Мастакі, рыхтуйцеся!

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

З 1 лістапада 2019 года па 15 лютага 2020 года ў Рэспубліцы Беларусь абвешчана маштабная падзея ў сферы выяўленчага мастацтва, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў усіх без выключэння творчых напрамкаў, мэтай якой стане падтрымка не толькі таленавітых і вядомых майстроў, але і маладых мастакоў, адкрыццё новых імёнаў у сучасным беларускім мастацтве.

Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва праходзіць не першы раз, з’яўляецца найважнейшым стымулам у развіцці гэтага віду мастацтва Беларусі, прызначана для любога мастака, аматара і прафесіянала. Камісіяй будзе адабрана па дзесяць работ у кожнай намінацыі для ўдзелу ў Рэспубліканскай выставе сучаснага выяўленчага мастацтва. Па выніках адкрытага прагляду і ацэнкі конкурсных матэрыялаў журы вызначыць пераможцаў.

Ініцыятарам конкурсу з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Дырэкцыяй конкурсу вызначаны Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Прэмія праводзіцца па дзесяці намінацыях: “Жывапіс”; “Графіка”; “Скульптура”; “Дызайн”; “Актуальнае мастацтва” (арт-аб’ект, інсталяцыя); “Мастацкая фатаграфія”; “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”; “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”; “Мастацтвазнаўства і крытыка”; “Творчы дэбют”.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна да 15.02.2020 года накіраваць заяўку на электронны адрас: info@histmuseum.by (c тэмай ліста “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва”).