Дакументы з “той вайны”

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

12 лістапада ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбыўся круглы стол, прысвечаны выхаду новых кніг серыі “Беларусь памятае: у імя жыцця і міру” — энцыклапедый “Беларусь партызанская” і “Спаленыя вёскі Беларусі: нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць”.

/i/content/pi/cult/772/16672/015.JPGГэтыя выданні з’явіліся на свет у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. У круглым стале ўзялі ўдзел таксама прадстаўнікі ўстаноў, якія мелі непасрэднае дачыненне да працы над кнігамі і падбору дакументаў, што дапамаглі глыбей раскрыць вызначаныя тэмы. Тэксты былі складзеныя супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а дакументы і рэчы са сваіх збораў для ілюстрацыі кніг прадставілі Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў кінафонафотадакументаў і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

“Беларусь партызанская” — унікальнае выданне, якое ўпершыню змяшчае комплексны агляд партызанскага руху ў Беларусі і нездарма мае падзагаловак “Ілюстраваная энцыклапедыя” — кніга змяшчае каля 600 ілюстрацый, многія з гэтых фотаздымкаў публікуюцца ўпершыню. Цікаўнасць даследчыкаў і выдаўцоў да тэмы партызанскага руху абумоўленая яго надзвычайнай роляй у гісторыі Беларусі часоў Вялікай Айчыннай вайны — бадай, нідзе больш на акупаванай тэрыторыі дзеянні партызан не мелі такога выбітнага значэння, такіх уражваючых маштабаў і такой усеахопнай падтрымкі, як у нашай краіне. У Беларусі ў партызанскіх шэрагах змагаліся каля 400 тысяч чалавек, між партызанамі і мірным жыхарствам панавала ўзаемадапамога. 180 тысяч народных мсціўцаў пасля вызвалення Беларусі ўліліся ў шэрагі Чырвонай арміі і працягвалі браць удзел у вызваленні Еўропы ад нацызму. Яшчэ адна цікавая тэма, раскрытая на старонках кнігі — удзел у партызанскім руху замежных антыфашыстаў.

Энцыклапедыя распавядае аб структуры і складзе партызанскага руху, аб партызанскіх зонах — велізарных абшарах, вызваленых народнымі мсціўцамі ад ворагаў яшчэ задоўга да наступу Чырвонай арміі. Багата старонак прысвечана баявой дзейнасці партызан, іх дыверсіям і разведцы, славутай “рэйкавай вайне”. Але адметнасць выдання перадусім у тым, што яно паказвае не толькі героіку змагання, але і побыт партызан: дзейнасць лясных школ, партызанскіх медыкаў, майстэрняў, дзе выраблялі і рамантавалі зброю. Не апошняе месца адведзена таксама расповеду аб ролі партызанскага друку, творчасці і прапаганды.

У сваю чаргу, кніга “Спаленыя вёскі Беларусі: нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць” раскрывае яшчэ больш трагічную ды далікатную тэму з гісторыі апошняй вайны. Вёсак, спаленых нацыстамі, у Беларусі налічвалася каля дзевяці тысяч, з іх каля пяці тысяч былі знішчаныя разам з часткай насельніцтва альбо цалкам. Вядома, прадставіць аб’ём інфармацыі аб такой значнай колькасці населеных пунктаў у межах адной кнігі не ўяўлялася магчымым, таму выданне змяшчае інфармацыю толькі пра некалькі дзясяткаў найбольш яскравых прыкладаў такіх трагедый. У кнізе паказаныя таксама далейшы лёс такіх вёсак, прыведзеныя звесткі аб мемарыялах, створаных у памяць аб ахвярах злачынстваў.

Абедзве кнігі распавядаюць аб гісторыі вайны адначасова на дзвюх мовах — рускай і англійскай. Такім чынам, выдаўцы разглядаюць новыя энцыклапедыі як сродак папулярызацыі беларускага погляду на гісторыю вайны для замежнай аўдыторыі. Гэта дапаможа таксама змагацца супраць скажэння гістарычных рэалій і некарэктнай інтэрпрэтацыі сведчанняў аб вайне.

Як адзначыла дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна, адзін з найбольш моцных бакоў кнігі “Беларусь партызанская” акурат у тым, што яна дае чытачу ўяўленне не толькі пра гераічныя дзеянні і вайсковыя дасягненні партызан, але і пра закуліссе гэтых поспехаў, пра побыт і забеспячэнне, якія былі зарукай эфектыўнасці народных мсціўцаў.

Старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандра Кузняцова-Цімонава, якая прымала ўдзел у стварэнні тэкстаў для кнігі, падкрэсліла, што перад аўтарамі стаяла задача данесці да чытача спецыфіку гісторыі нацысцкай акупацыі і ўнікальнасць народнага супраціву менавіта з беларускага пункту гледжання — бо нават на постсавецкай прасторы і сярод нашых найбліжэйшых суседзяў далёка не ўсе народы сутыкаліся падчас апошняй вайны з такімі з’явамі і рэаліямі, як беларусы. Гісторык таксама звярнула ўвагу на тое, што энцыклапедыя арыентаваная не на вузкае кола спецыялістаў, а на шырокую аўдыторыю, і таму аўтары імкнуліся падаць інфармацыю простай і зразумелай мовай.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша падтрымаў думку калегі, адзначыўшы, што напісаць навукова-папулярную кнігу значна складаней, чым навуковую. Многія аўтары лічаць, што каб паказаць свой розум, трэба пісаць так, каб ніхто з чытачоў наогул нічога не зразумеў — але насамрэч, чым больш проста і зразумела ўмее выказвацца аўтар, тым больш высокім лічыцца яго ўзровень. Паказ партызанскага побыту і штодзённасці — добры сродак наблізіць тэму да чытача, зрабіць подзвіг сувымерным чалавечаму жыццю, і паказаць, што подзвігі здзяйснялі таксама звычайныя людзі.

Як падкрэсліў загадчык аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі Святаслаў Кулінок, якасны навукова-папулярны прадукт мае не меншае значэнне за навуковы. Нягледзячы на багацце ілюстрацыйнага матэрыялу, разгляданыя кнігі змяшчаюць шмат спасылак і проста фотакопій крыніц, што сведчыць на карысць высокага навуковага ўзроўню выданняў і пэўным чынам набліжае іх да навуковых. Дужа ўдала абраная і тэматыка кніг — яны ўзаемадапаўняюць адна адну: калі энцыклапедыя “Спаленыя вёскі Беларусі” распавядае пра трагедыю народа, то “Беларусь партызанская” — пра волю да барацьбы і перамогі.

Удзельнікі круглага стала сышліся на думцы, што памяць аб вайне паступова прытупляецца, хаця і з аб’ектыўных прычынаў: адыходзяць ветэраны і сведкі падзей, а новыя пакаленні ўспрымаюць тую вайну як нешта, што не закранула іх непасрэдна. У такой сітуацыі для захавання памяці патрэбныя новыя, яркія і запамінальныя сродкі, у тым ліку і прымяненне новых тэхналогій. Так, намесніца дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва кінафонафотадакументаў Алена Грыневіч, са свайго боку, адзначыла — досвед замежных аўтараў паказвае, што акрамя фота, пры публікацыі такіх выданняў маглі б выкарыстоўвацца і фона-, і кінадакументы, перадусім — такія каштоўныя крыніцы, як успаміны сведкаў вайны. А галоўны рэдактар “Беларускай энцыклапедыі” Ларыса Языковіч звярнула ўвагу на тое, што ў прапанаваных кнігах ужо быў здзейснены невялікі эксперымент — змешчаныя QR-коды. Гэта спецыяльныя пазнакі, праз якія з дапамогай смартфона можна атрымаць дадатковую інфармацыю, якая не ўвайшла ў тэкст кнігі.

У зале, дзе праходзіў круглы стол, таксама экспанавалася адмыслова прымеркаваная да яго выстава з фондаў Нацыянальнага архіва, дзе можна было пабачыць такія цікавыя экспанаты, як серыя партрэтаў партызан атрада імя Калініна, напісаных у 1943 годзе мастаком Генрыхам Бржазоўскім, партызанскія дзённікі, узоры плакатаў і лістовак, а таксама трафейны нямецкі альбом з фотаздымкамі беларускіх гарадоў.

Падчас круглага стала таксама было зазначана, што кніга “Беларусь партызанская” ўжо карыстаецца пэўным прызнаннем у кнігавыдавецкіх колах і ўвагай чытачоў за мяжой. Так, на кніжнай выставе ў Туркменістане яна атрымала дыплом першай ступені, а таксама выклікала немалую зацікаўленасць падчас прэзентацый у Кыргызстане і Аўстрыі.

Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі і былы дырэктар “Беларускай энцыклапедыі” Уладзімір Андрыевіч падсумаваў, што памяць аб вайне аб’ядноўвае ўсе краіны Еўропы. Але тым не менш, беларусам варта папулярызаваць сваю, адметную культуру памяці, якая не можа не мець адрозненняў з еўрапейскай, але не можа і не адчуваць на сабе яе ўплыў. У якасці прыкладу такога ўзаемапранікнення Уладзімір Андрыевіч прыгадаў, што ў першапачатковай назве кнігі — “Нельга забыць, нельга апраўдаць, нельга дараваць” — апошні радок у выніку ўсё-ткі быў зменены: “Нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць”. Надышоў час для пошуку і высвятлення праўды аб мінулай вайне — і новыя энцыклапедыі сведчаць, што беларусы гатовыя ўпэўнена і сур’ёзна данесці ўсяму свету ўласны погляд на тыя падзеі, якія давялося перажыць нашаму народу.