуць самі ўсведамляць гэтую сваю місію. Але пакуль мы павінны зыходзіць з дзяржаўных пазіцый, робячы ўсё, каб беларуская музыка гучала на прасторах роднай Беларусі. І адасабляць сябе ад тых глабальных культурных працэсаў, якія сёння адбываюцца ў краіне і ў свеце, FM-станцыі не маюць права.Тым болей, лабіраванне айчыннай музыкі ў радыёэфіры характэрна не толькі для Беларусі. Падобныя нормы ёсць у такіх дзяржавах, як Францыя і Украіна, дзе нацыянальны шоу-бізнес развіты куды больш, як у нас.

“Кропкавыя” захады замест“палітыкі бізуна”
— Інавацыі носяць рэкамендацыйны характар. Але што будзе, калі станцыі да вашых парад не прыслухаюцца?
— Я не прыхільнік “палітыкі бізуна”, але калі паразумення нам дасягнуць не ўдасца, пэўныя захады з нашага боку не прымусяць сябе чакаць. Будзем выходзіць на заснавальнікаў станцый і шукаць паразумення з імі. Паспрабуем пераканаць іх, што грамадзянін, які жыве ў сваёй краіне і любіць уласную культуру, заўсёды павінен спрыяць яе папулярызацыі.
— На пачатку 75-працэнтная норма ўспрымалася радыйшчыкамі “ў штыкі”. Пагаворвалі нават пра хуткую смерць усяго рынку. Ці змянілася ўспрыманне гэтай ініцыятывы за мінулыя тры з паловай гады?
— Часу прайшло зусім небагата, але такіх песімістычных прагнозаў ужо ніхто не выказвае. Мы бачым, што рынак жыве і развіваецца. Беларуская музыка прыжылася ў эфіры і не выклікае такога адпрэчвання, як нярэдка было раней. Таму і “кропкавыя” захады, якія сталі тэмай нашай з вамі гутаркі, цяпер падаюцца актуальнымі.
— Даруйце за асабістае пытанне: ці часта вам самому надараецца бываць у ролі шараговага слухача?
— Так, у маім кабінеце ёсць радыёпрыёмнік, і зазвычай ён працуе за выключэннем тых выпадкаў, калі даводзіцца засяроджвацца над важнымі дакументаміабо, як цяпер, прымаць наведвальнікаў. Вядома, гэтая цікавасць да FM-эфіру ў пэўнай меры прафесійная. Але і чыста са слухацкага пункта гледжання магу адзначыць, што беларускія радыйшчыкі паспяхова развіваюцца, імкнучыся ўжо папраўдзе да еўрапейскага ўзроўню. У тым, што ён з часам будзе дасягнуты, не можа быць нават сумневу.

Гутарыў Ілля СВІРЫН
Фота аўтара