Для нас і пра нас

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

17 снежня — 95 год беларускаму кіно
Акцыя “Беларускаму кіно-95”, маладзёжны конкурс на стварэнне паўнаметражнага анімацыйнага фільма, запуск маладёжнага сіткома “Ілюзіі”, дакументальныя і анімацыйныя прэм’еры, візіты замежных гасцей, прасоўванне ўласнай прадукцыі ў інтэрнэце… У бягучы год 95-годдзя беларускага кінематографа кінастудыя “Беларусьфільм” прыцягвала ўвагу разнастайнымі ініцыятывамі і падзеямі. Самая чаканая з іх — будучая прэм’ера баёпіка “Купала” Уладзіміра Янкоўскага — стужкі пра лёс народнага паэта Беларусі, што сталася падзеяй у медыяполі. “Гэта будзе кіно, знакавае па шматлікіх параметрах”, — абяцае генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі і дадае, што адмысловага паказу для кінасупольнасці прыйдзецца яшчэ трошкі пачакаць.

/i/content/pi/cult/775/16728/1.jpgНапярэдадні 17 снежня — Дня беларускага кіно — у экслюзіўным інтэрв’ю “К” Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ распавёў пра тое, чым для нас важная карціна пра Янку Купалу, да якіх высноў ён прыйшоў пасля паўтарагадовай працы на сваёй пасадзе, і чаму праграма рэфармавання айчыннай кінаіндустрыі “Беларусь — кіно здымаецца тут!” — важны крок у далейшым развіцці беларускага кіно.

Стол кабінета генеральнага дырэктара кінастудыі “Беларусьфільм” “стракаціць” рэкламнай прадукцыяй. У вочы “кідаюцца” разнастайныя постары: фільмаў “Сляды на вадзе”, “Сляды апосталаў”, ды, вядома, “Купалы” з выявай аблічча народнага паэта Беларусі ва ўвасабленні Мікалая Шэстака. “Аўтар гэтага плаката — Уладзімір Цэслер, — ахвотна дзеліцца інфармацыяй Уладзімір Карачэўскі, — ёсць версіі на беларускай і рускай мовах, кітайскай. У хуткім часе мы апублікуем яшчэ адзін візуальны варыянт афішы — у такой графічнай манеры”.

Я скарыстоўваюся магчымасцю, каб распачаць размову пра сучасны стан кінастудыі з адным з галоўных ньюсмэйкераў гэтага года.

— Уладзімір Міхайлавіч, “Купала” — гэта для вас кульмінацыя сёлетняй працы “Беларусьфільма” ці пачатак пэўнага новага этапа кінастудыі?

— Вы цалкам маеце рацыю. З аднаго боку, стужка падводзіць пэўную рысу — для нас гэта своеасаблівая справаздача: як мы справіліся пасля рэканструкцыі, што зрабілі ў тых умовах, што ёсць, з невялікім фінансаваннем… Як мы выйшлі з гэтай сітуацыі, і што ўрэшце прадставілі на суд публіцы…

З іншага боку, гэта карціна — істотная прыступка для рэабілітацыі іміджу нашай кінафабрыкі. Магчымасць паверыць у свае сілы — у тое, што мы здольныя здымаць кіно больш высокай якасці, няхай хтосьці са мной і не пагодзіцца. “Купала” — гэта, у пэўным сэнсе, старт да новых вяршыняў для “Беларусьфільма”. Ды і для мяне гэта стужка — больш чым работа. Яна з’яўляецца паказчыкам таго, чаму я навучыўся за гэты час.

— Вось вы кажаце, што фільм стане падзеяй. Чаму?

— За апошнія гады, скажам так, акрамя ваеннага кіно, у нашым ігравым кінематографе рэдка ўздымаліся тэмы, звязаныя з гісторыяй Беларусі і яе знакавымі постацямі. Бадай, што толькі “Анастасія Слуцкая” ў 2000-я — і яна невыпадкова карысталася такой папулярнасцю. У выпадку з “Купалай” мы пайшлі далей — і ўзяліся за перыяд вельмі складаны і пакручасты, але надзвычай важны для станаўлення сучаснай Беларусі. Па сутнасці, мы кажам пра перыяд зараджэння сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

/i/content/pi/cult/775/16728/02.JPGЧас, у якім адбываецца дзеянне ў карціне — неверагодны па сваёй драматычнасці. Першая сусветная вайна, эпоха рэвалюцый, Грамадзянская вайна, супярэчнасці рэпрэсій 1930-х, Другая сусветная… Янка Купала ўвесь час знаходзіўся на сутыку тых альбо іншых падзей — і ўсё гэта адлюстравана ў стужцы. Так, мы ўзяліся за смелы праект, і мне падаецца, што ён мусіць узняць унутраны дух нашага грамадства. Тым больш, што фігура Янкі Купалы — знакавая для ўсіх беларусаў, нават тых, хто знаходзіцца ў розных лагерах па сваім успрыманні. Ды разам з тым, гэта тая постаць, якая ўсіх аб’ядноўвае. Фільм “Купала” важны для нас тым, што заахвочвае ганарыцца сваёй гісторыяй і ідэнтычнасцю, калі хочаце, унутраным прызваннем нацыі. Гэта кіно для нас і пра нас.

— Прызнацца, у сувязі з абмежаванымі тэмамі ў кіно, да “Беларусьфільма” з боку супольнасці ўжо ўзнікалі пэўныя прэтэнзіі. Маўляў, ці можа ў пэўнай ступені студыя называцца Нацыянальнай, калі праектаў, арыентаваных менавіта на нашу аўдыторыю, беларускае грамадства, ствараецца на ёй вобмаль. (Скажам, у гэтым сэнсе рэпертуарная палітыка Купалаўскага тэатра выглядае цалкам пераканаўча). Ці можна сказаць, што такія праекты як “Купала”, “Авантуры шляхціча Пранціша Вырвіча” пазначаюць пэўны паварот у творчай стратэгіі цяперашняй студыі?

— У пэўным сэнсе. Зараз я кажу ва ўсіх інтэрв’ю, што кінастудыя ўжо пачала і будзе здымаць пра нас, наша беларускае грамадства. На мой погляд, даўно прыйшоў час казаць як пра сваю гісторыю, так і нас цяперашніх, нашы хваляванні. Да тых праектаў, што вы назвалі, я далучу і іншыя: той жа маладзёжны серыял “Ілюзіі”, і “Сляды апосталаў-2”, “Лёс дыверсанта”, што таксама распавядае пра нашу гісторыю... Давайце ўзгадаем і альманахі маладых рэжысёраў “Вайна. Застацца чалавекам”, “Гэта я, Мінск!”, — мы пачынаем ствараць пра сябе і для сябе. Калі я прыйшоў на студыю, вагаўся ў якія праекты ўкладвацца. Зараз разумею адно — я не хачу “ліць ваду” на “млын” чужога кіно, інвеставаць у чужыя праекты. Я прагну таго, каб нашы беларускія акцёры станавіліся зоркамі, а не абслугоўвалі кагосьці, каб на кінастудыі з’явіліся новыя імёны, творцы з новым мысленнем, і, адпаведна, новыя карціны, што будуць прадстаўляць Беларусь на міжнародных кінапляцоўках.

/i/content/pi/cult/775/16728/03.JPG— Вы ўжо супрацоўнічаеце з кімсьці з маладых?

— Зараз я прыглядаюся да маладых рэжысёраў, з якімі хацеў бы папрацаваць у далейшым. Безумоўна, перад намі цяпер у пэўнай ступені стаіць задача па аднаўленні нацыянальнай кінашколы. Але, прызнаюся, што годных праектаў, вартых запуску, не так і шмат. Мне б хацелася, каб кінастудыя стварала такое кіно, якое было б скіравана на ўнутраную веру людзей, іх веру ў будучыню. Вось такія праекты знойдуць у нас падтрымку. Перш чым запусціць сцэнарый, я мушу запытаць яго стваральнікаў: ці працуе ваш праект на стваральнасць, будаўніцтва і аб’яднанне грамадства, альбо на яго раз’яднанне?

— Я так разумею, што бачанне пэўнай місіі кінастудыі ў вас з’явілася?

— Так. Гэта праца і на пацвярджэнне статусу “нацыянальная кінастудыя”, і стварэнне ўсё ж такі эфектыўнай мадэлі прадпрыемства, якое будзе працаваць не на працэс, а на вынік. Канешне, калі мы марым выконваць дзяржзаказ, я хацеў бы, каб змяніліся пэўныя падыходы да падтрымкі нашай кінаіндустрыі ў цэлым. Тым больш, што для гэтага ёсць усе перадумовы, ва ўсялякім разе я ўдзячны Міністэрству культуры за тое, што зараз мы разам імкнёмся вырашаць тыя задачы. Ужо намацаны вектар, у які варта рухацца, і step by step мы пачалі рабіць крокі ў азначаным кірунку. Праўда, пэўныя рэчы хутка не робяцца, але магу абяцаць, што наступнае паўгоддзе стане пераломным для кінастудыі. Я падрыхтаваў глебу, мы будзем змяняць сітуацыю.

— У інтэрв’ю Ірэне Кацяловіч для часопіса “На экранах” вы казалі пра неабходнасць маштабнай праграмы рэфармавання кінагаліны пад назвай “Беларусь — кіно здымаецца тут!”, якая прадугледжвае рабочыя візы, так званы, рыбейт (вяртанне часткі сродкаў пасля заключэння здзелкі — Д.А.) для кінавытворцаў — як беларускіх, так і замежных, новую сістэму паслуг. Наколькі вам удалося прасунуць гэту ініцыятыву?

— Мяркую, што вы ўжо чулі пра тое, што праграмай зацікавіліся на высокім узроўні. Зараз ідзе праца над зборам інфармацыі, яе аналізам, і распрацоўкай найбольш прыдатнай мадэлі праграмы для нашага асяродку. Не выпадкова на “Беларусьфільме” ўвосень адбыўся першы савет кіраўнікоў кінастудый краін СНД і Грузіі; з Казахстана я прывёз новы закон аб кінематаграфіі — толькі нядаўна адбылася яго прэзентацыя ў той краіне.

Пры гэтым хачу нагадаць, што падобныя дзяржаўныя распрацоўкі патрабуюць уключэння самых розных структур. Кіно не існуе само па сабе. Міністэрства эканомікі, Міністэрства замежных спраў, Мытны камітэт, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства юстыцыі, урэшце Міністэрства культуры… — у падрыхтоўцы гэтага дакумента мусяць прыняць удзел розныя дзяржаўныя органы, ды невыпадкова стваральнікам падобнай праграмы ў Расіі было Міністэрства эканомкі краіны.

Зразумела, што такія пытанні так проста не робяцца… Аднак, калі праграма будзе прынята, яна, сапраўды, прынясе вялікія дывідэнты — і ў кінаіндустрыю, і ў эканоміку нашай краіны.

— Якімі прапановамі, на ваш погляд, Беларусь можа зацікавіць патэнцыйнага інвестара?

— Па-першае, мы адна з самых бяспечных краін свету. Па-другое, у нас няма міжрасавых і рэлігійных канфліктаў. Па-трэцяе, наяўнасць развітой інфраструктуры. У чацвёртых, — даступныя кошты. Нашы добразычлівыя людзі — таксама капітал, не варта яго недаацэньваць. Не забываемся і на вытворчыя магутнасці для стварэння кіно, шыкоўныя лакацыі… Усе, хто да нас прыязджаў па запрашэннях, прызнацца, не засталіся абыякавымі ад убачанага, і ўжо на дадзеным этапе, нават без рыбейтаў шукаюць варыянты для супрацоўніцтва. Патэнцыял у нас вялікі, і вельмі важна не толькі зрабіць гэту праграму, але і ўкласціся ў яе прамоцыю, расказаць усім, што наша краіна адкрыта да супрацоўніцтва, да кінавытворчасці. Узнавім той жа прыклад Грузіі, якая зрабіла стаўку на турыстычны напрамак, і распавяла пра сваю прыгажосць усяму свету праз эфектныя промаролікі. Гэта вельмі істотна — уласная прамоцыя — і мы павінны вучыцца гэтаму ўменню ў суседніх дзяржаў. Не варта скупіцца на падобныя рэчы — яны вярнуцца ў сто разоў. І калі ўсё будзе зроблена граматна — кінаіндустрыя стане тым флагманам, што прывядзе інвестыцыі ў самыя розныя сферы нашай эканомікі: інфраструктуру, турызм, ува што заўгодна. Гэта новыя кантакты з іншымі вытворцамі, а значыць і новыя продажы самай рознай прадукцыі.

— Ці можна сёння казаць пра тое, што кінастудыя “Беларусьфільм” з’яўляецца ў пэўнай ступені індыкатарам развіцця кінагаліны?

— Адна з самых галоўных праблем нашай сферы, ды і кінастудыі ў прыватнасці, у тым, што ўсе ваююць супраць усіх. Мне б хацелася спыніць гэту заганную практыку. Мне падаецца, што наступіў час у грамадстве, а не толькі ў творчай супольнасці, шукаць кропкі судакранання. Менавіта таму я запрасіў прыватныя кінастудыі арандаваць у нас памяшканні — і прадаставіў ім меншы каафіцыент за арэнду, менавіта таму зараз мы спрабуем пашырыць Гільдыю прадзюсараў і кінавытворцаў пры Канфедэрацыі прадпрымальніцтва, і плануем сустрэчу на пачатак новага года. Менавіта таму я сёння за тое, каб стварыць агульную базу даных кінакампаній і кінавытворцаў, каб мы ведалі што ў каго ёсць. Я хацеў бы, каб кінастудыя стала цэнтрам аб’яднання людзей, кінакампаній, кінакластарам, месцам, дзе адбываюцца рознага кшталту падзеі.

17 снежня я прапанаваў усім прыватным студыям прадставіць на вечары беларускага кіно свае банеры ў Доме кіно. Давайце, далучайцеся, усё ж такі гэта дата — агульная, і беларускае кіно за апошнія 20 гадоў стваралася не толькі ў сценах “Беларусьфільма”. Чым болей у нас будзе прапаноў — тым лепей. Сёння я зацікаўлены ў аб’яднанні нас усіх, хочацца перавярнуць старонку канфліктаў і жыць на пазітыве. Спадзяюся, што мае словы будуць пачутыя.

— І апошняе пытанне, Уладзімір Міхайлавіч. Часам пра кіно прынята казаць у такіх катэгорыях: эпоха Віктара Турава, Валерыя Рубінчыка, Міхаіла Пташука… Як вы лічыце, час якога творцы зараз перажывае кінастудыя “Беларусьфільм”? Ці, увогуле, сёння пра кіно прынята казаць ужо ў іншых — скажам, эканамічных, — паказчыках?

— Пры ўсёй павазе да нашых творцаў — зараз я не магу вылучыць такога майстра ў ігравым кіно. Сёння, напэўна, для кінастудыі больш час пошуку свайго “я”, новага аблічча. Бо калі мы не знойдзем сваё творчае “зерне”, — усё будзе марным, неістотным. Нават пры прыстойным фінансаванні, цяплічных умовах. Зноў вернемся да ўсярэдненага варыянта фільмаў, такога стану царэўны, што вечна спіць…

Але я такога не хачу. Таму перыяду радыкальных рашэнняў не мінаваць. Я б сказаў так, што зараз нават сканчаецца пэўная эпоха коснасці, калі людзі проста так, па звычцы атрымоўвалі грошы. Дакажыце, што вы і ваш праект вартыя інвестыцый, што вы валодаеце нечаканым творчым мысленнем — тады і будзе падтрымка. Прыходзіць час новых умоваў працы і новых магчымасцяў. І спадзяюся, што новых творцаў, чыю эпоху мы адкрыем.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"