Стратэгічная лінія патрабаванняў

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання 12 верасня шматзальнага кінатэатра “Беларусь” вызначыў стратэгію развіцця нацыянальнай кінаіндустрыі. Яе “тры кіты” — якасць, запатрабаванасць, самаакупнасць…

Напярэдадні святкавання Дня горада Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў першы беларускі мультыплекс “Беларусь”. Кіраўнік дзяржавы пабываў ва ўсіх пяці глядзельных залах, а таксама ў кінапраекцыйнай, дзе азнаёміўся з сучаснай бесперамотачнай сістэмай адначасовага кінапаказу. У час экскурсіі для Прэзідэнта было зазначана, што кінагаліна плануе пачаць пераход да лічбавых кінатэатраў ужо сёлета. Новы від устаноў дазволіць дасягнуць хуткай змены рэпертуару, адначасовага паказу кінахітоў, а таксама пазбегнуць выдаткаў на атрыманне экранных копій. Лічбавы фармат забяспечыць стабільнасць якасці выявы і гуку. Гэтае тэхнічнае абсталяванне дасць магчымасць выкарыстоўваць новыя спосабы рэкламы і папулярызацыі фільмаў, а таксама выкарыстоўваць кінаэкраны для трансляцыі спартыўных мерапрыемстваў і канцэртаў.
У мультыплексе адбылася сур’ёзная гаворка аб сучасным стане айчыннай кінавідэаіндустрыі і далейшых шляхах развіцця гэтай галіны.
Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што шчыльна займацца праблемамі кінавытворчасці дзяржава пачала яшчэ пятнаццаць гадоў таму, аднак на сённяшні дзень стан яе развіцця нездавальняючы. Як паведаміў міністр культуры Уладзімір Матвейчук, паказ айчынных фільмаў у рэспубліканскім пракаце складае толькі 5 %.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вытворчы складнік творчай галіны абавязкова павінен абапірацца на законы рынку, а гэта значыць, што Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” павінна навучыцца прадаваць свой прадукт.
Генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Замяталін акрэсліў галоўныя праблемы кінаіндустрыі. Задачай нумар адзін на сённяшні дзень з’яўляецца рэканструкцыя кінастудыі. Зараз яна не можа забяспечыць поўны цыкл тэхналагічнага працэсу. Напрыклад, каб дасягнуць якаснай апрацоўкі гуку ці правесці колеракарэкцыю, супрацоўнікам неабходна ездзіць у Маскву. “Толькі на тое, каб перавесці паўтарагадзінны фільм з плёнкі ў лічбавы фармат, мы аддаём іншым кінастудыям каля 100 тысяч долараў”, — прывёў ён нясуцяшальны прыклад.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў дату, да якой павінна завяршыцца рэканструкцыя кінастудыі, — 1 мая 2010 года. Да гэтага часу павінна запрацаваць сістэма поўнага цыкла кінавытворчасці — ад здымак да выпуску ліцэнзійных DVD. Для плённай працы ў новым кінакомплексе неабходны прафесійныя кадры, прычым не толькі рэжысёры і акцёры. А для гэтага, найперш, неабходна адкрываць новыя спецыяльнасці ў Акадэміі мастацтваў.
Да вытворчасці кінавідэапрадукцыі неабходна далучаць маладых перспектыўных людзей, зазначыў Кіраўнік дзяржавы. “Збярыце тых, хто па-сапраўднаму хоча працаваць. А я заўсёды падтрымаю маладыя таленты”, — запэўніў ён.
Рэжысёр-аніматар Аляксандр Ленкін узняў пытанне аб тым, што сучасная айчынная анімацыя мала вядома шырокаму гледачу. Гэта тычыцца і прадукцыі Беларускага відэацэнтра. Рэжысёры заклапочаны тым, што айчынная прадукцыя не прапагандуецца, а кіраўнікі тэлеканалаў і кінавідэапракат не зацікаўлены ў супрацоўніцтве. Асабліва балюча кіношнікі ўспрымаюць тое, што кінапракат сёння рознападпарадкаваны. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў да канца года зрабіць адзіную сістэму закупак і пракату фільмаў.
Напрыканцы сустрэчы Прэзідэнт рэзюмаваў: кінавідэагаліну краіны з 2009 года трэба пераводзіць на самаакупнасць. “Пакуль не будзеце ўкладвацца, нічога не будзе. Бярыце крэдыты, здымайце фільмы. Здымеце добры фільм — мы гэта кампенсуем. Уперад жа грошы вы не атрымаеце”, — зазначыў Кіраўнік дзяржавы. 

Настасся ПАНКРАТАВА