Пакідаў мітусню за ганкам майстэрні

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

26 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прайшла прэзентацыя альбома твораў выдатнага беларускага графіка Анатоля Александровіча. Альбом выйшаў у свет у выдавецтве “Беларусь”. Акадэмія абрана месцам прэзентацыі невыпадкова. Для спадара Анатоля яна была — Alma mater, а ён для акадэміі — адзін з тых, хто ўвасабляе яе гонар і славу. Прычынілася акадэмія і да выдання альбома.

/i/content/pi/cult/773/16696/viber_image_2019-11-28_opt.jpegНа прэзентацыі сабраліся тыя, хто вучыўся разам з Анатолем Александровічам, сябраваў з ім, ведаў яго як мастака. Рэктар акадэміі Міхаіл Баразна, які адкрыў сваім выступам вечарыну, адзначыў, што ў творчасці Александровіча ўвасобіліся спецыфічныя рысы культурнага працэсу ў Беларусі. Адна з асаблівасцей нашай культуры, на думку спадара Міхаіла, у тым, што інавацыі, нават калі прыходзілі да нас звонку, менавіта тут дасягнулі вышэйшай кропкі свайго развіцця і набывалі непаўторныя, унікальныя рысы. Як прыклад, барока, якое мы сёння ведаем як “беларускае” ці “віленскае”. “Неяк, гартаючы часопісы 80-х гадоў, я патрапіў на словы “Беларусь затрымалася ў суворым стылі”. Маўляў, не стае нам сучаснага крэатыву. А ці можна так казаць, калі спадчына суворага стылю запатрабана і сёння? А ці ж гэта кепска затрымацца, скажам, у Рэнесансе? — кажа Міхаіл Баразна. — Сёння творчасць Анатоля Александровіча гэта той жа Рэнесанс. Рэнесанс душы”.

Алена Атраховіч, удава мастака, нагадала некаторыя эпізоды, якія характарызуюць спадара Анатоля як асобу, для якой творчасць заўжды была перадусім. Нават пры першым знаёмстве ён павёў будучую жонку не ў кавярню ці ў кіно, а ў афортную майстэрню, каб паказаць як робіцца гравюра на метале. І першы ягоны падарунак Алене — афортная іголка. Інструмент для мастака — гэта працяг рукі, рэч, лічы, сакральная. Так што, можна сказаць, што дзеля каханай “ад сэрца адарваў”…

Уладзімір Вішнеўскі, аднакурснік Александровіча засяродзіў увагу на талентах сябра, якія вылучалі яго з мастакоўскага асяроддзя, але на развіццё якіх той не меў часу, бо абраў сферай удасканальвання графічнае мастацтва. Анатоль добра граў на гітары, спяваў, цудоўна ведаў творчасць Уладзіміра Высоцкага. Нават выбіраўся з Вішнеўскім у Маскву ў спадзяванні трапіць на спектакль Таганкі і, калі пашчасціць, атрымаць аўтограф геніяльнага барда на сваёй гітары. Нават прыхапіў дзеля гэтай справы фламастар і лак, каб адразу ж аўтограф замацаваць. На жаль, сустрэча не адбылася. Яшчэ Анатоль іграў у самадзейным тэатры, і аднойчы на летняй студэнцкай практыцы, пагаліўшы твар і апрануўшыся дзяўчынай, прыйшоў на танцы ў местачковы клуб, дзе ўтварыў фурор, ледзь не бойку сярод мясцовых хлопцаў. І пры ўсім гэтым Анатоль Александровіч заставаўся глыбокім, удумлівым творцам, які пакідаў пэўную схільнасць да эпатажу, заўжды незласлівага, ды і ўвогуле ўсялякую мітусню, у жыцці непазбежную, за ганкам майстэрні.

Пра ўплыў асобы і творчасці Александровіча на ўласны стыль і светапогляды гаварыў загадчык кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юрый Хілько. Падзеяй для нашага мастацтва стала ўжо абарона дыплома Анатолем Александровічам. Тэмай работы, што мусіла засведчыць ягоную кваліфікацыю, ён абраў ілюстрацыі да паэмы Міхася Чарота “Босыя на вогнішчы”, выкананыя ў тэхніцы афорту. Напрыканцы 1970-х гадоў гэты твор быў вядомы хіба што літаратуразнаўцам ды шчыльнаму колу аматаратаў неафіцыйнай беларушчыны. Між тым, дасведчаныя людзі параўноўваюць паэму Чарота па сіле ўздзеяння і наватарству формы з творам Аляксандра Блока “Дванаццаць”. Маладога мастака маглі папросту не зразумець… Ды, зрэшты, ён і сам мог вагу не падняць. Бывае, што маладзёны не разлічваюць свае сілы. Аднак здолеў. А тыя ілюстрацыі сёння — наша класіка.

На прэзентацыі альбома прагучала думка, што на малой радзіме Анатоля Александровіча ў Дзяржынску можа калі-небудзь з’явіцца ягоны музей. Людзі ў невялікіх гарадах вельмі ганарацца сваімі землякамі, якія зрабілі выдатную кар’еру ў сталіцы. Спадар Анатоль якраз з ліку такіх. Альбом твораў мастака гэта першае і пакуль адзінае падсумаванне ягонага творчага шляху. Па работах, прадстаўленых у кнізе, відаць якую эвалюцыю спазнаў спадар Анатоль на гэтым шляху, як усё больш упэўненай станавілася ягоная рука і набывала афарыстычнасць думка. Адзінае заўжды заставалася нязменным — прынцыпы. Сутнасна ён быў мастаком Рэнесансу. Нашага Адраджэння. Рэнесэнса душы, як слушна заўважыў Міхаіл Баразна. Такім яго памятаюць сябры. Такім яго ведаюць аматары мастацтва.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"