За роўныя правы

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

Заўтра ў Мінску адкрываецца ХІІ кінафестываль “Чалавечая годнасць, роўнасць, справядлівасць”. Ён штогод пачынаецца 1 снежня — у Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, а завяршаецца 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека. Папраўдзе сімвалічна! Ладзяць форум Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый у Рэспубліцы Беларусь.

Цягам фестывальных дзён сёлета будуць прадэманстраваны стужкі з Аўстрыі, Бразіліі, Германіі, Даніі, ЗША, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Францыі, Швецыі, Эстоніі і, вядома, Беларусі. Дарэчы, адкрые фестываль менавіта беларускі фільм — “Два” нашага маладога рэжысёра Улады Сяньковай. Ён ужо не ўпершыню трапляе ў фестывальныя афішы. Яго сусветная прэм’ера прыпала на Варшаўскі кінафорум, дзе стужка была адзначана за “смелы, адважны і свежы аповед гісторыі, якая звяртаецца да жорсткай рэальнасці сацыяльнай ізаляцыі”. Высока ацанілі фільм і на нядаўнім “Лістападзе”, дзе ён дэманстраваўся ў раздзеле “Спецыяльныя паказы”. Па заканчэнні цяперашняга форуму ён выйдзе ў пракат — з 11 снежня.

Тэмы, узнятыя фестывальнымі стужкамі, тычацца самых розных праяў барацьбы за чалавечае ў чалавеку, узнімаюць гендарную, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, міграцыйную праблематыку. Гэта адлюстравана нават у назвах кінафільмаў: “За марай”, “Таварыш дзіця”, “Падарожжа ў Іерусалім”, “Па палавой прыкмеце”, “Маладыя палякі”, “Саамская кроў” і іншыя.

Для арганізатараў вельмі важна прымусіць гледачоў задумацца над няпростымі пытаннямі, магчыма — змяніць штосьці ў сваіх звыклых поглядах. Таму ўсе сеансы ў кінатэатры “Піянер” — бясплатныя, па загадзя атрыманых у касе запрашальніках, якія дапамогуць арыентавацца ў запаўняльнасці залы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"