Ян ЖАНЧАК: “Не быць мне поп-зоркай”

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Музыцы Ян Жанчак прысвяціў усё жыццё, на сцэну выйшаў яшчэ дзіцёнкам. Ён свой і на сцэнах філармоніі — калі спявае ў суправаджэнні вялікіх аркестраў, і на сцэнах рок-клубаў — калі выступае з уласнай групай. Канцэртныя відэа з выкананнем песень з рэпертуару Уладзіміра Мулявіна і ансамбля “Песняры” маюць вялікі розгалас у інтэрнэце — але найперш на саміх канцэртах, калі публіка вітае артыста авацыямі. І ўсё ж галоўнае для музыканта — свая аўтарская творчасць, свае рок-праекты. Спявак, скрыпач, аўтар музыкі, аранжыроўшчык, выдатны інтэрпрэтатар “песняроўскіх” твораў, выкладчык вакалу, дыктар, лідар рок-праектаў… Герой нашых “Суботніх сустрэч” — Ян Жанчак.

/i/content/pi/cult/774/16715/014.JPG“Госціца”, парнат, скрыпка

— Вы дэбютавалі на сцэне ў фальклорным дзіцячым тэатры “Госціца”, які быў прыкметнай з’явай нашай культуры ў 90-я гады. А кіравала ім ваша маці — Ларыса Сімаковіч, вельмі паважаная ў музычных беларускіх колах. Мабыць, гэта і вызначыла ваш далейшы лёс.

— Мне было гадоў шэсць, як я пачаў выступаць з “Госціцай”, такім чынам з маленства пазнаёміўся з сапраўдным абрадавым, аўтэнтычным фальклорам, а не эстрадай з этнічным адценнем, як часта бывае. Увогуле па жыцці ў мяне тры музычныя кірункі, і з “Госціцы” пачаўся мой фальклорны шлях, які прадоўжыўся потым ва ўласнай творчасці — я пісаў песні ў этна-стылістыцы, з народнымі словамі падчас працы ў тагачасным ансамблі “Песняры” Леаніда Барткевіча. Зараз, дарэчы, многія кампазіцыі адраджаю і выконваю на канцэртах у сваёй групе YANN ZHANCHAK. Другая музычная плынь — гэта рок, я раблю прыгожыя цікавыя песні для людзей, для даволі шырокай аўдыторыі. А яшчэ ёсць цяжкая музыка, цяжкая і па ўспрыняцці — трэба быць падрыхтаваным слухачом, цяжкая і па гучанні — progressive rock, prog-metal і да таго падобнае, з буйнымі формамі, якія можна параўнаць з аркестравай музыкай, а ніяк не з песнямі — гэта праект In search for, ім я займаюся адзін і цягну на сабе ўжо гадоў 15.

— А навошта вы гэта робіце, навошта “цягнеце”?

— Магчыма, для мяне гэта як апраўданне ўсіх тых здольнасцяў, што маю, усіх маіх уменняў. Мне ж хочацца пісаць не толькі песенькі, але і нешта больш сур’ёзнае, больш магутнае. Так і атрымліваецца, што гэта праект-апраўданне. Да таго ж, за мяжой усё і выдаецца, і нават прадаецца. Ёсць кола прыхільнікаў падобнай музыкі, ёсць свае лэйблы, свае музычныя крытыкі. Альбомы праекта In search for, дарэчы, атрымліваюць добрыя водгукі — самая новая праграма выходзіла летась. Але гэта, канешне, не надта папулярная музыка, хутчэй музыка для музыкантаў, для эстэтаў.

— Падобна на тое, што з такой мамай, як Ларыса Сімаковіч, у вас не было ніякіх шанцаў, каб не стаць музыкантам, і каб не палюбіць фальклор і беларускую мову.

— Што тычыцца, так бы мовіць, беларушчыны, то мы ў сям’і заўсёды размаўлялі па-беларуску. Па-руску маглі пасварыцца, такое здаралася (смех). Датычна музыкі — хаця ў дзяцінстве, канешне, некаторыя рэчы даводзілася рабіць і не па сваёй волі — калі казаць пра навучанне ігры на скрыпцы, затое потым прыйшло разуменне, што ўсё было недарма. Тады ж мая самая галоўная прэтэнзія была ў тым, што я хацеў не іграць на скрыпцы, а спяваць. Але ж адвучыўся і ў каледжы мастацтваў, так званым Парнаце, і дайшоў да трэцяга курса вучылішча імя Глінкі. І толькі тады рашыўся спыніць гэтую гісторыю, бо разумеў, што скрыпач ці альтыст я самы звычайны, а працаваць у аркестры мне не хацелася. Затое ведаў, што многае магу як вакаліст, і пайшоў у той бок — некаторы час папрацаваў па кантракце ў Бахрэйне, а потым атрымаў прапанову ад ансамбля “Песняры” пад кіраўніцтвам Леаніда Барткевіча. На той час мне было гадоў 20, і наступныя сем гадоў канцэртаў і гастроляў сталі для мяне велізным і карысным вопытам.

/i/content/pi/cult/774/16715/015.JPGЯ проста захапляюся Мулявіным

— Вы бліскуча выконваеце творы ансамбля “Песняры”: “Крик птицы” і “Пагоня” на верш Максіма Багдановіча ў вашым выкананні выклікаюць у слухачоў гарачыя эмоцыі. Ды й не толькі яны — вы спявалі ў адноўленых у ХХІ стагоддзі пастаноўках “песняроўскіх” праграм “Вянок”, “Гусляр” і “Песня пра долю”. Ці самыя запамінальныя для вас гэта авацыі, ці самае лепшае, што ў вас атрымліваецца — рэпертуар ансамбля “Песняры”?

— Момантаў з авацыямі было нямала — і падчас працы ў “Песнярах”, і ў сольнай дзейнасці. На сцэне я стараюся кожны твор не проста выканаць, а пражыць — не думаю толькі пра вакальныя тонкасці. Вось “Крик птицы” ў мяне атрымліваецца менавіта пражыць. Канешне, калі я спяваю “Пагоню” і “Крик птицы”, рэакцыя звычайна захопленая. Але не бачу тут вялікай сваёй заслугі — гэта геній Мулявіна. Мае ўласныя канцэрты з групай YANN ZHANCHAK падчас таксама праходзяць з авацыямі, не стану хаваць.

— У вас атрымліваецца выконваць песні з рэпертуару Мулявіна быццам і сучасна — ды й знешне вы абсалютна розныя, але голас настолькі падобны на голас Уладзіміра Георгіевіча, што нават дрыжыкі прабягаюць. Вы свядома гэта робіце?

— Магчыма, у юнацтве я стараўся так рабіць, а цяпер яно і само атрымліваецца. Але галоўнае — мне падаецца, інакш гэтыя песні нават і не праспяваеш, каб менавіта на належным узроўні. Канешне, ёсць і такі момант, што ў нас супадае тэсітура, некаторыя іншыя галасавыя моманты, сам тэмбр месцамі падобны. Як вакаліст і выкладчык вакалу я многае пераймаю з ягонай вакальнай тэхнікі, і так спяваць мне здаецца больш цікавым, ды й больш правільным менавіта для гэтых кампазіцый.

Яшчэ трэба сказаць, што я проста захапляюся Уладзімірам Мулявіным і тым, што ён зрабіў, прычым такім — далёкім ад шлягераў. Мне ўвогуле падаецца, што яго самая сапраўдная творчасць гэта кантаты, сюіты — як тая ж “Песня пра долю”, “Гусляр”, гэта такія кампазіцыі як “Крик птицы”, “Ave Maria” — не “Вологда” да прыкладу. Калі я трапіў у ансамбль Леаніда Барткевіча, усе хлопцы былі нашмат старэйшымі за мяне, і ўсе яны папрацавалі з Мулявіным, хоць і нядоўга — Сяргей Мядзведзеў, Алег Усціновіч, Сяргей Осіпаў. Усе таксама былі захопленыя ім, расказвалі масу гісторый, згадвалі з вялікім захапленнем. Я ўсім гэтым напітваўся, пачаў, дарэчы, слухаць арт-рок, старыя групы — Kansas, Boston, гэта ўсё было блізкае мулявінскім “Песнярам”. Магчыма, менавіта адтуль у мяне і пайшла цікавасць да не самай простай музыкі.

Не быць мне Стасам Міхайлавым

— Вы добра спяваеце, у вас абсалютна сцэнічная знешнасць, у вас вельмі артыстычныя паводзіны на сцэне. Мне здаецца, пры жаданні вы маглі б на эстрадзе скараць жаночыя сэрцы і стаць сапраўднай поп-зоркай. Але ж вы ў гэты бок нават не глядзіце, цяжкі рок вам больш мілы.

— Стаць поп-зоркай кшталту Стаса Міхайлава ў мяне дакладна не атрымаецца (смех). У мяне іншы склад розуму, іншае выхаванне — не тое што добрае ці дрэннае, проста іншае. Чалавек для такой музыкі і такіх песень павінны ад пачатку быць зроблены падобным чынам. Мяне ж вабіць найперш творчасць, музыка. А калі б яшчэ і нейкі прадзюсар быў, і ён бы мной кіраваў і казаў, што спяваць і дзе — гэта ж увогуле жах! Можа, я і ўпусціў нейкія шансы, не скарыстаўся імі, але мне здаецца, што гэта проста не мой шлях. Хаця пагаджуся, што я недастаткова раскрыўся як артыст. І думаць так, магчыма, буду яшчэ доўга, бо абраў для сябе не самы просты і лёгкі шлях, не самую простую музыку. Бо, ізноў жа паўтару, творы ансамбля “Песняры”, якія маюць поспех у маім выкананні, я ніяк не лічу сваёй заслугай. Мне трэба развіваць свой уласны праект, сваю аўтарскую творчасць.

— Але ж конкурсы, фестывалі, тэлепраекты? Я ўяўляю, што, напрыклад, у “Голас” вы трапілі б без праблем. Многія нашыя землякі, што ўмеюць спяваць, удзельнічаюць у расійскіх і ўкраінскіх шоу, імкнуцца на “Еўрабачанне”. А вы чамусьці пагарджаеце такімі магчымасцямі.

— Мне здаецца, зараз перада мной стаяць нейкія іншыя задачы. Ды й пару разоў я пачынаў рухацца ў гэтым напрамку, адбіраўся на “Новую волну”, на “Главную сцену” мяне бралі, але знаходзіліся нейкія больш важныя рэчы, і я аддаваў ім перавагу, не прыязджаў на рэпетыцыю ці чарговы этап. Мабыць, я не бачу для сябе вялікага сэнсу ў падобных праектах, далей з гэтым усё роўна нічога не зробіш, калі не будзе ў цябе свайго рэпертуару, сваёй лініі. І не хочацца мне туды, шчыра скажу.

— Вы не толькі вакаліст, але і выкладчык вакалу. У нашай беларускай музыцы каго ў плане вакалу вы лічыце для сябе блізкім?

— У кожнага свае вартасці, свае асаблівасці. Але я б сказаў, напрыклад, пра Пятра Елфімава. Калі нас параўноўваць, то ў яго ёсць супервысокія ноты, а ў мяне супернасычаныя нізы. Насамрэч, я, мабыць, і не ўсіх ведаю. Ёсць, напрыкдад, цудоўны метал-вакаліст Канстанцін Дудараў. У нашы 20 з нечым гадоў мы былі ў адной, так бы мовіць, тусоўцы — я, Елфімаў і Дудараў. І калі Пётр паехаў на “Еўрабачанне”, то запрасіў мяне ў якасці бэк-вакаліста. У рок-музыцы магу адзначыць цікавы вакал групы Nizkiz — са сваім адметным гучаннем. І як спявае Лявон Вольскі мне падабаецца, хаця гэта ўжо, магчыма, трохі іншае.

Не хочацца далей пісаць “у стол”

— Што на гэты момант для вас галоўнае, які праект, якія песні?

— Мой асноўны праект — група YANN ZHANCHAK, у яго зараз невялічкае зацішша перад пачаткам новага этапа. Працуем над матэрыялам, англійскую мову пачынаем замяняць беларускай і рускай, робім адразу многа песень, пасля Новага года пачнём іх выпускаць і рыхтавацца да вялікага сольнага канцэрта ў сакавіку. Нашыя песні можна аднесці да мэйнстрыма, яны падабаюцца самым розным людзям. Проста трэба зрабіць так, каб яны былі пачутыя, не хочацца далей пісаць “у стол”. Трэба займацца рэкламай, Youtube, Instagram, радыё. Я зараз трохі па-іншаму пачаў ставіцца да такіх рэчаў як прамоўшн, піар ды SMM — сустрэўся мне чалавек, які па палічках расклаў усе сучасныя тэхналогіі. Таму цяпер я і ўзяў паузу, каб усё падрыхтаваць, а потым стрэліць, каб зрабіць новы матэрыял, які б гучаў сучасна і актуальна, які быў бы ў трэндзе. А рок насамрэч, я лічу, зараз вельмі папулярны, усё вяртаецца да жывой музыкі, да жывых гітар і барабанаў. Тыя ж рэперы, паглядзіце, свае канцэрты іграюць менавіта з рок-саставамі, з сапраўднымі музыкантамі.

— Вы зараз поўныя аптымістычных планаў…

— Стрымана аптымістычных. Канешне, ад чалавека шмат што залежыць, але ўдача таксама павінна быць. Але ж я даўно б’ю ў адну кропку, у рэшце рэшт калі не імгненна, то хоць нейкім накапляльным шляхам дасягну мэты. Па вялікім рахунку, групе YANN ZHANCHAK толькі два з паловай гады, былі спробы, эксперыменты. А зараз пачнем новае гучнае жыццё, будзем выходзіць да шырокай публікі, так што ўсё наперадзе.