Палітрук, які ніколі не хлусіў

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Шляхі работніка культуры
Cпаўняецца 100 гадоў з дня заснавання нашай Магілёўскай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса. У сувязі з гэтым хачу распавесці пра Яфіма Аксёнавіча Шабуню, які працаваў яе дырэктарам больш чым два дзесяцігоддзі, у 1950 — 1970-я. На вялікі жаль, сёння яго імя мала хто ведае. Будзе таксама дарэчным згадаць пра гэтага чалавека і ў сувязі з надыходзячым 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, па якой ён прайшоў франтавымі дарогамі з першага да апошняга дня.

/i/content/pi/cult/774/16708/06.JPGТрактарыст-бібліятэкар

Яфім Шабуня нарадзіўся ў 1909 годзе ў мястэчку Дуброўна (тады — Магілёўскай губерні, цяпер — Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай школе, потым працаваў мулярам на “Асінбудзе” і вучыўся на вячэрнім рабфаку. Пасля курсаў трактарыстаў асвоіў “Фардзон” у Дубровенскай МТС. І вось што цікава: хлопец не быў камсамольцам, хоць і знаходзіўся, як тады казалі, у ліку перадавой рабочай моладзі. Тлумачэнне тут, напэўна, наступнае. Хутчэй за ўсё, яго бацькі былі багацейшымі за суседзяў, таму Яфім наўрад ці асмельваўся ўступаць у камсамол у родных мясцінах. А вось кандыдатам у члены камуністычнай партыі стаў, калі служыў у войску на Украіне. Потым вучыуся ў Харкаўскім бібліятэчным інстытуце, які закончыў у 1937 годзе і быў накіраваны начальнікам бібліятэкі Дома Чырвонай арміі спачатку гарнізона горада Бярдзічава, а потым Ізяслава Камянец-Падольскай вобласці. У верасні 1939-га ў складзе часцей 32-й кавалерыйскай дывізіі прымаў удзел у вызваленні заходніх раёнаў Украіны.

Напачатку Вялікай Айчыннай вайны стаў палітруком роты сувязі 124-й стралковай дывізіі 5-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту. Гэтая армія летам 1941-га найбольш паспяхова змагалася з захопнікамі. Гітлер адзначаў, што рух наперад паўночнага фланга групы “Поўдзень” затрыманы ўмацаваннямі Кіева і супрацівам згаданай арміі. Таму і загад з Берліна быў катэгарычным: “5-ю армію чырвоных… прымусіць прыняць бой на захад ад Дняпра, у ходзе якога яна павінна быць знішчана”. Але армія яшчэ колькі тыдняў мужна змагалася з ворагам, сярод яе воінаў быў і Яфім Шабуня.

Форму і партбілет не хаваў

/i/content/pi/cult/774/16708/49-kultura-12-copy-S.jpgУ верасні танкі Гударыяна адрэзалі 5-ю армію ад сваіх. Аб катастрофе многа расказана, і я не буду паўтараць вядомае. Зазначу толькі, што тады загінулі многія савецкія военачальнікі, у іх ліку і камандуючы фронтам генерал Кірпанос. А камандуючы 5-й арміяй генерал Патапаў раненым трапіў у палон.

Фашысты захапілі каля 600 тысяч нашых камандзіраў і чырвонаармейцаў, шмат хто закопваў свае дакументы і парбілеты і заставаўся ў мясцовых жыхароў. Палітрук Шабуня выйшаў з акружэння ў форме, з дакументамі і парбілетам у кішэні, а таксама вывеў і ацалелых падначаленых байцоў. Не баяўся смерці, заставаўся чалавекам, калі трэба было, першым з вінтоўкай у руках прабіваўся праз варожыя заслоны, асабістым прыкладам падтрымліваў больш слабейшых духам таварышаў.

У кастрычніку 1941 года Яфім Шабуня быў прызначаны камісарам асобнай роты сувязі штаба Ваенна-Паветраных сіл 40-й арміі зноў утворанага Пауднёва-Заходняга фронту. А ў красавіку наступнага года быў цяжка паранены пад Старым Асколам і паўгода правёў у шпіталях. Ваенна-ўрачэбная каміссія прызнала хлопца абмежавана-годным для ваеннай службы і яму прапанавалі застацца ў Ташкенце. Натуральна, Яфім папрасіўся зноў на фронт.

Загадчык з лейтэнантскімі пагонамі

Ён стаў палітруком медсанроты 147-й стралковай дывізіі, якая пасля фарміравання накіроўвалася на Волхаўскі фронт. Дывізія ўдзельнічала ў цяжкіх баях па прарыве блакады Ленінграда, а потым была накіравана на папаўненне ў Арол. Яфіма Аксёнавіча залічылі курсантам Ленінградскага ваеннага вучылішча сувязі, якое было размешчана ва Уральску. Пасля вучобы лейтэнанта Шабуню прызначылі начальнікам тэлефонна-тэлеграфнага вузла сувязі 89-га пагранічнага атрада НКВД СССР, але савецкую зямлю яшчэ трэба было вызваляць, і атрад актыўна ўдзельнічаў у баях на тэрыторыі Заходняй Украіны летам і восенню 1944 года. А пасля вайны Яфім Шабуня нёс пагранічную службу ў Карпатах, на граніцы з Польшчай. У 1947 годзе старшы лейтэнант Шабуня быў звольнены з ваеннай службы і яго накіравалі на працу загадчыкам аддзела культуры Ізяслаўскага райвыканкама Камянец-Падольскай вобласці. І хаця жонка афіцэра была ўраджэнкай Украіны, яго цягнула ў родную Беларусь. Там, у Магітлёве, разам з маці жыла сястра Марыя, настаўніца. Яфім Шабуня разам са сваёй Кацярынай Фёдараўнай прыязджае ў Магілёў.

У жніўні 1948 года абкам партыі прызначыў Яфіма намеснікам дырэктара Магілёўскай абласной бібліятэкі па навуковай частцы. Мала хто памятае, што менавіта ў тыя часы ў нашы бібліятэкі вярталіся кніжныя фонды з Германіі, Усходняй Прусіі, іншых месц. І вельмі многае ў гэтай справе зрабіў Яфім Аксёнавіч.

У 1951 годзе яго перавялі інспектарам аддзела культасветустаноў Магілёўскага аблвыканкама, але Шабуню цягнула да працы з людзьмі, з чытачамі, і яго праз год прызначылі дырэктарам Магілёўскай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся да 1975 года.

Аўтарытэт не купіш

/i/content/pi/cult/774/16708/08.JPGАўтарытэтам карыстаўся вялікім. Цягам з 1953 па 1973 гады пастаянна выбіраўся дэпутатам Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў, працаваў у камісіі па культуры. Якім ён быў дырэктарам? Дасведчаным, ініцыятыўным, здольным прапанаваць калегам нефармальнае мерапрыемства. Вось вытрымка з выступлення Яфіма Аксёнавіча на сесіі Магілёўскага гарсавета (1963): “Нашы бібліятэкі ладзяць цікавыя, змястоўныя мерапрыемствы. За 9 месяцаў года праведзена 106 чытацкіх канферэнцый, літаратурных вечарын, дыспутаў, вусных часопісаў... У асноўным яны праводзяцца на прадпрыемствах і ва ўстановах горада.”

Вельмі часта ў сённяшніх тэлефільмах малююць тыя часы змрочнымі, без спрэчак, без выказвання іншых думак. Шабуня і тут не хлусіць. Арганізоўвае канферэнцыю па смелым рамане Уладзіміра Дудзінцава “Не хлебам адзіным” (1956), на якой выступіла больш за два дзясяткі чытачоў.

Шмат зрабіў Яфім Аксёнавіч для ўмацавання матэрыяльнай базы бібліятэк, росту кніжнага фонду. Так, у 1952-м у Магілёве налічвалася 24 бібліятэкі (без уліку навучальных устаноў), фонд складаў 300 тысяч кніг і было 30 тысяч чытачоў. У 1974 годзе колькасць бібліятэк вырасла да 95-ці, кніжны фонд склаў 3 мільёны экзэмпляраў, а чытачоў было ўжо 150 тысяч. У першай палове 1970-х па ініцыятыве дырэктара гарадскія бібліятэкі атрымалі новыя памяшканні, пярэбары ажыццявіла і бібліятэка імя Карла Маркса.

У другой палове 1960-х, калі я вучыўся ў Магілёўскім палітэхнічным тэхнікуме ды быў актыўным чытачом гарадской бібліятэкі (з’яўляюся ім і па сёння), давялося і мне чуць Яфіма Аксёнавіча. Я запомніў яго высокаадукаваным, карэктным, спакойным чалавекам невысокай хударлявай постаці з нягучным, але надзвычай выразным голасам. Неаспрэчна, ён многае зрабіў для культуры нашага Магілёва. А споўнілася б яму сёлета 110 гадоў.

Міхаіл РЫСЬКОЎ, гісторык