Міхаіл ФІНБЕРГ: “Мы робім усё, каб гучала музыка беларускіх кампазітараў”

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

Час у аркестраў вымяраецца не толькі гадамі, але і сезонамі. У Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі 33-ці творчы сезон распачаўся 1 верасня — пасля летняга перапынку, і распачаўся святам камернай і духоўнай музыкі “Тураў-2019”. Але ж напярэдадні змены лічбы 2019 на 2020, мы падвядзём вынікі менавіта года — разам з нязменным кіраўніком славутага калектыву, народным артыстам Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі прафесарам Міхаілам Якаўлевічам Фінбергам.

/i/content/pi/cult/775/16729/04.JPG— Ці многае ўдалося здзейсніць у адыходзячым годзе, чым са зробленага вы ганарыцеся асабліва?

— Мы вельмі шмат працавалі і працуем, і найперш наша праца скіраваная на тое, каб гучала беларуская нацыянальная музыка. Тая музыка, якую амаль не пачуеш па радыё, і якая ўвогуле выконваецца не ў належных памерах — асабліва гэта тычыцца не старых вядомых твораў, а новых: сітуацыя з выкананнем новай беларускай музыкі мяне не задавольвае. Вось, напрыклад, фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” — якая ў яго слаўная гісторыя, якія сур’ёзныя задачы! У наступным годзе ён будзе юбілейным, 20-м, і гэта справа гонару і клопату Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра, які працуе і з творамі, і з канкурсантамі, і з юбілейнымі праграмамі — з усім. Але ж па большай частцы такая наша дзейнасць застаецца па-за ўвагай прэсы — каб мы хаця б ведалі, што пра нас не забыліся, што зробленае намі ацэнена. Фестываль “Маладзечна”, на якім гучыць менавіта беларуская музыка, прэсе чамусьці не цікавы, за невялічкім выключэннем.

Як ніхто іншы наш аркестр многа выступае не толькі ў сталіцы ці абласных цэнтрах, але і ў маленечкіх гарадках. Асаблівы гонар для мяне, што мы пастаянна бываем у тых мясцінах, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі: не прапусцілі ніводнага года. А туды ж амаль ніхто не едзе, акрамя нас. Сёлета, напрыклад, мы правялі чарговы фестываль “Музычныя краявіды хойніцкай зямлі”, свята беларускай музыкі “Чачэрскія сустрэчы”. Пастаянна выступаем на маёй малой радзіме ў Мазыры: працаўнікі нафтаперапрацоўчага завода вітаюць нас як родных, ведаюць усе нашы песні. Увогуле, публіка па-за межамі сталіцы заўсёды вельмі ўдзячная, вельмі цікаўная — задае шмат пытанняў, прымае вельмі горача. Людзі дзякуюць нам, што мы пра іх не забываемся і дорым радасць сустрэчы з сапраўдным аркестрам і цудоўнай музыкай. І я вельмі ўдзячны кіраўніцтву Гомельскага аблвыканкама, удзячны Ірыне Віктараўне Даўгала — яны заўсёды запрашаюць нас на гэтыя фестывалі.

— Вы ж выступаеце не толькі ў Гомельскай вобласці — канцэртная геаграфія аркестра шырокая…

/i/content/pi/cult/775/16729/05.JPG— Канешне, іграем па ўсёй краіне. Сёлета былі і ў культурнай сталіцы Беларусі 2019 года — Пінску, у Навагрудку правялі музычна-асветніцкую імпрэзу, у Тураве выступалі на свяце камернай і духоўнай музыкі, а паблізу ў Жыткавічах у дзіцячай школе мастацтваў імя Уладзіміра Будніка я правёў майстар-клас. Нядаўна адыгралі некалькі праграм у рамках фестывалю “Мелодыі ўздзенскай восені”, былі ў Глуску, Мар’інай горцы, Мсціслаўі...

І гэта ж усё розныя праграмы, за год мы робім іх больш за 90! Лічба такая, якую ніхто не паўторыць, практычна недасягальная. Сёлета мы паказалі і шэраг юбілейных песенных праграм — напрыклад, да юбілеяў Алы Пугачовай і Валерыя Лявонцьева. Вось зараз амаль скончылі працу — вам расказваю першым — над праграмай у гонар 90-гадовага юбілею Аляксандры Пахмутавай: бо гэта творчасць, на якой мы раслі, якая нас вучыла, як жыць у музыцы, як у ёй не хлусіць. І падрыхтавалі праграму, прысвечаную нашаму славутаму беларускаму кампазітару Яўгену Глебаву — у верасні адзначалася 90 гадоў з дня яго нараджэння. Зараз працуем над праграмай з твораў Ігара Паліводы, з якім у нашага аркестра былі ў свой час найяскравейшыя сумесныя працы.

А ў Мар’інай горцы — на радзіме Ігара Лучанка — адыгралі канцэрт з ягоных самых лепшых твораў. Праграму на фестывалі мастацтваў “Мсціслаў-2019” прысвяцілі творчасці кампазітара Мікалая Чуркіна: Мсціслаў яго родная зямля. Мікалай Чуркін — адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі, але не часта згадваемы. Гэта выдатны, вельмі цікавы творца, з добрай душой і добрым разуменнем нашага беларускага народа. Сёлета споўнілася 150 гадоў з дня яго нараджэння. Увогуле, першы, хто наноў пачаў адкрываць гэтага майстра пасля 44-гадовай паўзы, быў я.

І ў студзені на свяце мастацтваў “Заслаўе-2020”, і на нашых наступных імпрэзах будзе гучаць уся гэтая музыка — прафесійная, сапраўдная музыка, а не тая самадзейнасць, якую ў асноўным мы чуем па радыё.

— Традыцыйны гонар аркестра — свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”…

— У маі быў ужо 24-ты фестываль — толькі ўявіце, колькі гадоў мы яго ладзім! Сёлета адначалася 200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі, нясвіжскія канцэрты былі прысвечаны яго творчасці. А калісьці ж таксама практычна першымі, хто ў Беларусі пачаў іграць канцэрты з твораў нашага выдатнага земляка, былі мы. Усё зробленае, канешне, пераказаць немагчыма.

— Адна з бліжэйшых па часе вялікіх падзей, ужо ў новым годзе — традыцыйны джазавы фестываль, што ладзіць заслужаны калектыў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі.

— На ХХХІ Музычным праекце “Мінскі джаз-2020” мы вырашылі выказаць падзяку цудоўнаму музыканту Эдзі Рознэру, прысвяцім яму вялікую старонку ў канцэртнай праграме, і такім чынам адзначым 110 гадоў з дня яго нараджэння. Эдзі Рознэр быў не проста джазавым музыкантам — ён вельмі многа зрабіў менавіта для беларускага джаза. Мне пашчасціла з ім пазнаёміцца, і я магу сказаць, што гэта быў не проста бліскучы выканаўца, але і чалавек выдатны, які вельмі паважаў маладых музыкантаў, ставіўся да нас з цеплынёй і шчырай цікавасцю, заўсёды падтрымліваў. Памятаю і такую адметную сустрэчу — мае знаёмыя музыканты выступалі ў рэстаране гасцініцы “Юбілейная” ў Мінску, я да іх зайшоў па нейкіх справах, а туды прыйшлі разам Юрый Саульскі, Муслім Магамаеў і Эдзі Рознэр. І мы з імі доўга размаўлялі пра ўсё, найперш пра музыку.

Юрый Саульскі, дарэчы, мой лепшы сябар у Маскве быў, а другі мой сябар Алег Лундстрэм — дзве джазавыя легенды. Алег Лундстрэм — славуты музыкант, дырыжор, кіраўнік аркестра — у свой жа час прыехаў з Шанхая. А ў аркестры Мінскага цырка, якім я калісьці кіраваў, былі менавіта музыканты з Шанхая.

— І зараз у Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры Беларусі працуюць выдатныя інструменталісты, якія сапраўды разумеюць джаз…

— Яны яго не проста разумеюць — іграюць на вышэйшым узроўні. Можа, так і нясціпла будзе казаць, але я лічу, што наш аркестр сёння адзін з найлепшых аркестраў Еўропы, што працуе з джазам. Увогуле, я захапляюся сваімі музыкантамі! Цяперашні састаў нават лепшы за першы, які таксама быў бліскучым. У нас не толькі заслужаныя артысты — у нас многа і маладых. І ўсе яны здольныя выконваць і сімфанічную музыку, і эстрадную, і джазавую. Бо ўсе маюць акадэмічную адукацыю, інструментамі валодаюць на высокім прафесійным узроўні. І вакалісты аркестра ў нас спяваюць так, што ў іх можна павучыцца, і заслужаныя — як, напрыклад, Наталля Тамела, ці Дзмітрый Качароўскі, які спявае ўсёй сваёй беларускай душой, але так і не атрымаў яшчэ звання — так і маладыя: а самы малады ў нас Ягор Шаранкоў, публіка на канцэртах яго выдатна прымае. Як выдатна яна прымае і ўсіх нашых вакалістаў, кожны з іх адметны.

Гэта галоўнае — я хачу расказваць не пра сябе, а пра наш выдатны калектыў і выдатных музыкантаў. Я хачу расказваць пра нашу спадчыну, без якой жыць ужо не здолею. І я вельмі ганаруся, што мы гадамі робім усё магчымае і немагчымае, каб гучала музыка беларускіх кампазітараў, і гучала не толькі ў сталіцы.