Выключна нумарам 86-ым

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

Месцы, дзе нараджаюцца творы, па праве лічацца сакральнымі. У паэта натхненне можа ўзнікнуць літаральна паўсюдна, але выкласці, аформіць усе думкі ў цэласны твор, мусіць, лепш за ўсё ў сваім рабочым кабінеце. У ім можна адасобіцца ад навакольнай мітусні і тлуму.

 /i/content/pi/cult/173/1666/111.jpg
 Рабочы кабінет Якуба Коласа.

Такі кабінет меў і славуты Якуб Колас. Дом, дзе ён правёў апошнія гады свайго жыцця, хоць і знаходзіцца ў цэнтры беларускай сталіцы, усё ж вылучаецца адметнай атмасферай, цішынёй і спакоем.
Першапачаткова, адразу пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе, драўляная хатка пісьменніка памерам 5x9 метраў, дзе адсутнічала ванная, размяшчалася ў двары Акадэміі навук. І толькі праз некалькі гадоў да яе зрабілі мураваную прыбудову, у якой знайшлося месца і кабінету пісьменніка. У 1952 годзе да 70-годдзя з дня нараджэння па праекце архітэктара Г.Заборскага пісьменніку пабудавалі прасторны дом, у якім Якуб Колас прымаў гасцей і пісаў. Пасля смерці Песняра тут быў створаны Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, які адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 4 снежня 1959 года. Дзякуючы клопату яго супрацоўнікаў, будынак цяпер мае такі ж выгляд, як і пры жыцці паэта, а вакол усё тыя ж чатыры велічныя дрэвы, пасаджаныя Коласам у гонар сыноў і жонкі.
Недатыкальны і мемарыяльны рабочы кабінет, дзе да сённяшняга дня на стале ляжыць недапісаны паэтам ліст...
Пакой пісьменніка вылучаецца планіроўкай — гэта нібы своеасаблівая міні-кватэра ў шматпавярховым доме, яе прастора падзелена на дзве часткі: непасрэдна сціплае працоўнае месца — кніжная шафа — і невялічкая спальня. І гэта поруч з вялікімі і шыкоўнымі пакоямі, аформленымі ў розных стылях!
Але, відаць, у муз свае перакананні... Не выпадкова Якубу Коласу тут плённа працавалася. Былі завершаны паэма “Рыбакова хата” і трылогія “На ростанях”, многія вершы, апавяданні, публіцыстычныя артыкулы, працягвалася работа над паэмай “На шляхах волі”. У мемарыяльным пакоі Якуба Коласа захавалася ўсё, што было неабходна паэту, каб засяродзіцца як на сваёй творчасці, так і на ўспамінах пра калег, сяброў і родных: і афіцыйныя, і шчымлівыя прыяцельскія лісты з розных куточкаў усяго Савецкага Саюза. З кім толькі не перапісваўся класік нашай літаратуры! Гэта і пісьменнікі, і дзяржаўныя дзеячы, і рабочыя, і, канешне ж, сябры. Менавіта з гэтых лістоў і можна даведацца пра Коласа як пра цікавага,

 /i/content/pi/cult/173/1666/112.jpg
 Інтэр’ер пакоя Янкі Купалы
ў Пецярбургу.

рознабакова адоранага чалавека. А кніжная шафа — гэта ж сапраўдны скарб эпісталярнага мастацтва! Хто толькі ніпакінуў цікавы допіс у сваіх кнігах, падораных Якубу Коласу! І ўсё ж для прыхільнікаў творчасці паэта галоўнай каштоўнасцю з’яўляюцца рукапісы, магчымасць дакрануцца да геніяльных радкоў, якія, як згадваў яго сын Даніла Канстанцінавіч у кнізе “Любіць і помніць”, да канца жыцця выводзіла рука паэта выключна пяром № 86.
Трагічна склаўся лёс мінскага дома Янкі Купалы, дзе з 1927 па 1941 гады паэт жыў разам з жонкай Уладзіславай Францаўнай, а таксама маці і сёстрамі. Ва ўтульным драўляным доме знаходзілася і творчая майстэрня беларускага Песняра — яго рабочы кабінет.
На вялікі жаль, у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны дом Івана Дамінікавіча згарэў. У агні загінулі рукапісы, архіў і багатая бібліятэка, аднавіць якую Купала ўжо не паспеў.
Адразу пасля вайны для ўдавы Янкі Купалы быў пабудаваны дом, а ў сценах тагачаснага Дома прафсаюзаў размясціўся музей паэта. І, вядома ж, казаць пра аднаўленне рабочага кабінета народнага паэта ў той час не даводзілася. І толькі ў 1959 годзе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы размясціўся ў двухпавярховым будынку, пабудаваным па праекце архітэктараў Івана Валадзько і Віктара Волчака, які і сёння адкрыты для наведвальнікаў.
Сярод цікавых экспазіцый музея вылучаецца і адноўлены рабочы кабінет паэта, які пазбаўлены штучнай урачыстасці, “пампезнасці”. У прасторным светлым пакоі толькі самае неабходнае: кніжная паліца, элегантны столік, стос паперы, гадзіннік, чарніліца, лямпа — усё ў адпаведнасці з тагачасным стылем і тагачаснымі, сёння антыкварнымі і рарытэтнымі, прадметамі.
Ёсць і некалькі фрагментаў інтэр’ераў іншых купалаўскіх кабінетаў, у прыватнасці ,таго, дзе паэт жыў і працаваў у Пецярбургу, кватаруючы ў Браніслава Эпімах-Шыпілы. Між іншым, пакой быў і адным з першых складоў выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”.
Фотаздымкі паэта, яго прыжыццёвыя партрэты ствараюць унікальную ауру, эфект яго прысутнасці. Адчуваеш, што гэта не нейкі макет кабінета, а пакой, дзе калісьці нараджаліся магутныя і чароўныя купалаўскія радкі.

 Канстанцін АНТАНОВІЧ