“Яны мужна пераносілі ўсе нягоды…”

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

Работнікі культуры ў паходзе ў Заходнюю Беларусь
Пра актыўную прысутнасць работнікаў культуры і мастацтва на франтах у гады Вялікай Айчыннай вайны мы ведаем шмат. А вось пра іх удзел у вераснёўскім паходзе Чырвонай Арміі, 80-годдзе якога мы нядаўна адзначылі, пішуць у нас не надта часта — хаця такая практыка, калі ў вайсковым абозе знаходзілася месца і для служкаў муз, існавала ўжо ў тыя часы.

/i/content/pi/cult/772/16668/09.JPGПаўнаводная рака справаздачаў

Аб удзеле дзеячаў культуры і прапаганды (часта ў адным абліччы) у гэтых гістарычных падзеях вядома і з газетных артыкулаў таго часу, і з лістоў ды мемуараў, і з архіўных дакументаў — некалі зусім сакрэтных справаздач, якія адпраўляліся ў Маскву начальніку Галоўнага палітычнага ўпраўлення Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі і намесніку народнага камісара абароны Льву Мехлісу. На той час ён меў ваенна-палітычнае званне армейскага камісара 1-га рангу, што адпавядала воінскаму званню генерала арміі.

Само існаванне падобных справаздач — гэта наступства тагачаснай складанай сістэмы кантролю за ўзброенымі сіламі. Тады ўсе, хто служыў у ейных шэрагах — ад радавых да палкаводцаў вышэйшага рангу — знаходзіліся пад пільнай увагай адразу некалькіх арганізацый, якія дзейнічалі паралельна: непасрэднага ваеннага камандавання, палітычнага кіраўніцтва (палітрукі, камісары), асобых аддзелаў НКУС (“асабісты”), а таксама партыі і камсамолу. Усе гэтыя галіны кантролю праціналі армію (ды і наогул грамадства) сеткай інфарматараў і сакрэтных агентаў.

Кожны піянер, камсамолец, кандыдат ці член партыі павінен быў праяўляць рэвалюцыйную пільнасць і класавы нюх у адносінах да ворагаў народа — нават калі ім апынуўся блізкі чалавек. І па гэтых шматлікіх каналах слова за словам, радок за радком, старонка за старонкай агульная інфармацыя, ператвараючыся з маленькіх ручаін у паўнаводную раку, дасягала самых вярхоў партыйнай, дзяржаўнай і ваеннай іерархіі — у выглядзе справаздач, дакладных запісак, спецыяльных паведамленняў і гэтак далей.

Цяпер з гэтых дакументаў паступова здымаецца грыф сакрэтнасці (у асноўным, праз 75 гадоў), і яны ператвараюцца ў змястоўную і досыць дакладную крыніцу інфармацыі пра настроі, якія панавалі сярод розных пластоў грамадства. У тым ліку і дзеячаў культуры, мастацтва і прапаганды.

Начальнік палітупраўлення Беларускага фронту дывізійны камісар Іваноў так ацэньваў працу артыстаў у дакладной запісцы Мехлісу: “Падчас баявых дзеянняў каля 300 чалавек работнікаў мастацтва былі на Беларускім фронце, разам з байцамі і камандзірамі яны мужна пераносілі ўсе нягоды баявога жыцця. Імі было дадзена каля 150 канцэртаў для камандзіраў, байцоў і мясцовага насельніцтва. Кожны канцэрт — гэта мітынг і палітычная дэманстрацыя бязмежнай любові і адданасці партыі, вялікаму Сталіну. Канцэрты ладзіліся ў любых умовах пры любым надвор’і: на палянцы, на аўтамашынах, плошчах, у клубах і г.д.”

Справаздачы Іванова ўтрымліваюць як сухую статыстыку, так і асобныя нечаканыя эпізоды, прысвечаныя ўдзелу артыстаў у тым паходзе. Уражвае і першае і другое. Як сведчаць данясенні, культурны дэсант задзіночыў папраўдзе лепшыя сілы БССР: “У 3 арміі працаваў ансамбль песні і танца народаў СССР пад кіраўніцтвам Ігара Маісеева; у 4 арміі — эстрадная брыгада артыстаў БССР; у 10 і 11 арміях — група заслужаных і народных артыстаў БССР і ансамбль песні і танца БССР; у перадавых частках  — ансамбль чырвонаармейскай песні і танца Беларускай ваеннай акругі, які меў выключны поспех сярод байцоў, камандзіраў і асабліва сярод мясцовага насельніцтва ... Вялікую культурную працу сярод насельніцтва правёў Мінскі дом Чырвонай арміі (ДЧА), брыгады артыстаў і калектывы мастацкай самадзейнасці”.

А праца ў артыстаў тады была папраўдзе на знос. За вельмі кароткі прамежак часу “ансамбль народнай песні і танца Беларускай дзяржфілармоніі даў 15 канцэртаў; брыгада артыстаў Мінскага тэатра оперы і балета — 13, брыгада артыстаў Беларускай філармоніі — 7. Акрамя гэтага, цяпер працуюць 3 калектывы самадзейнасці Мінскага ДЧА, 2 брыгады артыстаў яўрэйскага тэатра і інш. Усяго 24 брыгады і калектывы...”

І тут жа таварыш Іваноў адкрытым тэкстам піша пра сапраўдную мэту гэтага культурнага дэсанта: “Работнікі ДЧА і калектывы артыстаў з’явіліся выдатнымі агітатарамі, прапагандыстамі і арганізатарамі. Імі праведзена 160 разнастайных гутарак з насельніцтвам”.

Як бачым, камісар нават не хавае, што асноўная задача кожнага канцэрта была менавіта прапагандысцкая. А тут байцы ідэалагічнага фронту сутыкнуліся з нечаканымі праблемамі.

Прапагандысты супраць “барахольшчыкаў”

У асноўным, сярод вайскоўцаў былі маладыя людзі, якія нарадзіліся ўжо пры савецкай уладзе і ведалі пра жыццё за мяжой толькі па газетах. З уваходжаннем савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходняй Беларусі ў асобыя аддзелы і палітуправы частак пачалі паступаць шматлікія паведамленні пра той шок, які адчувалі вызваляльнікі. Усё гэта фіксавалі ў сваіх сакрэтных справаздачах інфарматары — або, паводле тагачаснай лексікі, “як паведаміла наша крыніца”.

Скажам, чырвонаармеец Савасцьянаў пачаў параўноўваць жыццё народаў СССР з жыццём беларусаў і ўкраінцаў, пры гэтым сказаў: “У нас толькі пішуць, што ўсяго шмат і ўсё ёсць, а на самай справе нічога няма. Народы заходняй Украіны і Беларусі жывуць лепей, і ў іх усё ёсць у крамах”. Падобныя назіранні зафіксаваныя і ў словах радавога Жоўтага. Пры гэтым салдат пачаў параўноўваць жыццё СССР з жыццём заходняй Беларусі: “Нам толькі кажуць, што ў нас усяго шмат, і мы добра жывем, а па сутнасці ў нас нічога няма”.

Не на карысць савецкай эканомікі аказалася і параўнанне коштаў у крамах. Так, чырвонаармеец 4 арміі Усапіль прылюдна казаў: “У вас усе прадметы танней, чым у СССР: у вас сала 3 рублі, а ў нас 40, і тое не дастаць”.

Прадаўцы здзіўлена пазіралі на байцоў, якія скуплялі ў іх крамах усё запар. Палітычныя ўпраўленнні і асобыя аддзелы фіксавалі факты барахольства — закупкі вайскоўцамі ўсіх званняў недаступных у СССР тавараў: гадзіннікаў, фотаапаратаў, прымачоў, мануфактуры, адзення, абутку, ды і проста прадуктаў... “Барахольшчыкі” атрымлівалі партыйныя спагнанні. Аднак выкараніць гэтыя настроі канчаткова так і не ўдалося.

Байцоў, якія сутыкнуліся з невядомым ім дабрабытам, не маглі спыніць ні прамовы прапагандыстаў, ні рызыка страціць партбілет. Напрыклад, камандзір 103-га батальёна 22-й танкавай брыгады Цярэнцьеў купіў матэрыялу на два касцюмы, жаночы гадзіннік, жаночы і дзіцячы абутак ды іншыя тавары. Як адзначыў у сваёй справаздачы інфарматар, Цярэнцьеў яму заявіў: “Трэба карыстацца выпадкам, бо доўга гэта працягвацца не будзе”.

“Сапраўдныя далягляды”

Вызваляльнікі разумелі, якое жыццё ў хуткай будучыні чакае Заходнюю Беларусь і Украіну — у адрозненне ад большасці насельнікаў тых тэрыторый, якія былі шчыра ўпэўненыя, што ў СССР жывецца нашмат лепей. Таму тое, што Чырвоную армію беларусы і ўкраінцы сустракалі кветкамі, не з’яўляецца прапагандысцкім міфам.

Большасць з тых, хто застаўся на ўсход ад новай мяжы, шчыра верылі, што ім пашанцавала, і цяпер для іх пачнецца лепшае жыццё. На канцэрце, які адбыўся ў Горадні, настаўнік Аршун прамовіў: “Слухаючы цудоўныя песні, гледзячы на выдатныя народныя танцы, прыходзіць у галаву думка, што толькі свабодная творчая праца, свабодная дзейнасць вялікага вольнага народа можа даць тыя вынікі, якія мы бачылі на гэтым канцэрце. Мы, інтэлігенты горада Гродна, нічога вам, таварышы чырвоныя байцы, паказаць не можам, не маем таго, чым можна вас здзівіць. Наша бедная беларуская зямелька была агорнутая цемрай ночы”. І далей шматслоўная пахвальба на адрас санцатварага павадыра.

А ў Беластоку пасля канцэрта для інтэлігенцыі горада да артыстаў падышоў стары музыка і сказаў: “Я чуў пра культуру СССР, але тое, што я бачыў, перасягнула ўсе мае чаканні. Я ўжо 5 гадоў не маю працы, сям’я мая вядзе нішчымнае напаўгалоднае існаванне. Вось калі для мяне адкрыліся сапраўдныя далягляды!”

І сапраўды, як паведамляў камісар Іваноў, неўзабаве культурнае жыццё будучага абласнога цэнтра БССР расквітнела: “Акцёр Бяссмертны арганізаваў у Беластоку сімфанічны аркестр, які даў ужо 2 канцэрты... Заслужаны дзеяч мастацтва Азгур правёў нараду мастакоў горада Беластока... Балетмайстар Мулера арганізаваў балетную групу…” Апошні, дарэчы, на той час быў галоўным балетмайстрам Вялікага тэатра оперы і балета БССР.

Дзіва з вінтоўкай

Але найпершай задачай дзеячаў мастацтва было падняць баявы дух у арміі. На прывале дэманстраваліся пад адкрытым небам патрыятычныя кінакарціны, у тым ліку, вядома, і “Чапаеў”. Выступалі артысты. Эфектыўнасць такой практыкі камісар Іваноў быў гатовы засведчыць: “Калі да гэтага ў байцоў быў стомлены выгляд, то яны зусім змяніліся пасля канцэрта. Канцэрт даў вялікую зарадку, натхніў іх на выкананне пастаўленых задач”.

А па заканчэнні таго канцэрта, пасля словаў падзякі ад байцоў і камандзіраў, ад калектыву брыгады выступіў 60-гадовы акцёр Лявонаў Л. Ф: “Таварышы байцы! Мы, савецкія акцёры, разумеем усю неабходнасць культурнага адпачынку ў гэтых цяжкіх умовах і мы, не лічачыся ні з чым, прыехалі і працуем разам з вамі, але калі спатрэбіцца, нашы ноты і песні замяніць на вінтоўку, мы ўсе, як адзін, гэта зробім, у любую гадзіну і любую хвіліну”.

Цікава, што словы артыста не апынуліся пустой бравадай. Як піша камісар Іваноў, пры заняцці вёскі Астравы ўзнік напружаны момант. І тады оперная спявачка Людміла Адамантава ўзяла ў рукі трафейную вінтоўку і разам з байцамі заняла месца ў акопах.

Дарэчы, фігура гэта прыкметная, хаця ў нас амаль невядомая. Скончыўшы Мінскую кансерваторыю, яна з 1937 года працавала ў тэатрах Беларусі, а з пачаткам вайны перабралася ў расійскае Іванава, дзе займела вялікую вядомасць і ў 1951 годзе стала заслужанай артысткай РСФСР.

У справаздачы адзначаны і такі цікавы факт: калі баявая абстаноўка не спрыяла канцэртам, артысткі Адамантава, Новік, Несцерава, Чы-Юнь пайшлі на кухню і дапамагалі байцам абіраць бульбу ды мыць посуд.

Нямала клопатаў у тыя дні было ў майстроў слова. Але пра гэта — у наступнай серыі аповеду.

Зміцер ДРОЗД,
гісторык-архівіст