Рэвалюцыя на пуантах

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

“Стварэнне свету” трымалася на балетнай афішы нашага Вялікага тэатра з красавіка 1976-га. Перажыла перыпетыі рамонту будынка, перабраўшыся на сцэну Палаца Рэспублікі. На некаторы час знікла з тэатральных абшараў, але заставалася ў памяці ўсіх, хто бачыў яго хаця б аднойчы. І, нарэшце, вярнулася на родную сцэну: 8 снежня адбылася прэм’ера новай аўтарскай рэдакцыі гэтага балета, які ў свой час стварыў новае аблічча ўсёй беларускай харэаграфіі.

/i/content/pi/cult/775/16736/010.JPGТак, да яго была “Кармэн-сюіта”, некаторыя іншыя работы Валянціна Елізар’ева, у 1973-м прызначанага галоўным балетмайстрам Вялікага тэатра Беларусі. Але менавіта “Стварэнне свету” выклікала неверагодны ажыятаж, прыцягнула да балета ўвагу нават тых, хто ніколі не быў тэатраманам, узняло неверагодныя па напалу жарсцей дыскусіі. У ідэалагічнай “правільнасці” самой задумы ніхто не сумняваўся: тут можна было ўбачыць і лёгкі гумар біблейскіх сцэн, адпаведны антырэлігійнай прапагандзе, і відавочны заклік да міра ва ўсім свеце, вызначальны для савецкай дзяржаўнай палітыкі, а ў скоках Д’ябла з яго атачэннем бачылася пародыя на заганныя выкрунтасы падгнілага Захаду. Калі штосьці і бянтэжыла, дык выключна сцэна Адама і Евы, пасля якой “нараджаліся” неабсяжныя шэрагі кардэбалета. Затое моладзь палюбіла спектакль найперш за “аголеныя целы” і трыко колеру скуры і нявінна цнатлівыя, але нязвыклыя пяшчотнасці на падлозе, няхай і ў пуантах, успрымаліся сапраўднай сексуальнай рэвалюцыяй.

Сёння, калі “Стварэнне свету” вярнулася, стала канчаткова зразумела: гэта была рэвалюцыя іншага кшталту — мастацкая. Апошнім часам неаднаразова даводзілася чуць з розных бакоў, што адзінай, маўляў, перавагай маладога тады харэографа была “насмотренность” тагачасных заходніх пастановак, забяспечаная праз жонку родам з Балгарыі, што ўвогуле яго пастаноўкі трымаюцца выключна на эфектнай сцэнаграфіі ды добрай музыцы, без якіх пластыка нічога не варта. Усе гэтыя кпіны маглі з’явіцца толькі пры разбурэнні пачатковай задумы (а без належнага дагляду спектакль папраўдзе рассыпаўся на вачах) — і адразу зніклі, бы прывіды ў ранішнім змярканні, як толькі балет нанова выйшаў на сцэну. Ён ніколькі не састарэў — наадварот, канчаткова стаў жывой класікай, даказаўшы сваю актуальнасць, незалежную ад часавых вымярэнняў.

Здавалася б, нічога кардынальна не змянілася — усё на месцы. Але ўсё заззяла новым святлом! Прычым не толькі з-за рэальна іншага абсталявання (мастак па святле — Ніна Іванкіна). Узбагацілася і само наша ўспрыняцце, напрактыкаванае на суцэльным стосе найноўшых пастановак з усяго свету. І акцэнты ў грамадстве. І бачанне аўтара, наўпрост залежнае ад новых артыстаў.

Гэты спектакль, як і “Ціль Уленшпігель”, “Спартак”, ствараўся Валянцінам Елізар’евым на магутнага Юрыя Траяна і зусім маленькую, безабаронную ў параўнанні з ім Людмілу Бржазоўскую, надзеленую моцным духоўна-інтэлектуальным стрыжнем. Спробы простай копіі, што ажыццяўляліся далейшымі пакаленнямі артыстаў, не прыносілі адчування таго першапачатковага адкрыцця: патрабавалася новае бачанне, і кожны з выканаўцаў імкнуўся знайсці штосьці сваё, ды часам беспаспяхова. Нарэшце, у новай аўтарскай рэдакцыі ўсё здзейснілася.

/i/content/pi/cult/775/16736/011.JPGПрэм’еру танцавалі народная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна (Ева) і заслужаны паводле атрыманага звання Канстанцін Геронік (Адам), які ў іншых складах заяўлены і ў партыі Д’ябла. У славутым Адажыа на першы план выйшла тэма зусім не эротыкі. Знік традыцыйна непарушны саюз брутальнасці і амаль бесцялеснасці, сатканай адно з візуалізаванай душы. Тэма аховы жанчыны мужчынам паўстала пошукамі партнёрства на роўных — не ў фізічным плане (хаця Адам па-ранейшаму носіць Еву на руках, і найскладаныя падтрымкі нікуды не падзеліся), а ў душэўным: цяперашнія нават самыя моцныя жанчыны маюць патрэбу ў паразуменні, падсілкаванні клопатам, пяшчотай з боку блізкіх, у адчуванні таго моцнага “тылу”, што трымаецца на адказнасці, надзейнасці мужчыны, а зусім не на пукатасці яго біцэпсаў. Менавіта Ева з усім сваім не столькі какетствам, колькі прыроджанай жаноцкасцю робіць з хлапчука-гарэзы сапраўднага Адама, здольнага прымаць узважаныя рашэнні і будаваць шчасце сваімі рукамі.

Іначай стала ўспрымацца супрацьстаўленне Бога (Антон Краўчанка) і Д’ябла (Іван Савенкаў). Гэта не столькі непрымірымае супрацьстаўленне гэткіх універсаліяў Дабра і Зла, колькі класічная антытэза апанентаў, неабходная для любога развіцця. У сцэнаграфіі стаў больш заўважны антаганізм кола (німбы, кветкі, выявы планеты, падсветленыя шары, быццам загнаныя ў лузу) і ваенізаванай вастрыні (ці то патроны, ці то ядзерныя боегалоўкі). А да таго ж, амбівалентнасць закругленых рэчаў: расквечаны шарык на задніку — сімвал жыцця, а ён жа, толькі шэра-металічны — сімвал смерці, бо нагадвае гарматныя ядры. У вушы кідаецца еднасць з адным фрагментам “Маленькага прынца” Яўгена Глебава, напісанага крыху пазней за музыку Андрэя Пятрова.

Да ўсяго, раптам сталі заўважны некаторыя дэталі, што дазваляюць задумацца над праблематыкай нацыянальнага ў эпоху глабалізацыі. Шэрая палатняная дзяружка Бога робіць яго падобным да беларускіх вандроўнікаў, вымушае згадаць і Сымона-музыку, і глыбока сімвалічных герояў “Раскіданага гнязда”, а галоўнае — паставіць побач са знакавымі для кожнай культуры постацямі стваральнікаў нацыянальных каштоўнасцяў. Тую ж тэму беларускасці працягваюць народныя элементы харэаграфіі ў сцэне Бога з анёлкамі, галовы якіх упрыгожаны не адно традыцыйнымі німбамі, але і купальскімі вяночкамі, кветкі з якіх параскіданы і па іх сцэнічных строях. Тыя ж вяночкі — на галовах смешных фігур жывёл па баках авансцэны. Калісьці яны асацыяваліся выключна з дзяцінствам, а цяпер у іх бачацца такія шагалаўскія спасылкі, як блакітная карова, белая козачка.

А вось Д’ябал і яго атачэнне без цяжкасці атаясамляюцца з героямі масавай культуры: нават знешне яны падобныя да вампіраў, зомбі, тэрмінатараў ды ўсялякіх іншых ажывелых мерцвякоў ці нелюдзяў, шчодра раскіданых па кінастужках і камп’ютарных гульнях. Дый на задніках яшчэ больш відавочнымі становяцца сувязі і з мадоннамі Міхаіла Савіцкага, і з пікасаўскай “Гернікай”. Вока без цяжкасці выхоплівае і ўкраінскія карані мастака Яўгена Лысіка, што выяўляюцца не толькі ў колеравай гаме вяночкаў, але і ў самім прынцыпе “перацякання” аднаго задніка ў другі, нагадваючы змену месца дзеяння ва ўкраінскім вяртэпе — аналага нашай батлейкі.

Яркай, свежай, вельмі і вельмі сучаснай застаецца лексіка гэтага балета. Колькі адметных знаходак! За кожнай пластычнай дробяззю — запамінальны характар, глыбокі сэнс. І ніякіх “агульных форм руху”, што не ўтрымліваюць у сабе зместу — эмацыйнага ці інфармацыйнага.

Салісты цудоўна адчуваюць усе елізар’еўскія пасылы, асэнсоўваюць сваіх персанажаў інтэлектуальна, не патанаючы ў харэаграфічных складанасцях. Бачна, якая вялікая праца праведзена. Таму ёсць упэўненасць, што некаторыя прыкрыя недакладнасці ў кардэбалета і выканаўцаў невялікіх партый хутка знікнуць. А як выдатна гучыць аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора-пастаноўшчыка Вячаслава Воліча — прадстаўніка нашай школы, які быў запрошаны галоўным дырыжорам у Адэскі нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета. Музыка не акампануе і нават не проста разгортваецца — яна дыхае, жыве, задае сардэчны пульс сцэнічнаму дзеянню.

Гэтак жа жыве і дыхае ўвесь балет. І вымушае ў чарговы раз задумацца над сімвалічнасцю назвы: новае аблічча харэаграфічнага свету Беларусі перажывае сваё другое стварэнне.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"