Астрамечава: паміж мінулым і будучыняй

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Аграгарадок, якому “рамонт культуры” не патрэбны
“У нас вялікая радасць!” — такімі словамі сустрэла мяне ў Астрамечава дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Пракаповіч. Гледзячы на яе шчаслівы твар, мне чамусьці ўспомнілася рэпліка Рубіка з кінакласікі “Міміно”: “Ведаеш што, я табе разумную рэч скажу, але толькі ты не крыўдуй: калі мне будзе прыемна, я так давязу, што табе таксама будзе прыемна”. І яшчэ не ведаючы ў чым справа, і мне стала радасна. А прычына цудоўнага настрою маёй суразмоўніцы заключалася ў наступным: у ДШМ ідзе доўгачаканы рамонт…

/i/content/pi/cult/774/16709/09.JPGПершай справай — фальклор

— Рамантавацца памяшканні пачалі з надыходам лістапада, — прысвячае аглядальніка “К” у падрабязнасці бягучай падзеі Таццяна Георгіеўна. — Працы досыць складаныя. Цыклююцца падлогі, пакрываюцца лакам, у маім кабінеце заслалі лінолеум. У класе харэаграфіі падлогу пакрылі адмысловымі панэлямі. Давялі да ладу дах — у месцах, дзе працякала столь і завёўся грыбок, адбілі ад цэглы тынкоўку, зноўку затынкавалі і пафарбавалі.

Увогуле, хутка вучняў інструментальнага, харэаграфічнага і харавога аддзяленняў прымуць новыя сцены, столі, падлогі — прыме новы дом! І ў старым творчая каша варылася хвацкага густу, а ў дадзеным, упэўнены, “стравы” якасцю будуць не горшыя. Ва ўсякім выпадку, тое, што вылучала Школу на фоне некаторых аналагічных устаноў краіны, нікуды не знікне, а менавіта — зварот да нацыянальнага фальклору. І ў інструментальнай музыцы, і ў песнях, і ў танцах пануючая роля аддадзена айчынным творам: яны могуць быць паднесены публіцы ў варыянтах блізкіх да арыгінальных, — якія дайшлі да нас скрозь тоўшчы часоў, і ў стылізаваных, — у выглядзе ўласных апрацовак. І прычым нярэдка ўсе гэтыя стыхіі аб’ядноўваюцца ў адных праграмах і нумарах, якія выхаванцы ДШМ дэманструюць на мерапрыемствах. Так што, думаю, не памылюся, калі напішу, што ўстанова сваё крэда ў мастацтве бачыць і ў жанры сінтэтычным.

— Мабыць, самымі яркімі, прыкметнымі мерапрыемствамі апошніх гадоў, якія мы арганізавалі, былі музычна-харэаграфічныя прадстаўленні “Каляды” і “Гуканне вясны”, — паведамляе Таццяна Пракаповіч. — Рыхтуючы іх, “паднялі” вельмі шмат фальклорнага матэрыялу, але, выкарыстоўваючы каранёвы, аўтэнтычны, нешта інтэрпрэтавалі і па-свойму.

Пры Школе мастацтваў дзейнічаюць восем калектываў: узорныя ансамбль народнага танца “Местачковыя казыры” і інструментальны “Астрамечаўскія жаўрукі”, ансамблі баяністаў “Гармошачка” і скрыпачоў “Даміно”, скрыпічны дуэт StAr, вакальныя ансамблі “Калейдаскоп” і “Натхненне”, хор “Журавушка”. Навучаецца ж у ДШМ восемдзясят сем вучняў, веды якім даюць пятнаццаць выкладчыкаў і канцэртмайстраў. Набор у Школу ажыццяўляецца з яе падрыхтоўчага аддзялення — у гэтым годзе прынялі трынаццаць чалавек. Яно — платнае: за два ўрокі ў тыдзень на працягу месяца трэба аддаць 15 рублёў за заняткі ў групе, 20 — за індывідуальныя. (А для дарослых ва ўстанове ёсць курсы паскоранага навучання — таксама на платнай аснове: у іх можна падцягнуць ігру на баяне і паспрабаваць ліквідаваць прабелы ў сваёй харэаграфічнай адукацыі.) Па заканчэнні альма-матэр выпускнікі атрымліваюць пасведчанні і пры жаданні могуць паступаць у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы адпаведнага профілю.

— Таццяна Георгіеўна, разумею — ДШМ нарадзілася з музычнай школы, але чаму б не адкрыць ва ўстанове яшчэ і, напрыклад, клас выяўленчага мастацтва? Няўжо аграгарадок бедны на юных мастакоў? — пытаюся я.

— Вядома, таленавітыя ёсць. Як і тыя дзеці, хто мог бы займацца, дапусцім, у тэатральным класе. Але не ўсё так проста: раз, захацелі і адкрылі новыя аддзяленні. Вы ж бачыце, што мы абмежаваныя толькі тымі памяшканнямі, якія займае Школа, знаходзячыся ў Палацы культуры. А бо ў ім размешчаны і Дом шлюбаў, і Брэсцкі раённы дом рамёстваў, і Цэнтр падтрымкі ініцыятыў жанчын, і банк, і пошта... Цясніць няма каго. Другое пытанне — дзе ўзяць спецыялістаў? Вось у вёсцы Тэльмы, што ляжыць непадалёк ад Астрамечава, жыве сям’я выдатных мастакоў Улыбіных. Аляксандр Сяргеевіч і Ганна Іванаўна больш за дзесяць гадоў навучаюць дзяцей у мясцовай Дзіцячай школе мастацтваў. Усё там цудоўна. Ці паедзе хтосьці з маладых спецыялістаў да нас? Самі ведаеце, як яны, адпрацаваўшы размеркаванне, часцяком тут жа і знікаюць. Няма ў мяне ўпэўненасці, што мы знойдзем сапраўды патрэбных людзей.

— Аднак жа знайшліся для трох вашых цяперашніх аддзяленняў!

— За тое дзякуй Брэсцкаму дзяржаўнаму музычнаму каледжу, не падводзіў ён нас пакуль сваімі выпускнікамі... Але думаць пра тое, што ў Школе мастацтваў маглі б быць і іншыя аддзяленні, не перастаем. Хай саспеюць для гэтага ўмовы.

Дзякуе спадарыня Пракаповіч і аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама — за фінансаванне рамонту, за набыццё новых інструментаў.

— Хацелася б яшчэ больш мець дарагіх, сучасных інструментаў, — на развітанне дзеліцца патаемнымі марамі візаві. — Клас музычна-тэарэтычных дысцыплін абсталяваць тэхнічнымі навінкамі, клас вакалу — мікшэрнымі пультамі, добрымі мікрафонамі. Я выдатна разумею, колькі ўсё каштуе... Аднак мы спадзяемся і верым! А наогул, наша дзяржава заслугоўвае глыбокага рэверанса за тое, што яна здолела захаваць сістэму дзіцячых школ мастацтваў, выдаткоўваючы на іх утрыманне вельмі вялікія грошы. Некаторыя суседнія краіны ў гэтым сэнсе могуць толькі пазайздросціць Беларусі.

І зусім не хатка!

У 2018-м годзе ў Палацы культуры Астрамечава адкрыўся Цэнтр падтрымкі ініцыятыў жанчын “Спадарыня Прыбужжа”. У яго музеі можна азнаёміцца з прадметамі побыту сельскіх паненак. Тут праводзяцца майстар-класы, падчас якіх прадстаўнікі слабага полу даказваюць, што яны не саступаюць сваім калегам — мужчынам-рамеснікам — у саломапляценні і роспісе па шкле, а ў ткацтве, вышыўцы і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве пераўзыходзяць іх. Праходзяць і розныя мерапрыемствы, прычым з выкарыстаннем мультымедыйнай тэхнікі. Як падкрэсліваюць афіцыйныя крыніцы, Цэнтр закліканы стымуляваць самазанятасць жыхарак Брэсцкага раёна на аснове традыцыйных рамёстваў.

— Магчымым крытыкам, якія маглі б сказаць, маўляў, гэтая “Матуліна хатка” нічым не адрозніваецца ад тых, што раскіданыя па ўсёй краіне, я б запярэчыў так, — кідаецца на абарону ад скептыкаў Фёдар Мартыновіч, метадыст Брэсцкага раённага дома рамёстваў. — Нават не беручы ў разлік шматфункцыянальнасць “Спадарыні...” — аб’екта, дзе сістэматычна арганізуюцца ўсялякія імпрэзы, што дзейнічае як вучэбная і працоўная пляцоўкі (пакажыце мне такую “хатку”, якая дазваляе сабе і тое, і іншае, і трэцяе), у нашай прадстаўлены артэфакты толькі дадзенага рэгіёна — з усімі іх характэрнымі рысамі, асаблівасцямі вырабу, прымянення.

“З нуля”

“Адрэцэнзаваць” культурнае жыццё Астрамечава я папрасіў чалавека, які да гэтага самага быцця і мае прамое стаўленне — былога дырэктара Брэсцкага раённага дома рамёстваў Таццяну Лук’янюк. Яна і была сярод тых, хто ствараў установу “з нуля”, вывучаючы, якія традыцыйныя промыслы ў рэгіёне існавалі і існуюць, шукаючы майстроў, запрашаючы іх да супрацоўніцтва, збіраючы і назапашваючы то змесціва БРДР, без якога дзейнічаць ён не мог. А калі Дом ужо расправіў крылы, паўстала пытанне аб тым, каб “засвяціць” працу і яго ў цэлым, і ўмельцаў, пагаварыць аб рамёствах, краязнаўстве, фальклоры, культуры шырэй яшчэ і з іншай трыбуны. І тады Таццяна Аляксандраўна стала ініцыятарам нараджэння краязнаўчага альманаха “Астрамечаўскі рукапіс”, па сутнасці выдання для прафесіяналаў і тых, каму цікава мінулае, сучаснасць і будучыня Беларусі ў пэўным кантэксце.

Каментарый Таццяны ЛУК’ЯНЮК:

— У культуры Астрамечава была праведзена велізарная праца. У нас ёсць выдатныя калектывы і ў Палацы культуры, і ў Дзіцячай школе мастацтваў, я бачу, што моладзі, дзецям падабаецца хадзіць у іх. А бо за маладое пакаленне зараз і ідзе “барацьба”, у тым ліку на культурным фронце: якім чынам яго можна зацікавіць у каштоўнасцях вечных, закахаць у нацыянальныя мастацтва, фальклор, традыцыі? Мне здаецца, што ў аграгарадку, па меншай меры, не прайграюць тую бітву. Я ж, сыходзячы на пенсію, проста так сваё жыццё дажываць не збіралася. Займаюся этна-турызмам: распрацаваўшы тры маршруты, суправаджаю людзей у іх паходах, знаёмлю з памятнымі археалагічнымі і архітэктурнымі месцамі, крыніцамі, прыродай Белавежскай пушчы з боку балот, распавядаю гісторыі вёсак, якія сустракаюцца на шляху. І ў працэсе такіх маіх падарожжаў узнікала ідэя аб стварэнні ў раёне турысцка-лагістычнага цэнтра. Мяне пачулі…

Такім чынам, мы з вамі зазірнулі ў сучасную астрамечаўскую культуру. Зыходзячы са становішча спраў у дні сённяшнім, не думаю, што ў будучыні ёй калі-небудзь спатрэбіцца капітальны рамонт. Так, памяшканні, у якіх яна жыве, перыядычна трэба будзе падлатваць, потым мяняць на новыя. Але, здаецца мне, тыя, хто стануць яе праваднікамі заўтра і паслязаўтра, апраўдаюць надзеі сваіх папярэднікаў: часы прыйдуць іншыя, а людзі тут застануцца ранейшымі — гэтак жа адказнымі, з агнём у вачах, што шукаюць і знаходзяць таленты. Быць культуры Астрамечава, быць!