Як коласаўская Ядвіся

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

З часу правядзення Дня беларускага пісьменства ў Пінску тут адбылося шмат важных па сацыяльна-культурнай значнасці падзей. Усе яны так альбо інакш змянілі аблічча горада, паўплывалі на яго статус. Спынімся на самых адметных, датычных найперш удасканальвання культурнай сферы.

 /i/content/pi/cult/173/1667/Pinsk.jpg

У 2003 годзе званне “ўзорны” прысвоена дзіцячаму калектыву эстраднай песні “Фантастыка” дзіцячай музычнай школы № 1, а ў 2005-ым Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь стаў народны ансамбль песні і танца “Палескія зоры” гарадскога Дома культуры. Гэтыя факты могуць падацца камусьці занадта дробязнымі. Маўляў, хіба ж дзіва, што самадзейныя калектывы прыўзняліся яшчэ на адну прыступку самаўдасканалення? Дзіва сапраўды ніякага. Выключным падаецца іншае: палеская культура, як тая прывабная Ядвіся з трылогіі Коласа “На ростанях”, не гібее, а жыве, імкнецца да развіцця і прыцягвае першароднай прыгажосцю. І, напэўна, толькі самі ўдзельнікі калектываў ведаюць да драбніц, якіх высілкаў вымагаюць тыя званні. А на веданні гэтым уся культура трымаецца...
У 2006 годзе Пінск становіцца тэатральным горадам. З аматарскага калектыву, як рунь увесну, вырас Палескі драматычны тэатр, якім кіруе дырэктар і мастацкі кіраўнік Іван Базан. Сапраўды, падзея для гарадской культуры этапная.
Ужо ў 2007-ым пастаўлена 8 прэм’ер. Для дарослай публікі паказана 78 спектакляў, для дзіцячай — 142. Тэатр за год наведала больш за 19 тысяч гледачоў. А даход ад гэтага склаў 67 мільёнаў рублёў. Але ўлічыць трэба і тое, што шлюбныя абрады ў горадзе з дапамогай мясцовых артыстаў — спрэс тэатралізаваныя, а таму платныя. Праведзена іх было летась 210, а да агульнага тэатральнага даходу дадалося яшчэ амаль 19 мільёнаў. Напэўна, залішне казаць, што тэатр план платных паслуг стабільна выконвае.
Да 125-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа Іван Базан ставіць спектакль паводле п’есы Георгія Марчука “Адгукніся, браце!”, у якім распавядаецца пра станаўленне асобы Коласа, пра ягонае настаўніцка-пісьменніцкае жыццё-быццё на Піншчыне. Спектакль быў паказаны 16 разоў. Гледачы прыязджалі нават з Іванава і Лунінца.
Рэжысёры Іван Базан і Алена Гаўрыловіч не забываюцца і на маленькіх тэатралаў. Спектаклі-казкі сталі добрай традыцыяй. Выхаванцы Дома-прытулку, школы-інтэрната, дзеці з Таварыства інвалідаў запрашаюцца на іх бясплатна.
Сёлета пастаўлена ўжо пяць прэм’ерных спектакляў. Сярод іх — славутая “Пінская шляхта” паводле Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (пра гэтую прэм’еру “К” пісала ў № 15 за 2008 г.).
У тэатральным Пінску шануюць роднае слова, а 13 акцёраў з 18 вучацца завочна ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Маскоўскім дзяржаўным універсітэце культуры...
За гэты час Пінск, святкуючы 910-годдзе, займеў сцяг горада, зацверджаны Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, і гімн, аўтарамі якога сталі пінчане: паэт Валерый Грышкавец і кампазітар Алег Венгер. Яшчэ адзін доказ жыццядайнасці і адметнасці палескай культуры.

А.С.