З марай пра млын…

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

Я кінуў паліць. Паўгода таму. Хтосьці скажа: навіна асабістага, так бы мовіць, значэння. Так, факт драбнаваты ў маштабах беларускага сусвету. І не напісаў бы пра гэтую маю перамогу над шкоднай звычкай узроста у сорак гадоў, калі б не ліст з Бабруйскага палаца мастацтваў, у якім метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Наталля Давідовіч піша пра Дзень адмовы ад палення. Маўляў, дзень гэты — міжнародны і звернуты ён на інфармаванне грамадства пра шкодны ўплыў тытуню на здароўе. Таму работнікі ўстановы правялі з бабруйскімі школьнікамі гутарку “Паліць — не модна!” Натуральна, выступілі псіхіятры, нарколагі і валеолагі. А я дацяміў, што пад старасць пачаў станавіцца модным.

/i/content/pi/cult/773/16698/017.JPGГаворку пра здаровы лад жыцця падхапіла бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі Алена Янкоўская. “Дзень інфармацыі, — напісала яна, — называўся “Здаровае пакаленне 21 стагоддзя”. Бібліятэкары падрыхтавалі кніжную выставу “Стыль жыцця — здароўе”. Выданні распавядалі аб правільным рэжыме харчавання, фізічных нагрузках, загартоўванні арганізма”. Не ведаю, наколькі эфектыўным аказалася мерапрыемства і колькі чытачоў кінулі пасля яго паліць. Несумненна адно, такіх акцый, нефармальных і адмысловых, павінна быць шмат. І не толькі ў бібліятэцы.

Як тут не згадаць пра ўзаемазвязанасць здаровага цела і духу. На стыку названых паняццяў узнікаюць цікавыя стваральныя ідэі. Напэўна, менавіта ў гэтым вытокі міжнароднага фестывалю мастацтваў Open MoloFantasy у Маладзечне. Па словах вядучага рэдактара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна Надзеі Бондар, адкрыццё мерапрыемства прайшло 21 лістапада ў цэнтры традыцыйнай культуры і побыту вёскі Плябань. Прадстаўнікі Беларусі, Славеніі, Польшчы, Украіны, Расіі з 4 па 8 снежня будуць удзельнічаць у конкурснай праграме. Намінацыі наступныя: харэаграфія, інструментальная музыка, спевы, мастацкае слова, тэатральная творчасць, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Цяпер — вось пра што. Колішнія мае вандроўкі ў Прыбалтыку ўражвалі найперш маляўнічымі і частымі краявідамі з ветракамі. Яшчэ тады прыйшоў да высновы, што наяўнасць млына, які дзейнічае, — паказчык развіцця прыватнай сельскай гаспадаркі. На Беларусі ветракі і вадзяныя млыны — дэкаратыўная імітацыя. Рэдкае выключэнне складаюць турыстычныя аб’екты, дзе ўсё ж ёсць шанец далучыцца да старадаўняй прафесіі мукамола. Так што па млынах у мяне — настальгія на генным узроўні. Крыху падлекаваць яе можна ў Адэльску Гродзенскага раёна, дзе ладзіцца свята млынароў (а яшчэ — раённы фальклорны фэст “Вяртанне да вытокаў” і фестываль “Мелодыя ручніка”). Вядучы метадыст па рабоце ў галіне традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч распавядае: “Свята млынароў адроджана сем гадоў таму. Менавіта ў ваколіцах Адэльска жылі і працавалі гаспадары 14 ветракоў. Млыноў не засталося, а памяць пра іх жыве. А заступнік млынароў — святы Марцін. Ягоны дзень адзначаецца напачатку лістапада”.

Кірмаш “Гусінае свята” прайшоў 23 лістапада ў Белай Дуброве Касцюковіцкага раёна. Тут спрадвеку гадавалі на берагах Беседзі гусей. Кірмашовая традыцыя адроджана. У цэнтральным парку аграгарадка з’явіўся знакавы арт-аб’ект: шыкоўная гусь, зробленая кавалём Сяргеем Курбанавым. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Святлана Захарэнка.

Навіны адным радком. 25 лістапада ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур ладзіўся рэспубліканскі семінар-прэзентацыя “Новыя выданні для аматарскіх калектываў мастацкай творчасці”. Раённыя дажынкі адбыліся ў палацы культуры Ліды. Метадысты Карэліцкага раёна анансуюць пераднавагодняе шоу “Дзве зоркі” — свята песні і танца. Прававы ўрок “Падлетак. Правапарушэнні. Адказнасць” прайшоў у сельскай бібліятэцы Мураванай Ашмянкі Ашмянскага раёна. А інтэлектуальная гульня “Права дзяцей — клопат дзяржавы” была арганізавана ў Тур’янскай сельскай бібліятэцы Шчучынскага раёна. У РЦК Навагрудка прайшоў другі тур конкурсу для творцаў сталага ўзросту. У Ваўкавыскай райбібліятэцы працуе фотавыстава журналіста Наталлі Мазалевіч. Бабруйскія майстры прынялі ўдзел у абласных дажынках, што ладзіліся ў Магілёве. У Бабруйскай цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Аркадзя Гайдара прайшоў майстар-клас па бісерапляценні. У Мастоўскай раённай бібліятэцы дзейнічае міні-музей “Свет дакамп’ютарнай тэхнікі”.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дзятлаўскай райбібліятэкі Марына Бортка піша: “Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка — цэнтр агульнадаступнай інфармацыі, дзе загадчыкам з’яўляецца Людміла Халімончык, стала адным з пераможцаў V рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Перамога дасягнута ў намінацыі “Гісторыя праваслаўя роднага краю”.

Радуе тое, што ўсе праекты, пра якія сёння вядзецца гаворка, — размаітыя па жанрах і цікавыя па змесце. Дэвіз сапраўднага работніка культуры — “Не паўтарацца!”

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна даўно сябруе з аддзелам адукацыі, культуры і спорту краявой думы латвійскага горада Дагда. Кіраўнік гэтага аддзела Марыя Міцкевіч не раз прывозіла ў Браслаў адмысловыя экспанаты для выстаў, да прыкладу, дыван даўжынёй у 30 метраў, тры дзясяткі дэкаратыўных свечак ці шарыкавыя асадкі з розных краін. Гэтым разам, паведамляе дырэктар Браслаўскай ЦБС Вольга Ляснеўская, адбылася выстава больш за паўтысячы папяровых сурвэтак.

Этнафэст “Жывая даўніна” адбыўся 24 лістапада ў Полацкім раённым цэнтры культуры. Прэзентаваліся нацыянальныя стравы і фальклорныя гурты, да прыкладу, калектыў архаічных спеваў “Княжыч” цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка. Пра гэта распавяла рэдактар Полацкага РЦК Кацярына Паўловіч.

У Глыбокім прайшоў першы занальны тур абласнога конкурсу дыскатэчных праграм. Намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ Андрэй Струнчанка распавядае, што дзевяць рэгіёнаў вобласці прэзентавалі 15 праграм для дзяцей, моладзі і дарослых.

Старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алена Абрамчык напісала пра выставу работ жывапісца з Наваельні Анатоля Кардаша. З 1989 года ён стварыў больш за 300 работ. Многія з іх знаходзяцца ў прыватных калекцыях Італіі, Украіны, ЗША…

Настаўнік дзіцячай школы мастацтваў з Гродна Наталля Паўленка паведаміла пра практыку выязных пленэраў і музейна-экскурсійнай дзейнасці. Апошняя вандроўка школьнікаў адбылася ў Навагрудак і Нясвіж.

У палацы мастацтваў Бабруйска прайшоў літаратурны вечар, прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння Міхася Лынькова. Ён у свой час кіраваў мясцовай газетай, дзе друкаваліся яго першыя вершы, фельетоны, апавяданні. Метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей палаца Наталля Давідовіч піша, што з 2011 года гарвыканкам заснаваў спецпрэмію імя пісьменніка.

Навагрудская бібліятэка сямейнага чытання запрасіла маленькіх чытачоў у этнаграфічную вандроўку “Повязь часоў”. Загадчык установы Ларыса Касцюк паведамляе: “Бібліятэка ператварылася ў сядзібу, напоўненую ручнікамі, саматканымі дзяружкамі, кошыкамі, збанкамі і лялькамі-абярэгамі. Да месца прыйшлася кніга Міколы Маляўкі “Сядзіба, альбо Хата з матчынай душой”.

Аддзел метадычнай работы Ашмянскага РЦК даслаў артыкул пра Розу Яцуковіч, якая працуе ў сферы раённай культуры з 1977 года. Пачынала з клуба ў Анжадаве, потым рабіла ў Кракоўцы. Мясцовы хор пераўтварыўся ў ансамбль народнай песні “Жытніца”, які стаў для раёна брэндавым.

Пішыце пра цікавае! Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"