Ураджай з “… Куфара”

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

ХVІ Міжнародны фестываль студэнцкіх і моладзевых тэатраў сабраў багаты творчы ўраджай. Як заўжды, Гран-пры вызначалі па галасаванні гледачоў, і тут, прычым упершыню за ўсе гады, іх аказалася адразу два. Калі ж меркаваць па ўзнагародах, раздадзеных міжнародным па складзе журы, дык большая іх частка прыпала на спектакль “Ураджай” студэнцкага тэатра Тартускага ўніверсітэта (Эстонія) паводле знакамітай п’есы беларускага драматурга Паўла Пражко, шырока вядомага за межамі краіны. Так што ўраджай атрымаўся — ва ўсіх сэнсах незвычайны.

/i/content/pi/cult/774/16713/012.JPG— Рыхтуючы фестываль, — расказала дырэктар “Тэатральнага куфара” Кацярына Саладуха, — усе заўжды хвалююцца, як ён пройдзе. І галоўная турбота — як пройдуць тыя ці іншыя спектаклі на новых для сябе пляцоўках. Тут заўсёды ёсць складанасці. Але сёлета ўсе ў адзін голас віталі новую фестывальную арт-прастору Hide у былой прамысловай зоне па вуліцы Кастрычніцкай, якая апошнім часам стала прытулкам разнастайных маладзёжных праграм і праектаў. А ў астатнім — усё залежыць ад саміх тэатраў. Бо спектакль — жывы арганізм, і пры кожным новым паказе ён можа вельмі змяніцца. У яшчэ большай ступені гэта тычыцца аматарскіх калектываў, дзе творчую форму трымае не столькі прафесійная школа, колькі настрой удзельнікаў. Таму заўсёдная задача ўсіх арганізатараў — стварыць добрую атмасферу.

І гэта ўдалося болей, чым калісьці: акрамя паказаных спектакляў, фестываль увабраў у сябе многа іншых творчых сустрэч і кантактаў. А завяршаўся ён праектам Kufar-in-Motion. Член журы, педагог-харэограф, рэжысёр маладзёжнага тэатра “Колесо” і галоўны рэжысёр Цэнтра культуры “Віцебск” Уладзіслава Цвікі працавала з удзельнікамі фестывалю ў рэжыме анлайн і па завяршэнні паказу гэтай бліц-пастаноўкі падзялілася ўражаннямі:

— У гэтым праекце ўдзельнічалі артысты тэатра “Карман” Кузбаскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта з расійскага горада Кемерава. Адкрытыя, гатовыя да такога роду стасункаў, яны хутка адгукаліся на ўсе прапановы, не адмаўляліся ад пастаўленых перад імі патрабаванняў. І за чатыры гадзіны гэткага трэнінгу атрымаўся не спектакль (я б яго так не называла), але перформанс. Пры тым, што гэта студэнты тэхнічнага ВНУ, яны не трымаліся за раней напрацаваныя прыёмы, не спрошчвалі сабе задачы, а дэманстравалі творчую свабоду, гнуткасць у іх вырашэнні.

Дададзім, што гэта стала дадатковым пацверджаннем іх глядацкага Гран-пры за конкурсны спектакль Factum fatum, пабудаваны на пластыцы і напоўнены акрабатыкай, шматлікімі гэгамі (журы адзначыла гэты спектакль за лепшую сцэнаграфію). Другое Гран-пры, таксама паводле галасавання публікі, дасталася спектаклю “Наш дом” тэатра Nasza Kamienica з горада Лодзі (Польшча). Журы ўзнагародзіла яго спецыяльным прызам “За шчырасць і прафесіяналізм”. Ды ўсё ж найбольшую колькасць узнагарод і прызоў сабраў згаданы эстонскі “Ураджай”: за лепшую рэжысуру, лепшы спектакль аматарскага тэатра (лепшым спектаклем прафесійнага тэатра была прызнана “Музыка свету” тэатральнай майстэрні “Студыёзы” БДУКіМ) і за лепшыя мужчынскую і жаночую ролі (за лепшую мужчынскую ролю быў таксама ўшанаваны Станіслаў Шадзько з Полацкага ўніверсітэта).

Нягледзячы на тое, што “Ураджай” ішоў на эстонскім з англійскімі субтытрамі, спектакль быў зразумелы нават без перакладу. Ён прыцягнуў увагу адметным прачытаннем — пры тым, што аднайменная п’еса П.Пражко была ўвасоблена ў безлічы расійскіх тэатраў (некаторыя з гэтых спектакляў можна было бачыць на іншых беларускіх тэатральных форумах) і ў нашым Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Эстонскі “Ураджай”, дзе былі скарочаны асобныя старонкі тэксту, супрацьпаставіў працавітых, чуллівых дзяўчат, гатовых штораз прыйсці на дапамогу, і цалкам бездапаможных, але ўладарных хлопцаў. Кожны з іх “уладарыць” па-свойму. Адзін мае поспех у пыхлівасці, рыторыцы, жаданні быць камандзірам, які нічога не робіць, а толькі раздае ўсё новыя загады. Другі — гэткае вялікаўзроставае дзіця, якога трэба ўвесь час уратоўваць ды лашчыць, каб супакоіўся, а то можа і істэрыку закаціць. Пазнаеце тыпажы? Дзяўчаты спачатку імкнуцца не толькі яблыкі збіраць, як гэта прадугледжана п’есай, а яшчэ і мякка, спагадліва, быццам бы незаўважна заляцацца да хлопцаў. Але хутка страчваюць да іх цікавасць. Ніводная з іх так і не прапануе яблык свайму Адаму, нягледзячы на ўсю сімволіку заяўленай тэмы. Чым не праекцыя на сучасную сітуацыю, калі многія жанчыны не бачаць вакол сябе годных кандыдатур?

Увогуле ж, кожны фестывальны спектакль меў нейкую сваю разыначку. Нечаканыя вынікі даў і падзел конкурсу на аматарскія і прафесійныя калектывы.

— Раптам стала відавочна, — справядліва заўважыла член журы Уладзіслава Цвікі, — што яны могуць канкурыраваць між сабой. Так, прафесійныя тэатры вызначаюцца атрыманай грунтоўнай школай. Але часам страцілі адчуванне маладзёжнага нерва — таго, што сёння цікавіць моладзь. Затое аматарскія студэнцкія калектывы вельмі добра трапляюць ва ўсё тое, што хвалюе маладзёжны асяродак. І часта ў іх спектаклях, хай часам і недасканалых па форме, больш свежага паветра.

Сапраўды, ёсць над чым задумацца...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"