І мінчане — віртуозы!

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

Да Дня горада падрыхтавана Творчая справаздача сталіцы — другая ў шэрагу падобных канцэртаў у Мінску (першы правяла Брэстчына), прымеркаваных да 65-годдзя з Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сталіца пакажа сябе сёння на сцэне Палаца Рэспублікі.

Як адзначыў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі, пры стварэнні сцэнарыя канцэрта ўзніклі пэўныя складанасці з-за таго, што ў Мінску сканцэнтравана вялікая колькасць прафесійных творчых калектываў, устаноў культуры, падпарадкаваных непасрэдна Міністэрству культуры з рэспубліканскім статусам. Было вырашана ў асноўным задзейнічаць менавіта гарадскія калектывы.
Шырока прадстаўлена дзіцячая творчасць: гэта і зводныя хор музычных школ і ансамбль скрыпачоў, нумар “Я малюю сонейка”, а харэаграфічная школа “Весялушка” прапануе гледачам кампазіцыю “Паданне аб Мінску”.Будзе прысутнічаць на канцэрце і інструментальная музыка. Як падкрэсліў Уладзімір Карачэўскі, у нумары “Мінчане-віртуозы” задзейнічаны лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Не абмінулі арганізатары тэатральнае і цыркавое мастацтва: гледачы ўбачаць яркія выступленні Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра і захапляльныя нумары Беларускага дзяржаўнага цырка.
Не засумуюць пад час канцэрта і аматары айчыннай эстрады, для якіх прызнаныя мэтры Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, а таксама маладыя артысты прапануюць свае найлепшыя нумары сталічнаму гледачу.
Але найбольш феерычным нумарам, па словах Уладзіміра Міхайлавіча, будзе сімфанічная паэма Валерыя Галаўко, у выкананні якой прымаюць удзел больш за 500 чалавек.
Дарэчы, убачыць гэты канцэрт можна будзе не толькі ў Палацы Рэспублікі, але і па тэлебачанні.

Цікавіўся Кастусь АНТАНОВІЧ