Культура памяці вайны і мір пакаяння

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

Беларусь бадай як ніхто іншы разумее гэтыя пастулаты. Таму тэма, пра якую пойдзе гаворка, нібы суцешвала боль, дзякуючы пакаянню…

/i/content/pi/cult/773/16701/021.JPGУвосень Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау ў партнёрстве з Украінскім каталіцкім універсітэтам пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германія зладзіў адукацыйны курс “Культура памяці і гістарычная палітыка”, арыентаваны на ўдзел беларускіх і ўкраінскіх журналістаў. Сярод удзельнікаў з Беларусі — прадстаўнікі Белдзяржтэлерадыёкампаніі, рэгіянальных дзяржаўных СМІ. Удзельнікі курса ў верасні і кастрычніку наведалі семінары ў Львове і Мінску. У беларускай сталіцы для журналістаў правялі тэарэтычныя заняткі, а таксама экскурсіі — у прыватнасці, па тэрыторыі мінскага гета і лагера смерці ў Трасцянцы. У лістападзе, па выніках конкурснага адбору, удзельнікі семінара накіраваліся ў Берлін, завітаўшы таксама ў Дрэздэн. Журналістаў з дзвюх краін чакалі ў госці найлепшыя нямецкія ўстановы і спецыялісты, якія займаюцца культурай памяці, перадусім — аб падзеях Другой сусветнай вайны.

Да Другой сусветнай і пасля яе

Берлін сустрэў беларуска-ўкраінскую групу 17 лістапада. Відаць, невыпадкова так супала, што на гэтую дату сёлета прыпадае Дзень усенароднай жалобы, які адзначалі ў Германіі з 1919 года на памяць аб ахвярах Першай сусветнай вайны. Зрэшты, дата адзначэння на працягу гісторыі змянялася, як і трактоўка жалобнага дня — але цяпер ён прысвечаны памяці ахвяр не толькі Першай, але і Другой сусветнай вайны. Прытым асобных мемарыялаў у памяць нямецкіх салдат, якія загінулі на Другой сусветнай вайне, тут не знойдзеш — іх імёны толькі часам дадаюць на помнікі, прысвечаныя палеглым на Першай сусветнай. Немцы ясна ўсведамляюць, што іх продкі, якія ваявалі пад нацысцкім кіраўніцтвам, не былі героямі, і толькі тыя з іх, хто былі прызваныя ў войска не па сваёй волі, і загінулі, не здзейсніўшы вайсковых злачынстваў, могуць таксама лічыцца, у пэўным сэнсе, ахвярамі злачыннага гітлераўскага рэжыму.

Візіт групы прыпаў неўзабаве пасля яшчэ адной памятнай даты, важнай менавіта для Берліна. За тыдзень перад тым, 9 лістапада, адзначалася трыццатая гадавіна падзення Берлінскай сцяны, якая падзяляла горад на дзве часткі на працягу 28 гадоў, з 1961 па 1989. Пра трагедыю горада, падзеленага ў пасляваенныя гады паміж Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй і Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай, распавядае мемарыял Берлінскай сцяны — гэта адзін з найлепш захаваных участкаў колішніх памежных умацаванняў паміж усходнім і заходнім Берлінам. Мемарыял ушаноўвае таксама памяць аб людзях, якія загінулі альбо былі забітыя, спрабуючы перасекчы сцяну. Асабліва расчульваюць і адначасова выклікаюць жах і неразуменне расповеды экскурсавода аб лёсах самых маленькіх ахвяр сцяны — дзяцей, якія выпадкова траплялі ў памежную зону, альбо патаналі ў каналах ля сцяны, пакуль супрацоўнікі ратаўнічых службаў не маглі ім дапамагчы, самі баючыся трапіць у зону абстрэлу памежнікаў.

Сцяна нечакана пала ў 1989 у выніку шматлікіх пратэстаў — перамяшчэнне між дзвюма часткамі горада зрабілася вольным, а неўзабаве бетонныя ўмацаванні, калючыя драты ды іншыя памежныя перашкоды амаль цалкам дэмантавалі, пакінуўшы на памяць толькі некалькі ўчасткаў. Але аб колішнім падзеле ў горадзе нагадваюць не толькі бетонныя муры. Экскурсавод Ангела Крэлер прыгадвае, як пасля падзення сцяны ейным калегам з усходняй і заходняй частак горада давялося браць адзін у аднаго ўрокі — бо ўсходнія берлінцы не ведалі нічога пра заходнюю частку горада, і наадварот. Прычым аказалася, што экскурсаводы з заходняга Берліна зайздросцілі калегам з усходняй часткі горада — бо гістарычны цэнтр з пераважнай большасцю знакамітых помнікаў знаходзіўся менавіта ва ўсходнім Берліне.

Вобраз усходняй часткі нямецкай сталіцы дагэтуль шмат у чым вызначае архітэктурная спадчына сацыялізму. Архітэктура тут нагадвае савецкую, дзе-нідзе захаваліся нават вітражы і мазаікі з выявамі Леніна і іншых правадыроў, а непадалёк ад цэнтральнай гарадской плошчы Аляксандрплац стаіць як нічога ніякага помнік Марксу і Энгельсу. Берлін паказвае прыклад спакойнага стаўлення да сацыялістычнага перыяду сваёй гісторыі — прыкметы і сімвалы гэтай эпохі берлінцы не імкнуцца вынішчыць дашчэнту. Зусім іншае стаўленне — да сімволікі нацызму, за злачынствы якога сучасныя немцы адчуваюць пэўную віну.

Месцы памяці

Адзін са знішчаных, але не забытых сімвалаў нацысцкага рэжыму — колішні квартал, дзе размяшчаліся ўпраўленні гестапа і СС. Будынкі гэтых злачынных арганізацый былі пашкоджаныя яшчэ бамбардзіроўкамі ў апошнія месяцы вайны, а пасля яе заканчэння зруйнаваныя дашчэнту — засталіся толькі фрагменты падмуркаў. Але ў 2010 годзе тут быў збудаваны выставачны цэнтр “Тапаграфія тэрору”, які расказвае аб гісторыі і злачынствах нацысцкіх карных органаў. Так, увага тут засяроджаная менавіта на злачынцах — наведвальнік экспазіцыі паглыбляецца ў іх побыт і псіхалогію, каб зразумець, што прыводзіла законапаслухмяных і знешне прыстойных службоўцаў да выканання бесчалавечных і злачынных загадаў, у выніку якіх гінулі часта дзясяткі, сотні ці нават тысячы ні ў чым не вінаватых людзей.

Уражваюць лёсы злачынцаў — многія з іх так і не панеслі пасля вайны заслужанага пакарання, альбо атрымалі не такія вялікія тэрміны зняволення, як належала б у адпаведнасці са здзейсненымі імі ўчынкамі. У частцы экспазіцыі, прысвечанай нацысцкаму тэрору на акупаванай тэрыторыі СССР, часта згадваецца Беларусь — вось здымак яўрэяў з магілёўскага гета, вось фота айнзацкаманды ў Магілёве, якая адказвала за эксперыменты па знішчэнні людзей з дапамогай газаў, а вось — кіраўнік СС Генрых Гімлер падчас візіту ў Мінск… У Берліне памятаюць пра Беларусь і не хаваюць праўды пра злачынствы нацызму, здзейсненыя ў тым ліку і над нашым народам.

Не забываюць, аднак, немцы і пра свае ўласныя траўмы. На ўскрайку Берліна чакае наведвальнікаў музей на тэрыторыі былой турмы “Штазі” — службы бяспекі колішняй ГДР. У першыя пасляваенныя гады тут размяшчаўся лагер інтэрнаваных, дзе ўтрымлівалі асобаў, западозраных у пранацысцкай дзейнасці, пазней тут дзейнічала савецкая следчая турма, а з 1951 па 1990 гады — турма папярэдняга зняволення “Штазі”, дзе пераважна знаходзіліся палітычныя вязні. Турма была звышсакрэтным аб’ектам, увесь квартал вакол яе займалі будынкі розных службаў дзяржбяспекі, а самі зняволеныя не мусілі нават ведаць, дзе менавіта яны знаходзяцца. Турма перастала існаваць неўзабаве пасля падзення Берлінскай сцяны, і ўжо ў 1994 годзе тут пачалося стварэнне мемарыяла.

Сёння ў музеі актыўна развіваюцца і выкарыстоўваюцца праекты, якія распавядаюць гісторыю гэтага месца сродкамі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. Апрануўшы 3D-акуляры, наведвальнікі могуць адчуць сябе на месцы вязня і прайсці праз усе нягоды турэмнага побыту — перад вачыма будуць узнікаць сцэны, разыграныя акцёрамі, прычым ствараецца поўная ілюзія прысутнасці — глядач можа азірацца па баках, рухацца, а віртуальная карціна будзе атачаць яго па-ранейшаму. З дапамогай сродкаў дапоўненай рэальнасці, трымаючы ў руках планшэт з усталяванай адмысловай праграмай, наведвальнік можа прайсціся па асобнай зале, дзе на падлогу выведзеная спадарожнікавая карта Берліна, і на пэўных кропках маршруту даведацца пра эпізоды, звязаныя з гісторыяй спецслужб, пачуць запісы праслушкі “Штазі” альбо пабачыць здымкі, зробленыя схаванай камерай.

Дзённікі і біяграфіі

Асобная старонка гісторыі і культуры Германіі, якой сёння надаецца багата ўвагі — яўрэйская. У краіне, дзе распачаўся Халакост, імкнуцца не забываць як аб сумных і трагічных старонках нямецка-яўрэйскіх дачыненняў, так і аб ранейшых стагоддзях мірнага суіснавання двух народаў. Супрацоўнікі Яўрэйскага музея ў Берліне пазнаёмілі ўдзельнікаў семінара з шэрагам інтэрнэт-праектаў, прысвечаных гісторыі яўрэяў у Германіі і не толькі. Так, старонка “12 з 12000” праз гісторыю тузіну салдат-яўрэяў паказвае лёсы дванаццаці тысяч нямецкіх яўрэяў, якія ваявалі падчас Першай сусветнай вайны — бо нацысты пасля імкнуліся ўсяляк замоўчваць, што яўрэі на той вайне гінулі за Германію гэтак жа, як і немцы. Яшчэ адзін праект пад назвай Jewish Places (“Яўрэйскія мясціны”) — гэта інтэрактыўная карта, на якую нанесеныя месцы, звязаныя з гісторыяй яўрэяў у Германіі і па ўсёй Еўропе, тут пазначаныя і некалькі адрасоў у Мінску.

Тэма нямецкіх яўрэяў і Халакосту працягваецца і ў берлінскім Цэнтры Анны Франк. Установа называецца ў гонар дзяўчынкі, якая ў гады акупацыі вяла знакаміты дзённік, а ў 1945 годзе, ва ўзросце 15 гадоў, загінула ў канцлагеры. Экспазіцыя цэнтра арыентаваная на дзяцей і падлеткаў, яна ў простай і даступнай форме распавядае і паказвае гісторыю сям’і Франк, прычым у экспазіцыі прысутнічаюць не толькі гістарычныя рарытэты, але і звычайныя сучасныя прадметы побыту, якія дазваляюць юным наведвальнікам адчуць сувязь гісторыі 75-гадовай даўніны з сучаснасцю. Каб дзеці маглі самі даць сабе рады з разуменнем гістарычных тэрмінаў, кожнаму выдаюць гласарый — кніжачку, у якой тлумачацца складаныя паняткі. Дарэчы, уся прастора цэнтра таксама арыентаваная на даступнасць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, многія дэталі экспазіцыі разлічаныя на ўспрыняцце людзьмі з праблемамі слыху і зроку. Між іншага, досвед Цэнтра Анны Франк прымушае задумацца аб стварэнні аналагічных экспазіцый паводле дзённікаў юных сведак акупацыі і ўдзельнікаў антынацысцкага супраціву, якіх многа захавалася і ў Беларусі.

Пра вайну без гераізацыі

Акрамя Берліна ўдзельнікі семінара наведалі таксама Дрэздэн — горад на паўднёвым усходзе Германіі, які падчас вайны меў не менш трагічны лёс, чым Берлін. Адной з галоўных і найбольш трагічных старонак гісторыі горада зрабілася сумнавядомая бамбардзіроўка авіяцыяй саюзнікаў, якая адбылася ў лютым 1945 года — у выніку Дрэздэн быў разбураны больш чым напалову. Тым не менш, пасля вайны гістарычныя і архітэктурныя помнікі горада былі дбайна адноўленыя, і сёння тут многае працягвае нагадваць аб саксонскіх курфюрстах, адзін з якіх, Аўгуст ІІ Моцны, быў пэўны час і каралём Рэчы Паспалітай.

У дрэздэнскім Вайскова-гістарычным музеі ўзброеных сіл Германіі аб бамбардзіроўцы нагадвае экспазіцыя, дзе на тэрасе з відам на горад размешчаная вулічная плітка з Дрэздэна, на якой захаваліся сляды ад бомб і асколкаў. А побач — падобная плітка з польскага горада Велюнь, які першым пацярпеў ад нямецкіх бомб у верасні 1939-га, далей — плітка са слядамі баёў са Сталінграда… Наогул, асноўная ідэя, якую імкнуцца давесці стваральнікі музея — што вайна аднолькава страшная і бязлітасная для ўсіх яе ўдзельнікаў. Музей распавядае не толькі і не столькі аб храналогіі стварэння і развіцця нямецкай арміі, яе перамогах і паразах — колькі аб прыродзе вайны і яе ўплыве на грамадства. Асобныя раздзелы экспазіцыі прысвечаныя адлюстраванню вайны ў мастацтве, вайне ў дзіцячых гульнях і цацках, прымяненню падчас ваенных дзеянняў тэхнікі і жывёлаў… Вайна тут паўстае зусім не ў прывабным святле. А ці можа быць іначай?