Ці палюбіць рэжысёр драматурга?

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

У Бабруйску завяршыўся VII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. Дуніна-Марцінкевіча. У конкурснай праграме лепшым быў прызнаны спектакль “Тата, ты мяне любіў?” Кіеўскага акадэмічнага тэатра “Залатыя вароты”, пастаўлены Стасам Жырковым. Але вынікі форуму куды больш шырокія — і справа зусім не ў тым, што намінацый было шмат. Фестываль паказаў, наколькі рознымі могуць быць сучасныя п’есы, іх сцэнічнае ўвасабленне і ацэнкі крытыкаў.

/i/content/pi/cult/771/16653/09.JPGСкласці пазл

Фестывальная праграма падзялялася на тры часткі: конкурсную, гасцявую і “лабараторную”. Першыя дзве былі прадстаўлены нашымі і замежнымі спектаклямі і іх штодзённымі крытычнымі абмеркаваннямі. Трэцяя ж — творчая лабараторыя фестывалю, названая “Зефір-3” і здзейсненая Цэнтрам беларускай драматургіі разам з Цэнтрам эксперыментальнай рэжысуры, — утрымлівала яшчэ чыткі п’ес з далейшым глядацкім інтэрактывам, лекцыі і майстар-клас па тэатральнай крытыцы. Усе фестывальныя кірункі аказаліся на гэты раз гарманічна звязанымі адзін з адным: самы “круты” эксперымент быў схаваны сярод гасцявых паказаў, а чыткі п’ес нашых маладых драматургаў, здзейсненыя такімі ж маладымі рэжысёрамі, нечакана “пасталелі”, набылі відавочны ўхіл не толькі да моладзі, але і да старэйшых пакаленняў. Асобныя чыткі раптам абрасталі элементамі сцэнаграфіі, а некаторыя завершаныя спектаклі — наадварот, былі пазбаўлены знешняй атрыбутыкі. У такой сумесі таксама была свая логіка, што адлюстроўвала амбівалентнасць і сучасны сінтэз ранейшых стылёва-жанравых мадэлей.

Свае ўзлёты і кульмінацыйныя кропкі былі ў кожнай з пералічаных частак праграмы. У конкурснай, дзе журы ўзначальвала доктар мастацтвазнаўства Вераніка Ярмалінская, — вылучаліся абодва спектаклі Стаса Жыркова з Украіны: акрамя згаданага “Тата, ты мяне любіў?”, яшчэ “ГэтаМы”, адзначаны дыпломам за паспяховае прадзюсіраванне (Марына Дашук). Дый “Тата…” насамрэч адхапіў некалькі ўзнагарод. Бо акцёр Аляксандр Ярэма атрымаў дыплом за лепшую мужчынскую ролю другога плана (дакладней, адразу дзве рэзка супрацьлеглыя ролі, дзе пераўвасабленне з адной у другую ажыццяўлялася імгненна). Лепшай была прызнана і пакладзеная ў аснову спектакля п’еса Дзмітрыя Багаслаўскага “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў”. Яе кардынальная перапрацоўка ў спектаклі сведчыла не пра нейкія “недасканаласці”, а пра неабсяжныя магчымасці прынцыпова розных прачытанняў. На такім фоне прызнанне Стаса Жыркова яшчэ і за лепшага рэжысёра ўявілася членам журы “пераборам”. Хаця “Сірожа” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі не пазбегнуў крытыкі ў час абмеркаванняў, мастацкі кіраўнік калектыву Аляксандр Гарцуеў атрымаў дыплом за лепшую рэжысуру. А маладая Дзіна Ганны Семяняка была названа лепшай жаночай роляй.

Было заўважна імкненне арганізатараў адзначыць ледзь не кожны паказ, уключаючы гасцявыя. Двума акцёрскімі дыпломамі быў вылучаны спектакль “Ляцелі арэлі” Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра: за лепшую мужчынскую ролю (Дзмітрый Попчанка), за жаночую другога плана (Лізавета Астрахава, якой давялося там сыграць ажно тры ролі).

Спектакль гаспадароў — “Сіртакі”, пастаўлены ў Бабруйску Таццянай Траяновіч, — быў прызнаны за лепшую сцэнаграфію (Валянціна Праўдзіна). Насамрэч, годных увагі вартасцей у ім было куды больш. А галоўнае — змянілася само стаўленне тамтэйшай трупы да сучаснай драматургіі. Было бачна, як заўзята рухаюцца ды танчаць артысты нават старэйшых пакаленняў. Як палаюць вочы ва ўдзельнікаў чытак (паводле традыцыі, такая форма працы была скіравана найперш на бабруйскіх акцёраў).

Напісанаму — верыць?

Фестываль нацыянальнай драматургіі ўзняў і тэму рознага нацыянальнага прачытання беларускіх тэкстаў. Асабліва відавочна гэта было ў спектаклі “Лондан”, прывезеным Пермскім ТЮГам. Госці максімальна наблізілі п’есу да… расійскай “мыльнай” меладрамы: “прычасалі” аўтарскі тэкст, скарацілі многія “непрыгожыя”, на іх думку, падрабязнасці (як ліквідуюцца засоры ў каналізацыі, як Гена навучыўся саломкапляценню ў калоніі) і дадалі вялізны фрагмент пра маладую англічанку, якая закахалася ў Гену і просіць яго застацца, ды толькі дарма.

Спрошчваннем арыгінала адрозніваліся і некаторыя нашы спектаклі. П’еса Андрэя Іванова “Гэта ўсё яна”, пастаўленая ў РТБД Монікай Дабраўлянскай (Польшча), таксама наблізілася да меладрамы, дзе знешнія эфекты з відэапраекцыяй адцягваюць увагу, не раскрываючы патаемных сэнсаў. “Ураджай” Паўла Пражко ў версіі Дзмітрыя Цішко, увасобленай у купалаўцаў, страціў сваю глыбіню, стаўшы аповедам пра дурнаватую, не прыстасаваную да рэчаіснасці моладзь, якая толькі і ўмее, што руйнаваць усё навокал. “Сымон-музыка” Якуба Коласа ў віцебскім тэатры, што носіць яго імя, ператварыўся ў цьмяны пераказ сюжэта са штучна дададзенымі песеннымі ўстаўкамі. Нават “Не пакідай мяне” Аляксея Дударава — гэткі своеасаблівы “рэмэйк” аповесці Барыса Васільева “А досвіткі тут ціхія” — у пастаноўцы Калужскага ТЮГа быў максімальна скарочаны, ажно да сціслага “школьнага” пераказу. Дый “Музыка вуліц” Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, у аснову якой была пакладзена дакументальная п’еса, заснаваная на апытах вулічных музыкаў, аказалася амаль цалкам пазбаўленай вострых вуглоў, з якімі ў той ці іншай меры сустракаюцца ўсе, хто выходзіць са сваёй творчасцю ў адкрытую гарадскую прастору. Спектакль, шчодра насычаны выкшталцонымі аранжыроўкамі вядомых кампазіцый у добрым выкананні (асабліва адзначу музычнасць Арцёма Давідовіча і вакал Ульяны Антанюжанка, якая заканчвала нашу Акадэмію мастацтваў у Міхаіла Кавальчыка як актрыса музычнага тэатра), стаўся гэткім узнёсла-рамантычным, месцамі нават гімнічным прызнаннем у любові да музыкі.

А вось складаная па сваёй праблематыцы п’еса Алены Іванюшанка “Ты знойдзеш Алісу пад старым снегам”, хаця і пазбавілася некаторых вострых тэм, знайшла ў Грузінскім дзяржаўным тэатры горада Горы даволі цікавае адлюстраванне. Ментальныя асаблівасці не дазволілі вынесці на сцэну адкрытыя пацалункі дзвюх сябровак, затое гераіня атрымала свайго ўнутранага двайніка, а спектакль — трагічны фінал: адзінай істотай, якая разумее Алісу, застаецца шыншыла.

Тэатр “Ланжэрон” з Харкава прадставіў монаспектакль “Моня” паводле кнігі сусветна вядомага пісьменніка, акцёра, кінарэжысёра Эфраіма Севелы — ураджэнца Бабруйска. І ўзрушыў грамадскасць самім вяртаннем яго творчасці і асобы ў родны горад.

А самымі, у лепшым сэнсе слова рэвалюцыйнымі, нечаканымі па мастацкіх сродках сталі “Два перстні” тэатра post з Санкт-Пецярбурга ў пастаноўцы нашумелага Дзмітрыя Валкастрэлава. Працы гэтага рэжысёра не ўпершыню паказваюцца ў Беларусі, заўжды выклікаючы неадназначнае ўспрыняцце і дыскусіі, у тым ліку сярод прызнаных крытыкаў. Вось і на гэты раз далёка не ўсе пранікліся глыбінёй зместу і эстэтычнага падмурку ўбачанага: маўляў, які ж гэта спектакль? Хутчэй нейкая інсталяцыя, разгорнутая да ўсяго ў фае тэатра.

Збівала з панталыку і дадзенае аўтарамі азначэнне — “спектакль не пра час, а пра самі песні 1970-х”. Сапраўды, п’еса Паўла Пражко ўяўляе з сябе пералік песень гэтага дзесяцігоддзя ў выкананні расійскіх і ўкраінскіх ВІА. Вось толькі разлік на рэтра-дыскатэку не спраўджваецца: слухаць гэта немагчыма. Асабіста я са сваёй акадэмічнай музычнай адукацыяй пакутавала больш за іншых. Стыль дыска наўмысна быў паказаны з усім сваім “адваротным бокам”, бо аўтары свядома спынілі ўвагу пераважна на песнях-аднадзёнках, забытых цалкам справядліва.

Што ні кажыце, а гэты рэжысёр сапраўды любіць змяшчаць гледачоў у зону некамфортнасці, што таксама працуе на сэнсавае разуменне спектакля. Вось і тут — атрымліваецца далёка не ідэалізаваны музычны партрэт эпохі, дапоўнены песеннымі тэкстамі, відэашэрагам і сцэнічным рухам артыстаў, сярод якіх ёсць да бляску вымуштраваныя непрафесіяналы. Тэма вайны нідзе не прамаўляецца, але лунае ў паветры. Ды заслуга гэтага спектакля зусім не ў гэтым. На першы план выступае яго форма, якая сама становіцца зместам.

Пры ўсёй “антымузычнасці” абраных кампазіцый, агульная драматургія відовішча строга падпарадкавана менавіта музычным канонам. Паступовае з’яўленне артыстаў і іх далейшыя сумесныя дзеянні нагадваюць няўмольнае ўключэнне ўсё новых аркестравых ліній у так званай “крэшчэндуючай форме”. Простыя побытавыя рухі атрымліваюць безліч паўтораў і становяцца механічнымі. А іх усё новыя спалучэнні з дзеяннямі партнёраў выклікаюць паралелі з музычным мінімалізмам і зрухам па часе матываў-патэрнаў. На нашых вачах мілыя дзяўчаты і хлопцы ператвараюцца ў зацыкленых робатаў. А ў фінале кожны паасобку выходзіць да змешчанага ззаду экрана, трапляе ў святло пражэктара, танчыць сваё экспрэсіўнае сола — штосьці накшталт: не магу маўчаць! (харэаграфія Максіма Пятрова, вядомага па сваіх балетах у Марыінскім тэатры) — і сыходзіць.

Пры гэтым драматургія відэапраекцый нагадвала класічны санатна-сімфанічны цыкл: працяглае санатнае алегра з уступам і драматычным завяршэннем, павольная частка, дзе на экране з’яўляюцца неверагоднай прыгажосці “касмічныя” відарысы, іранічна-побытавы “менуэт-скерца” з відэакліпамі і, нарэшце, імклівы “народна-танцавальны” фінал.

Вельмі важна і тое, што “Два перстні” — зусім свежы спектакль, сёлетняя чэрвеньская прэм’ера. І адное тое, што ён так хутка патрапіў у Бабруйск, надае нашаму фестывалю прэстыжу і мастацкай вагі. Такога роду пастаноўкі не разлічаны на шырокую аўдыторыю, але яны рухаюць мастацтва наперад.

Пачытай мне казку-лекцыю

А ці быў сёлета сапраўдны эксперымент у рамках згаданай творчай лабараторыі “Зефір-3”? У параўнанні з мінулымі гадамі, не. Затое ўсе складнікі гэтай праграмы прайшлі на ўра ў бабруйскай публікі. “Загадчыцай” лабараторыі былі маладая тэатразнаўца Настасся Васілевіч, якая выступала на фестывалі адразу ў трох ролях: як каардынатар чытак, бліскучы лектар і запрошаны востры крытык. У дзвюх ролях была задзейнічана кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Ксенія Дубоўская: акрамя ўдзелу ў працы журы, яна таксама выступіла з найцікавай лекцыяй.

Моцны лекцыйны складнік, сканцэнтраваны ў бабруйскім Тайм-клубе “1387”, што непадалёк ад тэатра, вымусіў задумацца аб неабходнасці праводзіць надалей у рамках фестывалю навуковыя канферэнцыі па праблемах тэатральнага мастацтва, фінальныя “круглыя сталы”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"