Эквівалент прэстыжу

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

На дзень нараджэння прынята прыходзіць з падарункамі. Таму юбілею Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны, што адзначаецца сёлета, вельмі пасуе выстава “Прашу прыняць у дар…”. На ёй экспануюцца творы, падораныя музею за апошнія дваццаць пяць гадоў прыватнымі асобамі, дзяржаўнымі службоўцамі і ўстановамі, бізнесовымі структурамі і самімі мастакамі. З пытання, наколькі важная для музея такая форма папаўнення фондаў, распачалася наша гутарка з генеральным дырэктарам НММ РБ Уладзімірам Пракапцовым.

/i/content/pi/cult/772/16675/opt.jpegХочацца паразумення…

“Гэта толькі частка таго, што музей атрымаў у выглядзе падарункаў, — кажа спадар Уладзімір. — Калі б дазвалялі экспазіцыйныя плошчы, экспанатаў было б значна больш. Вялікую выставу можна было б зрабіць з адных толькі падараваных ікон ці твораў сучаснага мастацтва. Мы ж зрабілі экспазіцыю такой, каб глядач мог атрымаць уяўленне пра багацце ўсіх нашых фондаў і ўвесь спектр дарункаў музею. Тут і класіка, і сакральнае мастацтва. Так бы мовіць, творы на ўсе густы. І яшчэ мы парупіліся, каб была бачна дынаміка развіцця мастацтва, эстэтычныя і ментальныя прыярытэты і далёкіх эпох, і блізкіх нам па часе перыядаў. Тут, дарэчы, ёсць не толькі беларускія дарункі, але і з іншых краін”.

Дарункі для музея калі-нікалі становяцца ці адзінай магчымасцю займець творы, неабходныя для фармавання паўнавартаснай калекцыі. Дарэчы, нашы мастакі не заўжды ўяўляюць, наколькі для іх важна быць прадстаўленымі ў музейнай калекцыі. Бывае, што пасля заканчэння сваіх персанальных выстаў у сценах Нацыянальнага мастацкага, аўтары дораць музею не лепшае, а тое, што, мякка кажучы, не надта шкада. Музей жа, зважаючы на свой статус, абы што не бярэ… “Мне бывае незразумелай такая пазіцыя мастакоў, — гаворыць далей дырэктар музея. — Мастак жыве са сваёй творчасці і хоча, каб ягоная праца годна аплочвалася. Але не заўжды атрымліваецца, як хочаш. Калі ж творца ўсведамляе, што ягоны жыццёвы шлях аднойчы скончыцца, і хоча застацца ў гісторыі, дык ён мусіць клапаціцца пра тое, каб лепшае з ягонай спадчыны патрапіла не ў прыватную калекцыю, дзе яно будзе лашчыць вока шчыльнаму колу асоб, а ў дзяржыўныя музейныя зборы. Тут яно мае статус здабытка нацыі, і ў гэтым сэнсе Нацыянальны мастацкі музей па-за канкурэнцыяй. Мы, як гэта ні пафасна гучыць, працуем дзеля вечнасці”.

Ёсць маса прыкладаў, калі мастак распрадаваў свае работы, а потым надыходзіў юбілей, і фактычна не было, што выставіць, не было з чаго зладзіць прыстойную персаналію. Уладзіміру Пракапцову даводзілася чуць: “Пакупайце нашы работы па еўрапейскіх цэнах!” Але ж не сакрэт, што ў Беларускай дзяржавы ёсць праблемы эканамічнага характару, і закупка твораў мастацтва па згаданых цэнах ёй зараз не па кішэні. “Так што, калі мастак усведамляе сябе патрыётам, хай разумее гэту акалічнасць. Зрэшты, гэта зямля яго ўзгадавала. Усе мы Радзіме чымсці абавязаныя”.

Супрацоўнікі музея рупяцца, каб значныя для нашай культурніцкай гісторыі творы станавіліся здабыткам дзяржавы і грамады. Але хацелася б большага паразумення і ад саміх творцаў.

Чаго музейшчыку не хапае для шчасця?

“Шмат чаго, — кажа Уладзімір Іванавіч. Музею, найперш, катастрафічна не хапае плошчаў — выставачных і для размяшчэння інфраструктуры. Праз гэта даводзіцца пры мантажы чарговай выставы здымаць пастаянныя экспазіцыі. А гэта вельмі кепска, бо тады не атрымліваецца паўнавартасных экскурсій. Вядома ж, што большасць гледачоў прыходзяць у мастацкі музей дзеля ягонага “залатога фонду”, які прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі”.

Аднак, спадар Уладзімір з задавальненнем адзначае, што выйшла пастанова Прэзідэнта аб выдзяленні музею дзесяці мільёнаў рублёў на ўладкаванне Музейнага квартала — комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея. 2,9 мільёна будуць выдаткаваны сёлета, 7,1 — у наступным годзе. Грошы пойдуць на рэканструкцыю, прыстасаванне пад музейныя патрэбы будынкаў на Карла Маркса, 24, і Кірава, 25. Там з’явяцца выставачныя залы, кавярня, музейная крама — усё тое, што неабходна сучаснай культурніцкай інстытуцыі для якаснага абслугоўвання наведвальнікаў.

А паказаць музею сапраўды ёсць што. Звыклымі для мінчукоў сталі замежныя выставы ў залах нашай нацыянальнай скарбніцы. Ды і скарбы ягоных калекцый усё часцей “гастралююць” за мяжой. Зараз у нас экспануецца выстава з Амана. Адбыўся абмен выставамі з Ліхтэнштэйнам. Тры месяцы калекцыя беларускіх ікон экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі гэтай краіны. У адказ — творы мастака Іагана Людзвіга Блойлера “Падарожжа па Рэйну” з фондаў згаданага музея ўпершыню за 200 гадоў пакінулі Ліхтэнштэйн дзеля выставы ў Мінску. Пашырэнне плошчаў дазволіць нашаму Нацыянальнаму мастацкаму музею яшчэ больш актывізаваць міжнародныя кантакты.

Музей — не галерэя

Паводле слоў дырэктара, у выставачнай дзейнасці ўпор робіцца на ўласныя калекцыі, на дэманстрацыю грамадзе скарбаў уласных фондаў. “Мы зразумелі, што існуе небяспека ператварэння Нацыянальнага мастацкага музея ў выставачную галерэю. І каб гэта не здарылася, каб высока трымаць марку галоўнага музея краіны, мы, так бы мовіць, рэзка абмежавалі колькасць персанальных выстаў у нашых залах. Як бы ні крыўдавалі на нас мастакі — маўляў, хтосьці ў Нацыянальным мастацкім выставу да свайго юбілею зрабіў, а мне не дазваляюць, тут экспанавацца цяпер маюць права творы толькі вельмі значных, выбітных нашых мастакоў. Такіх як Цвірка, Грамыка, Шчамялёў, Кожух”, — гаворыць Уладзімір Іванавіч. Найперш гаворка ідзе пра творцаў, якія ўшанаваныя званнем народных. Але гэта яшчэ і тыя, хто можа таго звання не мае, але чый унёсак у мастацтва наша культурніцкая грамада цэніць надзвычай высока. Вось і выстава Зоі Літвінавай будзе ў Нацыянальным мастацкім завяршальным акордам юбілейнага года.

Зрэшты, такая практыка даўно існуе ў Расіі. Права на персанальную выставу ў Траццякоўцы маюць творцы ў статусе патрыярхаў нацыянальнага мастацтва. Такі як Сідараў, Ткачовы, Жылінскі… А другі важны напрамак дзейнасці Траццякоўскай галерэі — музейныя праекты. Гэты досвед пасуе і нашаму музею.

Скажам, дзеля таго, каб прадставіць грамадзе вядомыя з’явы з нязвыклага гледзішча, у межах таго ці іншага музейнага праекта, можна рабіць нечаканыя спалучэнні. Вось выстава рускага імпрэсіянізму, а ў экспазіцыі прадстаўлены і беларускія творцы, якіх можна далучыць да гэтага напрамку. Ці выстава Айвазоўскага, якую ладзіў Нацыянальны мастацкі музей, была дапоўнена карцінамі іншых мастакоў, у тым ліку і беларускіх, якіх натхняла мора. І сярод іх — Бялыніцкі-Біруля, хоць гэты мастак больш вядомы як майстра не эпічнага, але лірычнага краявіду, як пясняр выразна кантынентальнай беларускай прыроды.

Была ў музеі выстава, прысвечаная Другім Еўрапейскім гульням. Там экспанаваліся і савецкае рэтра, і творы сучасных мастакоў. Экспазіцыю дапаўняла дакументальнае кіно. Праграма выставы мела адукацыйны чыннік, ладзіліся адмысловыя лекцыі. Паводле падобнага сцэнара адбылася і выстава “Рэлакс”.

Рабочыя будні свята?

Чым адметны для музея юбілейны год? Мо для музейшчыкаў гэта была звычайная праца, хіба што прысвечаная самім фактам 80-гадовага юбілею? Спадар Уладзімір з такой трактоўкай рашуча не пагаджаецца. Юбілей, паводле ягоных слоў, стаў падсумаваннем перыяду станаўлення музея як нацыянальнай скарбніцы, а выставы ды іншыя юбілейныя мерапрыемствы засведчылі статус музея як чынніка сусветнага культурнага працэсу пры досыць высокай ступені самадастатковасці ўласна беларускага мастацтва. Фактычна юбілей музея стаў святам сцвярджэння нашага духоўнага суверэнітэту.

Нагадаў спадар Пракапцоў і асноўныя падзеі юбілейнага года. Гэта ўсталяванне памятнай шыльды на будынку, дзе калісьці была Карцінная галерэя, што з цягам часу ператварылася ў Нацыянальны мастацкі музей. Было віншаванне Прэзідэнта з нагоды юбілею. Прайшла выстава, дзе экспанаваліся работы рэстаўратара за некалькі апошніх гадоў. Былі выстава Сальвадора Далі і адмысловая выстава да Другіх Еўрапейскіх гульняў. Зараз праходзіць выстава Надзі Леже, дзе сярод іншага былі творы з прыватных калекцый з Францыі. Персаналіі Шаранговіча, Тоўсціка, Кожуха, будзе Літвінава. Рускі імпрэсіянізм з калекцыі музея. У тэлеэфір выйшлі некалькі серый дакументальных фільмаў з удзелам былых і сённяшніх супрацоўнікаў Нацыянальнага. Усё гэта свайго роду падарункі, якія музейшчыкі зрабілі самі сабе і культурніцкай грамадзе.

І самае галоўнае — рухаецца справа па стварэнню Музейнага квартала. Ужо зроблена ўся тэхнічная дакументацыя па ім.

Музей грошай не зарабляе, але прыцягвае

Апошнім пытаннем нашай гутаркі было, ці гатовыя музейшчыкі да таго, што верагодныя эканамічныя праблемы бліжэйшай будучыні адаб’юцца на стане музейнай справы. “Канешне, гатовы”, — адказвае спадар Уладзімір. “Усе нашы справы маюць эканамічны чыннік. Вось сёння вельмі востра стаіць пытанне з нашым цудоўным філіялам у Раўбічах — Музеем беларускага народнага мастацтва. Там працуе восем чалавек. Музей гэты фактычна ніхто не наведвае, хоць ён і мае ўнікальную экспазіцыю. Калі раней туды вазілі школьнікаў у рамках праекта “Мая радзіма — СССР”, дык зараз музей знаходзіцца ў анклаве. І з гледзішча эканомікі нерэнтабельны. Там вельмі вялікія грошы на камунальнае абслугоўванне, ахову і гэтак далей. І я як кіраўнік лічу, што ўтрымліваць у Раўбічах філіял немэтазгодна менавіта з эканамічнага гледзішча. І варта было гэты музей перавесці ў Мінск, у Музейны квартал. А для будынка касцёла, у якім месціцца музей, гаспадар знойдзецца…”

Аднак, спадар Пракапцоў мяркуе, што Нацыянальны мастацкі музей усё адно не можа жыць паводле прынцыпа самаакупнасці. Так нават пытанне ставіць несур’ёзна, бо нідзе ў свеце падобная культурніцкая інстытуцыя сама сябе не забяспечвае. Але яе наяўнасць стварае ўмовы іншым структурам — найперш турыстычным і гандлёвым. Сам на сябе можа працаваць хіба нейкі невялікі музейчык, дзе адзін чалавек — увесь штат. Прыйшлі людзі — адкрыў, няма людзей — павесіў замок. А Нацыянальны мастацкі працуе не на чыюсьці кішэню, а на прэстыж краіны, які не ацэньваюцца ў грашовым эквіваленце.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"