Парыж — эстрада, Смілавічы — радзіма

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

У Генры Мілера — бадай, самага вядомага пасля Хемінгуэя амерыканскага пісьменніка, у ягоным культавым для некалькіх пакаленняў рамане “Тропік Рака” ёсць такая сентэнцыя: “Гэта не выпадкова, што людзі, падобныя да нас, збіраюцца ў Парыжы. Парыж гэта эстрада, якая верціцца. Парыж — гэта калыска для штучна народжаных. Калыхаючыся ў парыжскай люльцы, кожны можа марыць пра свой Берлін, Нью-Ёрк, Чыкага, Вену, Мінск”. Мы маглі б дапоўніць класічны тэкст згадкай пра Віцебск, скуль родам Марк Шагал, і Смілавічамі, адкуль пайшлі ў свет такія ж як ён “парыжане” Хаім Суцін і Шрага Царфін. 6 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Шрага Царфін. Рух да святла”. Экспазіцыю складаюць творы, набытыя групай кампаній сёлета ў спадкаемцаў мастака, а таксама прадастаўленыя прыватнымі калекцыянерамі Беларусі і замежжа.

/i/content/pi/cult/774/16720/019.JPGУ Нацыянальным мастацкім музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Шрага Царфін. Рух да святла”. Яму папярэднічала сустрэча прэсы з асобамі, якія маюць непасрэднае дачыненне да гэтай культурніцкай імпрэзы. Гэта галоўны куратар выставы Юрый Абдурахманаў, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава, унучатая пляменніца мастака Эла Царфін і ягоны ўнук Іў Дзюлак.

/i/content/pi/cult/774/16720/021.JPGСпадар Дзюлак узгадаў, што паводле расповедаў ягоных бацькоў, калі ён сам быў немаўлём, дзед спяваў яму калыханкі на беларускай мове. “Я вельмі рады, — сказаў далей Іў Дзюлак, — што праз нас, сваякоў Царфіна, мастак вяртаецца на сваю радзіму, і што менавіта на беларускай зямлі я пабачыў сваю радню з розных краін. Тут, у Мінску, сустрэліся расійская, ізраільская і французкая галіны нашага роду”.

/i/content/pi/cult/774/16720/022.JPGСам спадар Дзюлак спецыяліст па дзіцячай кардыялогіі, неаднойчы рабіў аперацыі на адкрытым сэрцы. Яму як чалавеку, які займаецца дзяцьмі паводле прафесіі і душэўнага паклікання, асабліва прыемна, што ў Смілавічах мемарыяльная зала Царфіна знаходзіцца ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Юрый Абдурахманаў распавёў пра асаблівасці выяўленчай мовы Шрагі Царфіна і пра тое, якія ўзоры сусветнай класікі маглі паўплываць на фармаванне ягонага непаўторнага стылю.

Эла Царфін згадала, што на вялікі жаль імя яе сваяка як, дарэчы, і іншых яўрэяў — прадстаўнікоў Парыжскай школы, так шанаваных у Беларусі, у Ізраілі фактычна невядомыя шырокай грамадзе. Хіба што шчыльнаму колу прафесіяналаў. Зараз яна робіць захады для арганізацыі ў гэтай краіне выстаў, якія можна лічыць асветніцкімі і культурна-прапагандысцкімі.

Пра тое, як фарміравалася экспазіцыя, расказала Надзея Усава.

Гаворачы пра тых, хто рабіў выставу ў Нацыянальным мастацкім, трэба згадаць і Надзею Кухарэнка, якая  з’яўляецца яе сакуратарам і якой  належыць дызайн экспазіцыі. Да таго ж яна раздрукавала эскізы аздобы тканін непасрэдна на тканіне. Гэта мастацкая рэч была прадстаўлена на манекене. Такім чынам гледачы атрымалі нагляднае ўяўленне і пра гэту грань таленту Шрагі Царфіна.

Выстава “Шрага Царфін. Рух да святла” з’яўляецца часткай святкавання Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь свайго 80-гадовага юбілею.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"