Дзень пісьменства. Том XV

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

У мінулую нядзелю ў Барысаве рэй вяло роднае слова, панавала беларуская кніга. Усе, хто сабраліся на XV Дзень нашага пісьменства, сустрэліся з выдаўцамі, літаратарамі, героямі сённяшняга дня і сівой мінуўшчыны. Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь і старшыня Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства Аляксандр Косінец агучыў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі гасцям і ўдзельнікам, а таксама падкрэсліў у час адкрыцця юбілейнага свята, што яно яскрава адлюстроўвае ролю беларускага пісьменства, дэманструе дасягненні айчыннай культуры.

 /i/content/pi/cult/174/1670/Dzen-pismenstva1.jpg
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец адкрывае мемарыяльную дошку ў гонар Івана Каладзеева.

7 верасня ў Барысаў прыехалі пісьменнікі Расіі, Украіны, Польшчы, Сербіі і Чарнагорыі, творчая дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі, больш за сотню журналістаў расійскіх СМІ, прадстаўнікі беларускіх часопісаў і газет, творчыя калектывы з усіх абласцей Беларусі, зоркі эстрады, якія бралі ўдзел у грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”. Гасцей віталі старшыня Мінскага аблвыканкама Леанід Крупец, старшыня Барысаўскага райвыканкама Васіль Дылюк. У цырымоніі ўдзельнічалі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Русакевіч, першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш...
Быў адкрыты знак-сімвал “Да 15-годдзя святкавання Дня беларускага пісьменства”. Знак, усталяваны ў гарадскім парку, адлюстроўвае гісторыю свята. А Цэнтральная бібліятэка Барысава займела мемарыяльную шыльду ў гонар беларускага мецэната Івана Каладзеева.
Услед за фестывалем гарадоў-сталіц Дня пісьменства і ўрачыстым адкрыццём свята адбылося шанаванне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, уручэнне “Залатога Купідона” за лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, крытыкі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі...
Заслужаная артыстка Беларусі Анжаліка Агурбаш стала абліччам дабрачыннай акцыі “Хрустальнае сэрца”. Уладальнікамі прыза стануць арганізацыі, што ўнеслі важкі ўклад у дапамогу дзецям-сіротам.
Ідэйная дамінанта мерапрыемства — адлюстраванне нашых літаратурных традыцый,
 /i/content/pi/cult/174/1670/Dzen-pismenstva2.jpg
іхпераемнасці,
неўміручасці. Наколькі атрымалася рэалізацыя задумы? Думаю, ніхто не абвергне таго, што горад дачакаўся агульнага свята. На цэнтральнай плошчы, ля Палаца культуры, побач з музычнай школай, на іншых гарадскіх пляцоўках віравала жыццё — гараджане і госці адпачывалі напоўніцу: слухалі музыку, назіралі за пацешнымі роставымі лялькамі, набывалі ў народных майстроў сувеніры, цікавіліся кніжнымі навінкамі, актыўна кантактавалі з журналістамі, што прэзентавалі свае выданні, ласаваліся нацыянальнымі стравамі...
Дзень беларускага пісьменства завяршыўся гала-канцэртам і начным феерверкам. Барысаў дачытаў кнігу свята, фаліянт пачынае разгортваць Смаргонь.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Юрыя ІВАНОВА і Андрэя СПРЫНЧАНА