Нас аб’ядноўвае кіно!

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

11 — 12 снежня ў Мінску прайшла навукова-практычная канферэнцыя “95 год беларускаму кіно: гісторыя, сучаснасць, перспектывы”. У першы дзень яе госці наведалі майстар-класы запрошаных спецыялістаў па гісторыі і тэорыі кінамастацтва. На другі дзень распачалася навуковая частка канферэнцыі: пленарнае пасяджэнне і круглы стол, цягам якога выступілі з дакладамі і прамовамі амаль пяцьдзясят тэарэтыкаў і практыкаў кіно.

/i/content/pi/cult/775/16735/09.JPGЗ гадзіннымі лекцыямі выступілі трое запрошаных з Расіі кіназнаўцаў. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар з Масквы Кірыл Разлогаў у сваёй лекцыі “Распад СССР і сусветнае кіно” паразважаў аб тым, як тыя падзеі паўплывалі на постсавецкі кінапрацэс, што адрознівала яго ад сусветнага, а што — аб’ядноўвала з ім, і куды рухаецца кіно як мастацтва зараз. Ніна Качаляева, кандыдат гістарычных навук (Масква) спынілася на тэме “Культурная ідэнтычнасць і яе рэпрэзентацыя на экране”. Яна растлумачыла слухачам, якія элементы ўваходзяць у паняцце культурнай ідэнтычнасці і больш падрабязна распавяла пра этнічную ідэнтычнасць чалавека на прыкладзе фільма “Анёлы рэвалюцыі” Аляксея Фядорчанкі, а таксама пра ролю матэрыяльнай рэканструкцыі асяроддзя на прыкладзе двух фільмаў “Барыс Гадуноў” Фёдара Бандарчука і Уладзіміра Мірзоева з аднайменнай назвай. Ларыса Бярэзаўчук, кандыдат мастацтвазнаўства (Санкт-Пецярбург) у сваім выступе “Рэпрэзентацыя актуальнага мастацтва ў сучасным кінематографе” распавяла пра складанасць паняцця contemporary art і прывяла як яго прыклад фільм Юліана Разэфельдта “Маніфесто”.

На другі дзень пленарнае пасяджэнне пачалося з прывітальнага слова да ўдзельнікаў канферэнцыі намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэміка Аляксандра Кільчэўскага, выступаў начальніка аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксея Бязуглага, дырэктара ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры” НАН Беларусі, акадэміка Аляксандра Лакоткі, гендырэктара кінастудыі Беларусьфільм Уладзіміра Карачэўскага, старшыні “Беларускага” саюза кінематаграфістаў Віктара Васільева.

— Сёння як ніколі важна падтрымліваць традыцыі беларускага кіно, як і ўсёй беларускай культуры, паважаць і шанаваць яе здабыткі, — падкрэсліў Аляксандр Кільчэўскі ў сваёй прамове. 

Уладзімір Карачэўскі выступіў са словамі надзеі на згоду з недзяржаўнымі кінематаграфістамі:

— Тое, што мы сёння сабраліся на гэтай канферэнцыі, сведчыць: беларуская кінасуполка, нягледзячы на ўсе рознагалоссі, бачыць агульную мэту — дабіцца таго, каб беларускае кіно было моцным, паспяховым, запатрабаваным і сучасным. Акрамя таго, канферэнцыя дае магчымасць абмеркаваць праблемы, супярэчлівасці, паставіць вострыя пытанні.

На пленарным пасяджэнні і круглым стале выступілі вядомыя кіназнаўцы і рэжысёры, сярод якіх Вячаслаў Нікіфараў, Ігар Воўчак, Антон Сідарэнка, Вольга Дашук, Мікіта Лаўрэцкі, Наталля Агафонава, Людміла Саянкова-Мельніцкая. Удзельнікі і арганізатары канферэнцыі спадзяюцца, што яе правядзенне стане штогадовай традыцыяй і дапаможа развіваць кінадыскурс у Беларусі.