Адчуй сябе Скарынай

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

З ранніх гадоў засвоіў галоўнае правіла паводзінаў у музеі — “Рукамі не чапаць”. Шмат дзе яно і дасюль дзейнічае няўхільна. Але чым далей, тым часцей самі музейшчыкі імкнуцца гэтую запаведзь парушыць — зразумела, не ў дачыненні да экспанатаў. Так пакрысе і ўкараняюцца разнастайныя формы інтэрактыву, добрыя або спрэчныя. Прычым з’яўляюцца яны не толькі ў сталіцы. І, на шчасце, у арсенале музейшчыкаў прадугледжаныя не толькі забаўлянкі. Пару гадоў таму Мастацкая галерэя Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка вырашыла стварыць гравюрную майстэрню, якая мела б на ўзбраенні максімальна дакладны аналаг друкарскага станка XVI стагоддзя. Слоган напрошваецца сам па сабе: “Адчуй сябе Скарынай”. Праект атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дзякуючы гэтаму быў рэалізаваны. Сёння самы час падвесці яго вынікі.

/i/content/pi/cult/772/16676/018.JPGПах шкіпінару

Мастацкая галерэя ў Полацку — гэта насамрэч амаль што музей. Большую частку прасторы займае пастаянная экспазіцыя — прычым папраўдзе шыкоўная. На адным паверсе — верхні слой фрэсак Спаса-Ефрасіннеўскага храма, зняты з яго муроў і перанесены на іншую аснову (пра гэты ўнікальны рэстаўрацыйны праект мы неаднойчы пісалі). На наступных — карпатліва сабраная калекцыя беларускага мастацтва ХХ стагоддзя, здатная прымусіць гэтае мастацтва ацаніць і палюбіць. А найперш — у выпадку з большасцю наведвальнікаў — належным чынам пра яго даведацца. Пакрысе папаўняюцца ўласныя фонды — чаму ў немалой ступені спрыяе актыўная выставачная дзейнасць. Працуе ўласная крама — ці, дакладней, салон. Сувенірным яго не назавеш, бо гэта сапраўдная міні-галерэя — цяпер ужо ў звыклым для нас сэнсе слова: творы мастацтва тут прадаюцца. І, кажуць, купляюцца.

Дык навошта гэтай установе спатрэбіўся такі, здавалася б, няпрофільны праект, дзякуючы якому пад езуіцкімі скляпеннямі запанаваў пах шкіпінару?

/i/content/pi/cult/772/16676/019.JPG— Беларуская графіка пачынаецца са Скарыны, — лаканічна тлумачыць загадчык галерэі і аўтар праекта “Пад знакам Скарыны” Ларыса Лысенка. — А Скарына пачынаецца з Полацка.

Варта адзначыць, што гэтая постаць там ушанаваная належна. Яе імя носіць цэнтральны праспект, на якім усталяваны помнік першадрукару. Але заўважыў адну акалічнасць: спыняюцца ля яго хіба турысты. А вось “тубыльцы” на аўтамаце праходзяць міма. Што, зрэшты, вытлумачальна. Пытанне, як да іх дагрукацца — і асабліва да людзей маладых — у Год малой радзімы для музейшчыкаў асабліва актуальнае.

Між тым, моладзі ў горадзе шмат. Літаральна ўсутыч да галерэі, у тым самым комплексе езуіцкага калегіума, месціцца Полацкі ўніверсітэт. Працуюць і іншыя навучальныя ўстановы — каледжы і, натуральна, школы. Адпаведна, ёсць каго завабліваць у музейныя залы. Толькі вось якім чынам?

Здавалася б, тут найбольш аптымальнымі былі б лёгкія сродкі — напрыклад, модныя гаджэты і 3D-атракцыёны. Але галерэя выбрала шлях куды больш складаны.

— Калі я чытала школьнікам лекцыі пра графіку ды размаітыя яе тэхнікі, тыя пыталіся: а навошта ўсё гэта, калі навокал столькі капіявальных салонаў? — распавядае Ларыса Лысенка. — На жаль, маладое пакаленне — ды і старэйшае, зрэшты, таксама — не разумее каштоўнасць мастацкага твора, зробленага рукамі, а не машынай, не бачыць адрозненне паміж арыгіналам і копіяй. Менавіта гэта мы і імкнемся выправіць.

Яшчэ адным штуршком да з’яўлення майстэрні стала правядзенне ў галерэі першага ў Беларусі пленэру друкаванай графікі, прымеркаванага да ўгодкаў “Апостала”. І неўзабаве ідэя праекта саспела.

Станок талакой

Грант Прэзідэнта забяспечыў для гэтай задумы фінансавы падмурак. Але каб яе рэалізаваць, адных грошай было замала: пагатоў, станок Скарыны ў гіпермаркеце ж не купіш! Музейшчыкам давялося вырашаць мноства дробных праблем. І зрабіць гэта ўдалося найперш дзякуючы колу сваіх сяброў — з ліку звычайных наведвальнікаў.

Сам станок з дуба і розных падручных матэрыялаў зрабіў цясляр Аляксандр Аляксееў. А вось з разцамі ўзнікла праблема: дзе такія сёння здабудзеш? На шчасце, сярод прыхільнікаў галерэі знайшоўся ўмелец, які здолеў іх вытачыць… са старых стаматалагічных інструментаў. Прычым атрымаліся яны настолькі якасныя, што за цэлы год не затупіліся! Іншы дабрадзей прынёс адмысловую пасту, якую таксама нідзе не купіш. Адным словам, ужо само стварэнне майстэрні задзіночыла людзей неабыякавых: рабілася ўсё талакой.

Дапамаглі і мінскія мастакі — хто парадай, а хто і матэрыялам. Так знайшоўся патрэбны для гравюр лінолеум — яго выпуск у нас перапыніўся яшчэ з савецкіх часоў. Удава легендарнага Георгія Паплаўскага Наталля перадала разцы свайго мужа, 47 яго афортных дошак і два літаграфскія камяні — праўда, ужо не для працы, а ў калекцыю галерэі.

— Мы ад пачатку планавалі, што ў майстэрні наведвальнікі змогуць не проста выразаць гравюры, але і знаёміцца з мастацтвам графікі, — распавядае Ларыса Лысенка. — Для гэтага распрацаваны адмысловыя лекцыі, якія даюць магчымасць, скажам, дазнацца пра ўтоены сэнс выяваў кніг таго ж Скарыны. Ці шмат сучасны чалавек пра гэта ведае, калі нават альбом рэпрадукцый знайсці не так проста?

Раскрыць душу

Менавіта з паўтору адной з гэтых гравюр “зялёнаму” наведвальніку і прапануецца пачаць працу ў майстэрні.

— Гэта важна хаця б для засваення тэхнікі, — тлумачыць Ларыса Лысенка. — Трэба хоць трошкі, так бы мовіць, набіць руку. Там жа лініі ўжо вывераныя, кампазіцыя... А набыўшы пэўныя навыкі, кожны вольны стварыць і сваю ўласную работу. Якія сюжэты і тэмы абіраюць? Ды самыя розныя. І, ведаеце, часта вельмі асабістыя: скажам, няшчаснае каханне… Мы вельмі радыя, што праз гравюру маладое пакаленне атрымлівае магчымасць раскрыць душу. Яно пачынае разважаць, перажываць, глыбей асэнсоўваць рэчаінасць.

Што самае цікавае, ахвотных папрацаваць у майстэрні знаходзіцца багата — прынамсі, у выхадны дзень яны ішлі ў галерэю літаральна адзін за адным. І гэта дзіўна ў наш век, калі маладняк нават малюе на смартфоне або планшэце — калі, вядома, наогул малюе.

Задаў дырэктарцы галерэі пытанне пра “культпаход” — тут жа абмовіўшыся, што не бачу ў такім прынцыпе выхавання моладзі нічога прынцыпова кепскага. Спадарыня Ларыса патлумачыла: пэўную частку наведвальнікаў у майстэрню і сапраўды прыводзяць зацікаўленыя выкладчыкі. Але ў выніку ўсе застаюцца задаволенымі. У той самы час, шмат хто прыходзіць і сам па сабе або кампаніямі сяброў.

— Вось сёння хлопец завітаў да нас ажно а 9-й раніцы — да самага адкрыцця галерэі, — распавядае спадарыня Ларыса. — Маўляў, вырашыў да заняткаў гадзінку ў вас папрацаваць. Дарэчы, мы набылі пальчаткі, каб моладзь не баялася запэцкаць рукі — яна ж гэтага сёння баіцца. Але пачуўшы, што прафесійныя граверы працуюць без пальчатак, многія імі свядома не карыстаюцца.

Прычым такой творчасцю захапіліся не толькі студэнты, але і іх выкладчыкі. Адзін з іх стаў у майстэрні заўсёднікам. А ўлетку з’явілася і іншая прыемная тэндэнцыя: людзі пачалі наведвацца ў галерэю цэлымі сем’ямі, разам з малымі дзецьмі — каб разам нешта ствараць. Цудоўны спосаб правесці выхадны!

Безумоўна, палачан вабіць і яшчэ адна акалічнасць — магчымасць займець на памяць добры сувенір. Свежанадрукаваныя імі гравюры яны ахвотна забіраюць дахаты — мабыць, каб пахваліцца перад бацькамі або павесіць на сцяну ў сваімі пакоі. Аднак многія творы застаюцца, так бы мовіць, у фондах майстэрні.

І назапасілася іх за год ужо багата. Так з’явіўся цэлы альбом, сярод аўтараў якога — як прызнаныя прафесійныя мастакі, так юныя пачаткоўцы. Яго прэзентацыя прайшла ў галерэі ў гэтую пятніцу, 22 лістапада.

Займеўшы сваё кола прыхільнікаў у Полацку, праект пачаў сваю “гастрольную дзейнасць” — балазе, габарыты станка гэта дазваляюць. Пабываў і ў віцебскім “худграфе”, і ў мастацкай школе ў Оршы… А бадай найбольшы поспех ён меў у вясковай школцы ў Ветрына. Што і нядзіўна: тамтэйшая дзятва не надта распешчаная рознымі забавамі.

Хаця, зрэшты, смартфоны або планшэты сёння ёсць бадай у кожнага — і на вёсцы, і ў горадзе. І хацелася б, каб малыя хаця б на час іх адкладалі.

— Вельмі важна, каб чалавек мог атрымліваць радасць ад стварэння і ўспрыняцця арыгінальнага твора мастацтва, адчуць сябе ў ролі аўтара, — дадае Ларыса Лысенка. — Узяўшы разец у рукі і паспрабаваўшы “паўтарыць Скарыну”, ты сам пераканаешся, што атрымаецца ў цябе па-іншаму — па-свойму. Дый што тут казаць: нават дзве простыя лініі, праведзеныя рознымі людзьмі ўласнаручна, таксама ў нечым будуць адрознівацца. Таму шмат хто лічыць за гонар стварыць нешта сваімі рукамі. Тым болей, калі ён адчувае, што праз гэта можа далучыцца да гісторыі нашага мастацтва.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"