Самы паслядоўны вучань Малевіча

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

100 гадоў з дня той лёсавызначальнай сустрэчы
Віцебск. Лістапад 1919 года. Вялікая аўдыторыя Віцебскай народнай мастацкай вучэльні поўная навучэнцаў, сярод іх таксама відаць і нямала выкладчыкаў. Усе з нецярплівасцю чакаюць лектара. І вось ён уваходзіць — на выгляд гадоў сарака, невялікага росту, мажнага целаскладу. Гэта Казімір Малевіч — знакаміты мастак, вядомы стваральнік новага напрамку ў абстрактным жывапісе “супрэматызму”, аўтар нашумелага “Чорнага квадрата”.

/i/content/pi/cult/773/16702/022.JPGЗнаёмства з майстрам

Толькі пазаўчора ён прыехаў з Масквы ў Віцебск, і вось ужо чытае сваю першую лекцыю, якая ва ўсіх тут выклікае вялікую цікавасць. Мастак пачынае гаварыць — спачатку спакойна, нягучна, потым усё больш распаляючыся, голас яго гучыць усё грамчэй і ўсё больш упэўнена. Ён гаворыць пра сваю тэорыю супрэматызму, пра тое, што ўсе рэчы, увесь наш свет павінны апрануцца ў супрэматычныя формы, гэта значыць тканіны, шпалеры, гаршчкі, талеркі, мэбля, вывескі — карацей, усё павінна быць з супрэматычнымі малюнкамі як новай формай гармоніі. Амаль усе прысутныя слухаюць прамоўцу, затаіўшы дыханне. Толькі некаторыя іранічна ўсміхаюцца. Сярод тых, хто з першых слоў Малевіча захоплены яго думкамі, яго ідэямі — дваццацідвухгадовы навучэнец вучэльні Мікалай Суецін. Менавіта яго потым будуць называць самым паслядоўным вучнем Малевіча. Сёння ж ён бачыць майстра ўпершыню, але яго сэрца цяпер аддана яму назаўжды.

/i/content/pi/cult/773/16702/023.JPGНавучэнец Віцебскай народнай мастацкай вучэльні

У Віцебску Мікалай Суецін апынуўся ў 1915 годзе, калі, мабілізаваны ў войска ў часы Першай сусветнай вайны, з Каўказа быў пераведзены ў Беларусь. Тут ён сустрэў і абедзве рэвалюцыі 1917 года, і канец сусветнай вайны. Нарадзіўся ж Мікалай у 1897 годзе ў Расіі, у пасёлку Мятлеўская, што ў Калужскай губерні. У пачатку 1910-х гадоў вучыўся ў Кадэцкім корпусе ў Пецярбургу. Яшчэ тады ён захапіўся маляваннем, таму не выпадкова, што, калі ў Віцебску ў 1918 годзе адкрылася Народная мастацкая вучэльня, ён паступіў у гэтую навучальную ўстанову, дырэктарам якой у той час быў Марк Шагал.

Ну, а цяпер, з прыездам у Віцебск Малевіча, Суецін поўнасцю захапіўся яго тэорыяй супрэматызму. Калі Малевіч разам з Верай Ермалаевай у рамках Віцебскіх свабодных мастацкіх майстэрняў, як з 1920 года стала называцца Народная вучэльня (з 1922 года Мастацка-практычны інстытут), арганізаваў аб’яднанне УНОВИС (абрэвіятура з рускай Утвердители нового искусства), Мікалай сярод першых уступае ў гэтае аб’яднанне. Разам з іншымі членамі УНОВИСа ён удзельнічае ў падрыхтоўцы святочнага ўпрыгожвання горада, стварае праекты вывесак, робіць афармленне кафэ, сталовых, магазінаў. У 1920 — 1921 гадах удзельнічае ў выставах УНОВИСа ў Віцебску, у 1921 — 1922 — у Маскве.

Сучасныя мастацтвазнаўцы лічаць, што Суецін адзіны з вучняў Малевіча, хто пранікнуў у сутнасць яго метаду і рэалізаваў яго. Аднак пры адданасці прынцыпам супрэматызму кампазіцыі Суеціна адрозніваюцца большым дынамізмам у параўнанні з класічнымі работамі настаўніка. Часта яны пабудаваны па дыяганалі і ўспрымаюцца як рух у нейкай ідэальнай прасторы. Суеціна прываблівалі свабодная абстракцыя, геаметрычныя формы, якія ўзбагачаюцца жывасцю мазка. Свае беспрадметныя кампазіцыі ён асэнсоўваў як падставу для ўніверсальнага пераўтварэння акаляючых чалавека рэчавых форм.

Яшчэ адзін настаўнік

Аднак у Віцебску, акрамя Малевіча, быў яшчэ чалавек, якога Суецін лічыў адным з галоўных сваіх настаўнікаў. Гэта Лазар Лісіцкі, ці, як той сам сябе менаваў, Эль Лісіцкі. З ім Суецін пазнаёміўся яшчэ да прыезду ў Віцебск Малевіча. Дарэчы, менавіта Лісіцкі запрасіў Малевіча ў “беларускі Парыж”. Тут ён пад уплывам заснавальніка супрэматызму захапіўся гэтым напрамкам у мастацтве і паспрабаваў перавесці яго ў аб’ём. У Віцебску Лісіцкі стварае свае “проўны” — аксанаметрычныя выявы розных геаметрычных цел, якія знаходзяцца ў раўнавазе або абапіраюцца на цвёрдае падножжа, ці як бы лунаюць у касмічнай прасторы. Менавіта Лісіцкі захапіў Суеціна працай над аб’ёмнымі супрэматычнымі формамі. Мікалая цікавілі нюансы асвятлення гэткіх форм. “Даючы тую ці іншую асветленасць супрэматычнай аб’ёмнай форме, — адзначаў Суецін, — заўсёды бачыш, што святло і цень тут прысутнічаюць у нейкай залежнасці адно ад аднаго. Прычым іх залежнасць іншая, чым пры ўспрыманні свету аб’ектаў. Святло і цень робяцца не элементамі святла на карціне, а тымі сродкамі, якія адкрываюць нам іншую прыроду адчування свету па-за светлавымі якасцямі”. Сам Суецін ствараў аб’ёмныя мадэлі-“архітэктоны”, якія потым прывялі яго да распрацоўкі нейкага супрэматычнага архітэктурнага ордэра.

У 1922 годзе Мікалай Суецін быў адным з адзінаццаці навучэнцаў, якія склалі першы і адзіны выпуск Віцебскага мастацка-практычнага інстытута. Але да гэтага часу Віцебск ужо пакінулі і Малевіч, і Лісіцкі, і многія з некалі прыехаўшых сюды маскоўскіх і петраградскіх мастакоў. Адразу пасля заканчэння інстытута амаль усе выпускнікі таксама з’ехалі ў Петраград, дзе чакаў іх былы выкладчык Казімір Малевіч. Паехаў у паўночную расійскую сталіцу і Мікалай Суецін.

Пасля Віцебску

Па прыездзе ў Петраград Суецін пачынае як мастак працаваць на Дзяржаўным фарфоравым заводзе і адначасова ў створаным Малевічам Інстытуце мастацкай культуры (ГИНХУК). У 1925 годзе Мікалай узначаліў яго Аддзел матэрыяльнай культуры, дзе займаўся праблемамі супрэматызму, аналізуючы новыя формы мастацтва. Аднак у 1926 годзе інстытут быў са скандалам зачынены, і Мікалай на пэўны час прысвячае сябе жывапіснай творчасці. Кіруючыся прыкладам Малевіча, ён пераходзіць ад чыстай абстракцыі супрэматызму да “метафізічных”, умоўна-знакавых фігуратыўных вобразаў. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў ён стварае жывапісныя “сялянскія цыклы”, якія ўключаюць такія карціны, як “Сялянкі”, “Снапы”, “Жанчына з пілой”, “Мужык” і іншыя. Гэтыя работы мастака экспануюцца на выставах “Мастакі РСФСР за 15 год” у Ленінградзе (1932) і Маскве (1933).

Але Суецін не пакідае і працу на фарфоравым заводзе, галоўным мастаком якога становіцца ў 1932 годзе. Тут ён займаецца стварэннем новых форм вырабаў, у афармленні якіх выкарыстоўвае не толькі супрэматычныя малюнкі, але і фігуратыўныя кампазіцыі. Пры гэтым мастак заўсёды імкнецца, каб дэкаратыўнае афармленне арганічна ўпісвалася ў форму рэчы. Да таго ж формы фарфоравых вырабаў, якія ствараў Мікалай, часам неслі на сабе рысы тых “архітэктонаў”, якімі ён займаўся яшчэ ў Віцебску.

Смерць настаўніка

У 1935 годзе памёр Казімір Малевіч. Як і іншыя яго вучні, Суецін цяжка перажываў адыход настаўніка. Разам з мастаком Канстанцінам Раждзесцвенскім ён арганізоўваў “супрэматычны абрад” пахавання майстра. Ён жа выканаў супрэматычны саркафаг-архітэктон у чорных, белых і зялёных танах. Мікалай таксама зрабіў помнік у выглядзе куба з нанесеным на яго квадратам, які быў пастаўлены на магіле Малевіча ў Падмаскоўі, каля вёскі Нямчынаўка. Аднак у часы Вялікай Айчыннай вайны помнік быў знішчаны (адноўлены ў 1988 годзе).

Выставы і фарфор

У 1930-я гады Суецін актыўна працуе па афармленні выстаў. Ён становіцца галоўным мастаком савецкіх павільёнаў сусветных выстаў у Парыжы ў 1937 годзе і ў Нью-Ёрку ў 1939. З гэтага часу ён змяняе свайго віцебскага настаўніка Лазара Лісіцкага ў ролі кіраўніка самых важных экспазіцыйных работ за мяжой. Настаўнік за гэта на свайго вучня не пакрыўдзіўся, а, наадварот, благаславіў яго на гэтую працу. Але неўзабаве пачынаецца Вялікая Айчынная вайна, якую Суецін правёў у блакадным Ленінградзе. Пасля зняцця блакады Мікалай кіруе стварэннем вялікай выставы “Гераічная абарона Ленінграда”, што стала асновай Музея гераічнай абароны Ленінграда, які існаваў да 1949 года. У пасляваенны час Суецін працягвае працаваць галоўным мастаком Ленінградскага фарфоравага завода. На гэтай пасадзе ён застаецца да самай сваёй смерці 22 студзеня 1954 года.

Прайшло больш за трыццаць гадоў, як Мікалай Міхайлавіч пакінуў Віцебск, але тое, што ён набыў у Віцебскім мастацка-практычным інстытуце, калі вучыўся ў Малевіча і Ермалаевай, калі быў сябрам УНОВИСа, адбілася на ўсёй яго наступнай творчасці — ці то калі ён ствараў свае фарфоравыя рэчы, ці то афармляў вялікія выставы, ці то пісаў жывапісныя палотны. Заўсёды Суецін памятаў, што ён выхаванец віцебскай мастацкай школы — школы, якая ў 1920-я гады была наперадзе ўсяго свету.

Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства