За колькі дзён да балю...

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Венскі баль змяніў месца правядзення, а таксама фармат, але ж 20 пар юнакоў і дзяўчат, якія прайшлі кастынг і будуць яго адкрываць, працягваюць на штотыднёвых рэпетыцыях вывучаць не толькі танцавальныя па, а таксама і правілы свецкага этыкету.

/i/content/pi/cult/774/16724/023.JPG14 снежня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы павінен быў прайсці першы ў нашай краіне Венскі баль пры падтрымцы кампаніі А1 і пасольства Аўстрыі ў Беларусі. На днях арганізатары паведамілі, што мерапрыемства вырашана правесці ў іншым фармаце: па запрашэнні Кіраўніка дзяржавы венскі баль стане часткай прэзідэнцкага балю ў Палацы Незалежнасці 27 снежня. Дваццаць пар дэбютантаў, якія ўжо з пачатку лістапада рыхтуюцца распачаць паланэзам Венскі баль, змогуць прадэманстраваць яго ў Палацы Незалежнасці. На прэзідэнцкім балі ім спатрэбяцца ўсе тыя ж уменні, якія патрабуюцца для Венскага балю. Ды не толькі танцавальныя.

На мінулым тыдні прайшла чарговая рэпетыцыя дэбютантаў у Палацы культуры прафсаюзаў. Дзве гадзіны — урокі танцаў пад кіраўніцтвам беларускага харэографа Аляксея Кісялёва. Тут усё зразумела — на балі патрэбна прыгожа рухацца ў танцы. Але ж навучанне будучых дэбютантаў на гэтым зусім не заканчваецца. Адразу пасля ўрокаў танца юнакі і дзяўчаты накіроўваюцца на заняткі, дзе іх вучаць правілам свецкага этыкету. Ці патрэбна гэта адно для таго, каб уразіць гасцей балю?

Заснавальніца першай беларускай Школы этыкету, сённяшняя настаўніца дэбютантаў Аксана Зарэцкая лічыць, што культура паводзін — найважнейшы навык, неабходны не толькі для такіх значных святочных мерапрыемстваў, як баль, але і ў штодзённым жыцці адукаванага, выхаванага чалавека. Больш за тое, менавіта этыкет дапамагае захоўваць і ўзбагачаць культуру краіны, праз яго правілы паводзін павінны перадавацца іншым:

— Патэнцыял у дэбютантаў безумоўна ёсць, таму мы іх і адабралі. Сярод іх ёсць надзвычай цікавыя персаналіі, а аблічча кожнага я выдатна памятаю яшчэ з моманту адбору і памятаю, аб чым чалавек разважаў. Спадзяюся, што з кожным заняткам, як і з кожным паходам у публічнае месца, яны будуць усё больш усведамляць значэнне культурнай адукацыі і перадаваць яе людзям навокал. Спадзяюся, што яны стануць, як кажуць, цветам нашай нацыі. Цвет нацыі — гэта ж не нейкая эліта, якая жыве адарвана ад рэчаіснасці, а сапраўднае багацце краіны, яе паўсядзённасць, адукаванасць, словам — яе лепшыя людзі. А лепшыя яны таму, што ўбіраюць у сябе цэлыя пласты і нюансы гэтай культуры. Мне хацелася б верыць, што нашы дэбютанты — людзі, якія, мабыць, здольныя больш за іншых успрымаць, а таму і аддаваць, ажыццяўляць пастаянны культурны абмен.

На занятках ідзе размова не толькі пра фармальныя правілы размяшчэння людзей у прасторы і алгарытмы іх узаемадзеяння, а пра павагу адзін да аднаго, уласныя межы і спосабы выказваць сваю ўдзячнасць. Здаецца, юнакі і дзяўчыны добра гэта адчуваюць, і таму з адказнасцю выконваюць шматлікія практычныя заданні.

— У нас ужо былі два заняткі па этыкеце, у тым ліку наведвалі музей, — працягвае Аксана Зарэцкая. — Мы абмяркоўвалі правілы паводзін на балях увогуле, уменне весці свецкую размову, спасцігалі не толькі прынамсі свецкі этыкет, але ж таксама і бытавы, штодзённы, які трэба практыкаваць рэгулярна. Атрымалася так, што бадай спантанна арганізавалі сустрэчу ў кафэ, дзе чыталі ўголас і каментавалі “Ганну Карэніну”. На жаль, часу зусім няшмат, каб даць досыць матэрыялу, але ж я пакінула нашым дэбютантам шмат спасылак на відэа і артыкулы, дзе падрабязна разбіраюцца цікавыя нам тэмы. Дарэчы, яны самастойна праявілі ініцыятыву яшчэ і да таго, каб разабраць тэму сталовага этыкету.

Можна зрабіць выснову, што для моладзі гэтыя практычныя навыкі маюць значную каштоўнасць не толькі ў кантэксце будучага балю, але і ў кантэксце ўсяго жыцця: і свецкага, і асабістага. Дэбютантам пашчасціла адчуць тое зараз, падчас заняткаў з Аксанай Зарэцкай, і ў гэтым сэнсе змена фармату мерапрыемства не адыгрывае ніякай ролі.