Чалавек з канала Грыбаедава

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

Да 95-годдзя беларускага кіно
І раптам — чыстая меладрама: “Маё каханне”! Гэта рэдкі жанр у савецкім кіно! Здавалася, Корш канчаткова адышоў ад палітычнай тэматыкі. Але ці надоўга? Асабліва калі ўлічыць, які тады быў час.

/i/content/pi/cult/772/16669/010.JPGКаханне на экране — і не толькі

Дажыўшы да 92 гадоў і зняўшыся ў дзясятках фільмаў, Лідзія Смірнова заўсёды памятала, хто ўпершыню паставіў яе перад кінакамерай. Выканаўца галоўнай ролі Шурачкі напісала пра гэта ў аўтабіяграфічнай кнізе, якая так і называецца: “Маё каханне”.

А яшчэ там было не пра экраннае, а пра сапраўднае, “закадравае” каханне: палымяны раман з кампазітарам Дунаеўскім, для якога Ліда стала Музай. Яго тады літаральна “распірала” ад мелодый! Акрамя абавязковага бадзёрага марша “Ну где ещё в мире найдётся такой небывалый народ”, які спявала гераіня, кампазітар для каханай Лідзіі напісаў песню “Звать любовь не надо” на словы д’Акціля. Песню сапрана выконваюць і сёння.

/i/content/pi/cult/772/16669/011.JPGШто здарылася пасля, нават цяжка сабе ўявіць. Прыходзілі мяхі лістоў з кароткім адрасам: “Ленінград, “Белдзяржкіно”, Шурачцы”.

З рэцэнзій розных гадоў:

“Лидия Смирнова не старается понравиться зрителю (что стало в кино дешёвой традицией), она играет без кокетства, не назойливо”.

“Лидию Смирнову все знали по обаятельной и сердечной Шурочке. Не так уже часто на долю актёра выпадает такая благодарность, а фильму — столь долгая и счастливая жизнь: интерес зрителей нескольких поколений, повторный выпуск на экраны 70-х годов”.

Фільм — спрэс акцёрскія адкрыцці! Акрамя Смірновай, Корш адшукаў і прыгажуна з блакітнымі вачыма спакусніка ды спартыўнай постаццю — Івана Пераверзева, тыповага галівудскага героя-каханка! Рашучасць і рызыка рэжысёра заключаліся ў ламанні штампу: яму, супермэну, дасталася роля не пераможцы (хаця б у заляцанні да гераіні), а наадварот — даволі “слізкая”.

Але ўсё роўна знешнія дадзеныя, так бы мовіць, “перамаглі”: у далейшым Пераверзеў выступаў у фільмах пераважна ў гераічных вобразах. Калі “дваццаць гадоў пасля” здымаўся ён у Мінску ў “Палесскай легендзе”, то яны з Коршам, ужо сіваватыя, вялі нетаропкую гутарку ў кабінеце рэжысёра — ім было, што ўзгадваць. Я бачыў гэта праз прыадчыненыя дзверы.

Трэцім у “трохкутніку кахання” аказаўся яшчэ адзін дэбютант: Уладзімір Чобур з акімаўскага Тэатра камедыі. Яго сціплага і сарамлівага Лёшу не засмуціла, што ў Шурачкі ўжо ёсць дзіця. Хлапчанё, як высветлілася, не яе — і Лёша стаўся абраннікам маладой прыгожай жанчыны.

Сёння здаецца відавочным: Чобур “выцягнуў” бляклую драматургію сваёй ролі. Праз дваццаць гадоў, падчас здымак у Ленінградзе фільма “Чырвонае лісце”, Уладзімір Янавіч, які граў там не надта значнага, але станоўчага персанажа, запрашаў мяне на пастаноўкі славутага Мікалая Паўлавіча Акімава.

Акцёр таго ж тэатра Мікалай Трафімаў таксама “засвяціўся” ў той меладраме. І ў далейшым яму выпадалі ў кіно толькі эпізоды — затое якія: узяць хаця б таго ж талстоўскага капітана Трушына з фільма Сяргея Бандарчука “Вайна і мір”!

Але вернемся да “Майго кахання”. Як я ўжо пісаў, крытыка ўспрыняла фільм станоўча. У водгуках гучалі пахвальныя для рэжысёра параўнанні:

“Если герои Александрова музыкально “играют в жизнь”, если у Пырьева музыка и пение рождаются как романтическое восприятие действительности, то в “Моей любви” ариозо Шуры возникает почти из речитатива благодаря драматическому настроению актёра, интимному и камерному”.

“Заслуга режиссёра в том, что старался придать действию естественность, непосредственную живость”.

“Фильм заражает зрителя своим ненаигранным весельем”.

Няўжо Корш-Саблін і насамрэч адышоў ад рэвалюцыйных тэм? Наступны яго праект сведчыў: гэта сапраўды так!

З падказкі “Правды”

Уладзімір Уладзіміравіч працаваў у горадзе на Няве ў росквіце таленту, а таму цягам усяго жыцця быў прывязаны да Ленінграда. Да таго ж, яго жонка Надзея Уладзіміраўна Брыльянтшчыкава, якая стала майстрам-мантажорам, была карэннай “пецярбуржанкай”, як яна сябе называла. Мела там шматлікіх родзічаў і сяброў.

Творцам у Ленінградзе жылося камфортна і працавалася плённа, студыя выдавала на ўсесаюзны экран усё больш якасную прадукцыю. Праўда, па тэматыцы яна амаль не мела адносін да Беларусі. Але пэўны час на гэта заплюшчвалі вочы. І тут раптам…

Дзень 2 ліпеня 1936 года ці не кожны савецкі грамадзянін пачынаў з галоўнай газеты СССР — “Правда”. Адпаведна, ён прачытаў у ёй артыкул з амаль абвінаваўчым загалоўкам: “Беспрытульная кінастудыя”. А далей — жорсткія, па сутнасці, дырэктыўныя папрокі:

“Фабрика работает в Ленинграде, будучи совершенно оторванной от белорусской общественности, от политических, художественных и литературных сил Белоруссии. Мы не можем назвать даже двух мало-мальски заметных картин производства “Белгоскино”. Выделяется лишь одна — “Искатели счастья”. Но и только”.

(У дужках тут варта адзначыць, што фільм “Маё каханне” тады яшчэ не выйшаў на экраны.)

Беларускія ўлады схамянуліся: авой, сапраўды, а чаму гэта наша студыя ў Ленінградзе? Як жа мы самі не заўважылі, што яна не ў Мінску? Дзякуй, Масква, што падказала, наставіла нас на розум!

Казачны вярнідуб

І вось, справа зрушылася. На далёкай ускраіне Мінска па дарозе на Магілёў — цяпер гэта Партызанскі праспект — да лета 41-га ўзвялі адміністратыўны корпус, заклалі некалькі здымачных павільёнаў, заасфальтавалі праезды. Пачалося перамяшчэнне кінастудыі з Ленінграда — трэба заўважыць, даволі нетаропкае.

Якой жа першай стужкай азначыцца студыя, так бы мовіць, на радзіме? Чым яна адсвяткуе свой пераезд?

Корш-Саблін, які дзвюма папярэднімі перамогамі зацвердзіў свой статус лідара нацыянальнага кінематографа, прыняў даволі лагічнае, трэба адзначыць, рашэнне: першай працай беларускай студыі ў Беларусі павінна быць карціна на беларускім матэрыяле. Ёй мелася стаць кіналегенда “Каваль-вярнідуб”. У дадатак, рэжысёр гэтым самым яшчэ і пашыраў свой творчы дыяпазон: нічога падобнага яму раней здымаць не даводзілася.

У якасці мастака ён запрасіў выдатнага майстра-казачніка Івана Білібіна, які толькі што вярнуўся на радзіму з Парыжа.

Іван Якаўлевіч Білібін! Вучань Рэпіна, прыгажун-весялун, прафесар Акадэміі мастацтваў, багемны сябра аб’яднання “Свет мастацтва”, чарадзей-ілюстратар русскіх казак і таямнічых былін… Ён стварыў свой асаблівы “білібінскі” свет, які насялялі царэўны, асілкі, каралевічы на дыванах-самалётах, гаваркія жывёлы, Бабкі-Ёжкі і Кашчэі.

Корш, канешне, ведаў пра ўдзел мастака ў славутых рускіх “Парыжскіх сезонах” Дзягілева, дзе Білібін бліскуча аформіў балет “Жар-птушка” з музыкай Ігара Стравінскага і оперу Мікалая Рымскага-Корсакава “Казка пра залатога пеўніка” паводле Пушкіна.

Білібін, натхнёны сваім будучым дэбютам у кіно, намаляваў тры эскізы дэкарацый і дзесяць эскізаў касцюмаў. Яны з Коршам пачалі падрыхтоўчыя працы.

З Ленінграда студыя паступова высялялася, у Мінску яе памяшканні спраўна будаваліся… Усё ішло да ўрачыстых улазінаў.

І яны адбыліся — 14 чэрвеня 1941 года. Пэўна ж, знамянальную падзею здымалі свае дакументалісты. Магчыма, у наступныя дні сюжэт нават дэманстраваўся ў кінатэатрах. Пэўна, нехта глядзеў яго і 21 чэрвеня — у суботу, у звычайны працоўны дзень.

Але ў 4 гадзіны раніцы наступнага дня, у нядзелю, 22 чэрвеня рашуча змяніліся лёсы і рэжысёра Корш-Сабліна, і мастака Івана Білібіна, і студый “Ленфильм” і “Белдзяржкіно”… Як, зрэшты, лёсы кожнага з 220 мільёнаў грамадзянаў СССР .

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр