Тапаграфія болю адбудаванага горада

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

Мы ведаем пра існаванне супраціву акупантам, ведаем, што захопнікі супраць яго змагаліся — але часта нават не задумваемся, дзе менавіта адбываліся тыя ці іншыя падзеі, нават вядомыя нам са школьных падручнікаў, не ўяўляем, дзе дакладна жылі і дзейнічалі героі і антыгероі ваеннай пары. Як зрабіць гэтыя месцы заўважнымі і трывала замацаванымі ў грамадскай свядомасці? І галоўнае — як зберагчы будынкі, якія яшчэ захоўваюць памяць аб тых трагічных падзеях? Як памяць пра мінулае можа ўратаваць каштоўныя будынкі, і чаму помнік не заўжды можна пазнаць толькі па знешнім выглядзе.

/i/content/pi/cult/775/16737/012.JPGЭкскурсіі і музеі

Сёлета ўвосень, калі краязнавец Цімафей Акудовіч прапанаваў мне зладзіць экскурсію па мясцінах, звязаных з дзейнасцю мінскага падполля, мы сутыкнуліся з праблемай высвятлення той самай тапаграфіі тэрору. Сучаснае архітэктурнае аблічча Мінска значна адрозніваецца ад таго, як горад выглядаў перад пачаткам вайны. І рэч нават не ў ваенных разбурэннях, хаця і яны мелі жахлівыя маштабы. Сітуацыя ўскладняецца тым, што, хаця даследчыкам і вядомы прыкладны спіс канспіратыўных кватэр мінскага падполля, пераважная большасць іх знаходзілася падалей ад цэнтра, занятага ўстановамі акупантаў, на гарадскіх ускраінах, у драўляных дамах. На жаль, гэтыя будынкі збольшага былі зруйнаваныя цягам пасляваенных дзесяцігоддзяў, дзе-нідзе зніклі нават цэлыя вуліцы і іх назвы — і цяпер зарыентавацца ў падпольным Мінску не так проста.

Таму для стварэння пешага экскурсійнага маршруту па мясцінах, звязаных з гісторыяй супраціву, давялося звярнуць увагу не ў апошнюю чаргу на месцы, дзе размяшчаліся карныя і прапагандысцкія органы, якія супрацьстаялі падпольшчыкам, і на месцы зняволення. Ведаць структуру, функцыі і спецыфіку дзейнасці гэтых органаў проста неабходна, каб лепш разумець, супраць якога каварнага і дасведчанага ворага даводзілася змагацца мінскім падпольшчыкам, і якую пагрозу ўяўлялі нацысцкія карнікі для мірных мінчукоў. У Мінску функцыі гестапа выконвала СД — унутраная служба бяспекі СС. Не адставаў ад яе і абвер — вайсковая разведка, якая ў Мінску займалася знішчэннем падполля і дасягнула ў гэтым ці не яшчэ большых “поспехаў”, чым калегі з СД.

У Беларусі, дзе памяць аб вайне яшчэ не дарэшты забытая і жывая нават на ўзроўні фальклору і гарадскіх легенд, у любым горадзе амаль пра кожны даваенны будынак вам могуць распавесці: маўляў, тут падчас вайны было гестапа ці абвер. Вядома, часта гэта толькі чуткі альбо фантазіі. І парадаксальным чынам, часта з масавай памяці сціраюцца сапраўдныя месцы, звязаныя з гісторыяй нацысцкага тэрору. А менавіта такія мясціны і будынкі патрабуюць мемарыялізацыі і музеефікацыі ці не ў першую чаргу — асабліва, калі яны былі звязаныя з гібеллю ахвяр.

Карнікі і турмы

Нямногія, акрамя даследчыкаў перыяду акупацыі, памятаюць, напрыклад, што ў Мінску галоўнае ўпраўленне СД знаходзілася ва ўніверсітэцкім гарадку, у дарэвалюцыйным будынку, які стаяў на месцы, дзе цяпер пляцоўка і праезная частка перад галоўным корпусам БДУ. Сам будынак Інстытута народнай гаспадаркі, дзе размяшчаўся гэты карны орган, моцна пацярпеў ад бамбардзіровак, а немцы ўзарвалі яго перад адступленнем. Падмуркі і падвалы, дзе знаходзілася следчая турма СД, у якой пакутвалі патрыёты, разабралі ў пасляваенныя гады падчас расчысткі тэрыторыі будучай плошчы Незалежнасці. Пра гэтыя трагічныя старонкі гісторыі ўніверсітэцкага гарадка можна было б больш падрабязна распавесці ў экспазіцыі музея гісторыі БДУ — ён знаходзіцца акурат у галоўным корпусе гэтай навучальнай установы. Захаваліся нават лісты мінскіх падпольшчыкаў з апісаннем побыту ў турме СД, выгляду камер і планаў падрыхтоўкі ўцёкаў — гэта ж гатовая аснова для мемарыяльнай экспазіцыі.

Яшчэ цікавей сітуацыя з мінскімі адрасамі абвера — мясцовая штаб-кватэра гітлераўскай вайсковай разведкі, якая прыклала руку да шэрагу правалаў падполля, знаходзілася таксама ў адным з карпусоў БДУ, але ён захаваўся да нашых дзён — цяпер тут, на вуліцы Карла Маркса, 31, размяшчаюцца філалагічны і эканамічны факультэты ўніверсітэта. Пра “ваенную” старонку гісторыі будынка, на жаль, многія нават не здагадваюцца.

Яшчэ адно месца ў Мінску, звязанае з гісторыяй падполля і супрацьстаяння захопнікам — так званы Пішчалаўскі замак на вуліцы Валадарскага, дзе сёння размяшчаецца следчы ізалятар. У гады акупацыі акурат тут утрымлівалі асноўную масу арыштаваных удзельнікаў падполля ці западозраных у сувязі з ім. СІЗА неўзабаве мусіць перабрацца ў іншы будынак, ужо ўзведзены непадалёк ад горада, а далейшы лёс турэмнага замка, які з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя, яшчэ чакае свайго вырашэння. Несумненна, што ў будынку з такой багатай гісторыяй таксама хацелася пабачыць экспазіцыю, якая распавядала б, у тым ліку, і аб гісторыі зняволеных тут падпольшчыкаў і мірных жыхароў Мінска часоў апошняй вайны. Дакументы сведчаць аб неаднаразовых спробах уцёкаў і ўзброенага паўстання вязняў турмы — гэтыя гісторыі маглі б легчы ў аснову экспазіцыі, прысвечанай гісторыі антыгітлераўскага супраціву ў сценах турмы.

Лагеры для ваеннапалонных і мірных жыхароў

Асобную катэгорыю месцаў памяці аб трагедыі вайны і акупацыі складаюць шматлікія лагеры, дзе ваеннапалонныя і мірныя жыхары ўтрымліваліся ў нялюдскіх умовах, і месцы масавых забойстваў. У Мінску найбольш вядомымі з іх з’яўляюцца лагер смерці ў Малым Трасцянцы і лагер ваеннапалонных у Масюкоўшчыне.

Месца размяшчэння лагера смерці Трасцянец, які па колькасці ахвяр займае чацвёртае месца сярод усіх нацысцкіх лагераў смерці, доўгія гады пасля вайны заставалася занядбаным. Аб трагедыі, якая разгарнулася тут у часы акупацыі, нагадвалі толькі сціплыя памятныя знакі на месцы масавага знішчэння вязняў — само ж месца, дзе знаходзіўся лагер, заставалася ніяк не пазначаным. Галоўны абеліск, які ўшаноўваў памяць ахвяр лагера, паўстаў у пасляваенныя гады за пару кіламетраў ад самога лагера і месцаў знішчэння яго ахвяр. Такі падыход ствараў блытаніну і з часам сціраў памяць пра рэальнае месца тых трагічных падзей. Толькі адносна нядаўна, у апошняе дзесяцігоддзе, пачалося добраўпарадкаванне тэрыторыі, якую займаў лагер, праведзеныя археалагічныя даследаванні на месцы яго карпусоў, якія цяпер адпаведным чынам пазначаныя над паверхняй зямлі. Упершыню за пасляваенныя гады мемарыял з’явіўся таксама на месцы масавых забойстваў вязняў лагера ва ўрочышчы Благаўшчына.

Крыху іначай пакуль выглядаюць справы ў Масюкоўшчыне, дзе знаходзіўся лагер ваеннапалонных — шталаг 352. Мемарыял на адным з месцаў пахавання ахвяр лагера быў створаны яшчэ ў 1950-я гады, а вось сама тэрыторыя, дзе ўтрымлівалі вязняў, доўгі час заставалася занятай спачатку лагерам ужо для нямецкіх ваеннапалонных, а пасля — вайсковым гарадком. Да нашых дзён захаваўся шэраг лагерных будынкаў, якія ўтрымліваюць памяць аб трагедыі шталага 352.

Сёння, калі гэты раён актыўна рыхтуецца да новага будаўніцтва, паўстала пытанне аб захаванні часткі старой забудовы, звязанай з гісторыяй лагера. Увосень былі зруйнаваныя аднапавярховыя памяшканні баракаў, дзе некалі таксама жылі і працавалі ваеннапалонныя. Падчас зносу на драўляных перакрыццях тут выявілі некалькі дзясяткаў надпісаў з прозвішчамі вязняў — так яны імкнуліся захаваць памяць аб сабе. Мясцовыя жыхары сведчаць, што раней падобныя надпісы знаходзілі і ў іншых будынках лагера. З дапамогай высветленых імёнаў ваеннапалонных энтузіясты спадзяюцца ўсталяваць сувязь з іх нашчадкамі і атрымаць новую інфармацыю пра лёс вязняў.

А вось двухпавярховай казарме 1937 года пабудовы пашанцавала больш. Будынку, дзе некалі знаходзіўся лагерны лазарэт, прапаноўваюць надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а тэрыторыю вакол яе хочуць захаваць як сквер. Магчыма, некалі і тут з’явіцца мемарыял на памяць аб ахвярах шталага 352, а ў будынку казармы-лазарэта магла б змясціцца экспазіцыя, прысвечаная гісторыі лагера. Хаця праект казармы і тыпавы, але ж гістарычны лёс яе — зусім не тыповы.

Месцы забойстваў нявінных ахвяр

Сумны прыклад знікнення памяці аб рэальным месцы трагічных падзей — гісторыя Тучынкі. Месца, дзе нацысты здзейснілі ў лістападзе 1941 года першую ў Мінску масавую акцыю знішчэння яўрэяў, застаецца, фактычна, забытым і невядомым у шырокіх колах. Кар’еры цагельных заводаў у раёне вуліцы Харкаўскай, дзе адбываліся масавыя забойствы каля 14 тысяч чалавек, пазней былі зраўнаныя з паверхняй зямлі, і на іх месцы з’явілася прамысловая зона з галіной чыгункі.

Аб Тучынцы сёння нагадваюць назвы размешчаных непадалёк сквера і завулка, а таксама помнік, адкрыты ў 2008 годзе ля Кальварыйскіх могілак — але ён знаходзіцца за кіламетр ад месца трагедыі. Адзіным напамінам пра злавесныя кар’еры застаўся будынак колішняй цагельні на Харкаўскай, 7. Кажуць, яшчэ ў 1990-х хадзілі пагалоскі, што тут пажадана было б стварыць музей памяці ахвяр Халакосту, але гэтыя планы пакуль так і не спраўдзіліся. Дарэвалюцыйны прамысловы будыначак не вылучаецца адметнасцямі архітэктуры — але можа быць каштоўны як апошні сведка трагедыі.

Яшчэ адна катэгорыя ахвяр нацызму, памяць аб якой доўгі час не была ўшанаванай — пацыенты псіхіятрычных бальніц. Іх гітлераўцы масава знішчалі ў Мінску самымі рознымі спосабамі — расстрэльвалі, падрывалі выбухоўкай, уводзілі смяротныя ін’екцыі, труцілі газам. Частка хворых знаходзілася на тэрыторыі працоўнай калоніі ў Навінках, дзе і сёння дзейнічае Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя, і тут у памяць ахвяр быў адкрыты ў 2017 годзе мемарыяльны знак. Але іншая частка пацыентаў, якія былі забітыя нацыстамі, размяшчалася ў псіхіятрычным аддзяленні 2-й гарадской бальніцы, што стаяла на рагу сучасных вуліц Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. Тут сёння захаваліся старыя бальнічныя карпусы, якія датуюцца яшчэ XVII стагоддзем і маюць статус помніка — магчыма, і ў такім месцы, у цэнтры горада, варта было б ушанаваць памяць нявінных ахвяр, стварыўшы мемарыял альбо музейную экспазіцыю.

Нягледзячы на разбурэнні, якія зазнала архітэктурная спадчына Беларусі, у краіне застаецца яшчэ багата будынкаў, сцены якіх захоўваюць памяць аб трагічных падзеях гісторыі. Каб пазбегнуць памылак і зберагчы ад руйнавання аб’екты, якія маюць не толькі і не столькі архітэктурную, як гістарычную каштоўнасць, варта глыбей даследаваць і высвятляць канкрэтныя месцы, звязаныя з найбольш важнымі эпізодамі мінулага. Тады экскурсаводам, магчыма, лягчэй будзе выбудоўваць свае маршруты, абапіраючыся на існуючыя аб’екты, музейшчыкам прасцей будзе ствараць мемарыяльныя экспазіцыі, а шараговым грамадзянам і турыстам не давядзецца напружваць фантазію, каб уявіць, як выглядала тое ці іншае месца гістарычных падзей. Бо гісторыя найлягчэй ажывае там, дзе яна адбылася.