Блізкія балгарскай душы

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

У Еўрапейскай сталіцы культуры — 2019
Рэалізацыяй праграм, накіраваных на захаванне культурных каштоўнасцяў, займаюцца ў многіх краінах свету. Праект “Еўрапейская сталіца культуры” (European Capital of Culture (ECOC) — адна з самых яркіх і маштабных культурных падзей Еўропы. Ён ставіць перад сабой за мэту падкрэсліць культурную разнастайнасць і ўмацаваць сувязі паміж нацыямі.

/i/content/pi/cult/772/16663/04.JPGЕўрапейскай сталіцай культуры — 2019 былі названыя два гарады, адным з якіх з’яўляецца найстарэйшы горад Еўропы — балгарскі Плоўдзіў. Колькасць гістарычных славутасцяў у гэтым горадзе неверагодна вялікая, больш за 200 аб’ектаў з іх — помнікі нацыянальнага значэння. Мясцовым жыхарам пашчасціла захаваць тут нямала выдатных архітэктурных збудаванняў, а ў музеях Плоўдзіва можна ўбачыць сапраўдныя скарбы — бясцэнныя гістарычныя артэфакты і творы мастацтва.

Сёлета для прыняцця ўдзелу ў праграме еўрапейскай сталіцы ў Плоўдзіў былі запрошаны вядучыя творчыя калектывы, мастакі, музыканты, пісьменнікі з многіх краін свету. Канцэрты, выставы, прэзентацыі радуюць і захапляюць гледачоў цэлы год.

/i/content/pi/cult/772/16663/05.JPGПрыемна адзначыць, што і Беларусь таксама была прадстаўлена на гэтым грандыёзным еўрапейскім свяце культуры. Так па запрашэнні балгарскага боку ў Плоўдзіве адбылася персанальная выстава беларускага мастака Марыны Гарэлавай, з творчасцю якой добра знаёмыя не толькі мінчане, але і жыхары Барысава, Слуцка, Капыля і іншых гарадоў Беларусі, дзе раней адбыліся яе персанальныя выставы. Як вядома, балгары вельмі высока цэняць гумар, а беларусы спакон вякоў тонка і трапна ўмелі жартаваць. Таму ў “горадзе мастакоў”, так называюць Плоўдзіў, было вырашана правесці выставу гумарыстычнай графікі Марыны Гарэлавай. Назвай выставы стала вядомая балгарская прыказка “Хто смяецца, той доўга жыве”. Яна перадае ідэю выставы, падкрэсліваючы важную ролю гумару ў жыцці чалавека.

У цэнтральнай выставачнай зале РЭМ-Плоўдзіў было выстаўлена больш за 40 карыкатур на розныя тэмы нашага жыцця. Мастачка выкарыстала аловак, туш, акварэль, пастэль, гуаш, каб стварыць жывыя, выразныя, запамiнальныя вобразы. Амаль усе малюнкі былі без слоў, і не патрабавалі перакладу.

У сваім уступным слове дырэктар музея дацэнт доктар Ангел Янкоў распавёў аб асноўных напрамках творчай дзейнасці Марыны Гарэлавай і падкрэсліў, што адкрывае: “цікавую выставу” беларускай мастачкі, карыкатуры якой “блізкія балгаркай душы і выключна насычаныя, маляўнічыя, цікавыя”.

Праз аб’ектыў карыкатуры Марына Гарэлава прыцягнула ўвагу гледачоў да важных пытанняў сучаснасці. Гэта сацыяльна-эканамічныя праблемы, пагроза тэрарызму, глабальныя экалагічныя бедствы. Яе творы адлюстроўваюць недасканаласць свету, хвалююць, актывізуюць думкі. Выстава паказала, што карыкатура — гэта не проста жарт, які дае прыліў пазітыўных эмоцый і бадзёрасці, але і філасофскае разуменне жыцця.

На выставе выступілі вядомыя балгарскія мастакі: заслужаны дзеяч культуры Цочо Пеев, сябры асацыяцыі карыкатурыстаў Нежна Філіпава і Ірыен Трэндафілаў ды іншыя.

Акадэмік, прафесар Дзімітр Дзімітраў — ганаровы старшыня асацыяцыі карыкатурыстаў — у сваёй прамове падсумаваў: “Выстава Марыны Гарэлавай — гэта міжнародная культурная падзея, якая ўпісваецца ў місію Плоўдзіва як Еўрапейскай сталіцы культуры” і пажадаў творчых поспехаў мастачцы.

Хацелася б дадаць, што ў цяперашні час, дзякуючы пашырэнню і ўмацаванню міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі, інфармацыі, мастакі атрымліваюць значна больш магчымасцяў праяўляць сваю творчасць, удзельнічаць у міжнародных праектах і абменьвацца вопытам.

Людміла ВАШКЕВIЧ