Пад гукі Паланеза…

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

У цэнтры Слоніма каля драматычнага тэатра 6 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё бюста Міхала Казіміра Агінскага. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел дзясяткі слонімцаў і кіраўніцтва райвыканкама. Звяртаючыся да грамады старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч адзначыў, што славуты зямляк шмат зрабіў для развіцця горада Слоніма. І дзякуючы яго традыцыям і сёння ў Слоніме дзейнічае дзяржаўны прафесійны тэатр. Генадзь Хоміч таксама падзякаваў аўтару помніка і мецэнату Уладзіміру Вількіцкаму за падарунак роднаму гораду. Адкрылі помнік пад гукі Паланеза.

/i/content/pi/cult/771/16656/013.JPGСапраўды, Слонім сёння ведаюць найперш па тым, што тут некалі быў славуты на ўсю Еўропу тэатр. Зразумела, турыстаў цікавіць той далёкі час. У Слоніме ёсць вуліца Міхала Казіміра Агінскага, засталася з таго часу аўстэрыя, пабудаваная з цэглы архітэктарам Я. Боем, які праектаваў пры палацы Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў. Таксама захаваўся Малы канал Агінскага, даўжынёю 1,5 кіламетры. А ў 1993 годзе рашэннем сесіі Слонімскага гарсавета вуліцы Энгельса вярнулі старую гістарычную назву Оперная.

Славуты кампазітар не быў абыякавым да палітыкі ды грамадскіх спраў. У верасні 1771 года далучыўся да Барскай канфедэрацыі. Гэта было ваенна-палітычнае аб’яднанне пэўнай часткі шляхты і магнатаў Рэчы Паспалітай для барацьбы супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і расійскага ўплыву. Міхал Агінскі са сваім войскам браў удзел у баях з расійскай арміяй. У выніку паразы быў вымушаны ўцякаць у Берлін, потым у Вену. Некаторыя ўладанні Агінскага былі канфіскаваны расійскай уладай.

Але ў 1774 годзе Агінскі вяртаецца на Бацькаўшчыну. Для паляпшэння свайго фінансавага становішча ён частку ўласных маёнткаў прадае (пазней атрымлівае амністыю і секвестраваныя маёнткі), а сам спыняецца ў Слоніме і робіць горад сваёй асноўнай рэзідэнцыяй.

/i/content/pi/cult/771/16656/014.JPGСярод першаступенных планаў Агінскага было будаўніцтва асобнага тэатральнага памяшкання, у якім маглі б ставіцца оперныя спектаклі так званага “Опергаўза”. Для ажыццяўлення сваёй задумкі гетман Агінскі запрасіў у Слонім італьянскага дэкаратара Іначэнца Мараіна. Ён прапанаваў для гэтай мэты рэканструяваць колішні палац Льва Сапегі. Агінскі з ім пагадзіўся, і ў 1777 годзе будаўніцтва і рэканструкцыя тэатра былі ўжо завершаныя.

Для таго, каб можна было ставіць спектаклі, былі ўзятыя на ўзбраенне самыя найлепшыя для таго часу тэхнічныя сродкі, якія дазвалялі лёгка мяняць дэкарацыі, а пры неабходнасці “выводзіць” на сцэну нават сапраўдныя караблі. Дзеля гэтага яна была падзелена на дзве часткі. Пярэдняя частка выкарыстоўвалася па сваім непасрэдным прызначэнні і на ёй ігралі акцёры. Задняя ж, пры неабходнасці, лёгка запаўнялася вадой. Ажыццяўлялася гэта праз сістэму труб, што праходзілі да самых тэатральных падмосткаў. Паступала ж вада з канала, які знаходзіўся побач. А калі па ходу спектакля разгортваліся баявыя дзеянні, ці неабходна было паказаць войскі на маршы, ваду спускалі, а зверху клалі тоўстыя шчыты. З тыльнага ж боку сцэны адкрывалася вялізная брама, праз якую магла ўварвацца кавалерыя ці прайсці пяхота. На сцэне нават прадугледжваліся фантаны з падсветкай бенгальскімі агнямі. Пры тэатры тады працаваў спецыяльны піратэхнік.

Функцыяваў пры тэатры і “плывучы тэатр” на баржах на канале Агінскага. Глядзельная зала была разлічана на тысячу (па іншых звестках на дзве тысячы) месцаў. Гледачы з залы з цікавасцю глядзелі на “плывучы тэатр”. Для выканання высокамастацкіх твораў і ўвасаблення тэхнічных навін запрашаліся і працавалі ў тэатры ўмелыя майстры з Еўропы. Шмат працавала ў тэатры і беларускіх мясцовых майстроў і артыстаў.

Пры сваёй “сядзібе музаў” у Слоніме Міхал Казімір Агінскі стварыў вялікі ансамбль вакалістаў і інструменталістаў, які не саступаў самым лепшым музычным калектывам Заходняй Еўропы.

Пры тэатры Агінскага дзейнічала і балетная школа. Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, а пазней у балет бралі і дзяцей прыгонных сялян. Вучні атрымлівалі і пэўную агульную адукацыю. У 1788 годзе чатыры выхаванцы выступалі нават у балеце “Рыбакі” ў Варшаве. А ў 1790 годзе балетная школа была на гастролях ва Украіне. У гастролях прымалі ўдзел 20 артыстаў. Слонімскі балет тэатра Агінскага заўсёды канкурыраваў з каралеўскім тэатрам у Варшаве. Напрыканцы 1792 года балетная школа была пераведзена ў мястэчка Целяханы.

Міхал Казімір Агінскі быў выдатным выканаўцам на некалькіх музычных інструментах. Ён быў таксама пісьменнікам. Напісаў і выдаў у сваёй слонімскай друкарні “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782) і кнігу вершаў “Байкі і не байкі” (1788).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і паўстання Тадэвуша Касцюшкі слонімская рэзідэнцыя Агінскага канфіскуецца і хутка прыходзіць у заняпад. Апошнія гады свайго жыцця Міхал Казімір Агінскі правёў у сваіх палацах у Варшаве і ў Галенаве, дзе цешыў сябе музыкай і мастацтвам — тым адзіным, што ўтрымлівала яго пры жыцці. Памёр у 1800 годзе.

У 1795 годзе тэатр Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме ўжо не існаваў. І калі ў 1818 годзе Слонім наведаў расійскі імператар Аляксандр I і паэт, князь, “декабрист без декабря” Пётр Вяземскі, то ўбачылі яны толькі разваліны тэатра. Пазней Вяземскі пра тэатр з горыччу напіша: “Всё прах, всё воспоминания...”

Сяргей ЧЫГРЫН

Фота аўтара