Нечаканае падарожжа

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Агляд дэбютаў кінафестывалю “Лістапад”
Ужо тыдзень усе неабыякавыя да кіно абмяркоўваюць вынікі мінскага кінафестывалю. Віншуем Украіну з Гран-пры — “Атлантыда” Валянціна Васяновіча атрымала “Золата” Лістапада — 2019”. Віншуем Грузію з бліскучымі акцёрскімі работамі: Левана Гелбахіані, што сыграў у грузіна-шведскай карціне “А потым мы танцавалі” Левана Акіна, безумоўным хіце нашай кінапрэсы, і Саломэ Дземурыю, выканальніцу галоўнай ролі ў фільме “Удых-выдах” Дзіто Цынцадзе. Віншуем Польшчу з выдатнай рэжысурай — “Цела Божае” Яна Комаса атрымаў адзнаку ў гэтай намінацыі. Ды, вядома, цешымся за Беларусь — стужкі Андрэя Куцілы, Кірыла Галіцкага, Максіма Шведа былі прызнаны лепшымі ў дакументальным і ігравым кіно Нацыянальнага конкурсу, а таксама адзначаны Гільдыяй кінакрытыкаў і кіназнаўцаў Беларускага саюза кінематаграфістаў. Ды ўсё ж сярод пераліку прызоў не забудуся і на выбар міжнароднага журы кінапрэсы FIPRESCI, які спыніўся на карціне аўстрыйца Андрэаса Хорвата “Ліліян”. Адзнака супольнасці кінажурналістаў, часткай якой сёлета з’яўлялася і я, супала з рашэннем журы конкурсу “Маладосць на маршы”. Улічваючы новы досвед на фестывалі, не магу прайсці міма спакусы агляду дэбютаў кінаформу — самых незбалаваных увагай карцін-удзельніц “Лістапада”.

/i/content/pi/cult/771/16651/06.JPG22 стужкі — менавіта столькі дэбютаў было ў праграме кінафестывалю. Пяць з іх — у конкурсе “Лістападзік” — для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі, восем — у конкурсе маладога кіно — “Маладосці на маршы”, чатыры — у Нацыянальным, і пяць — у асноўным дакументальнага кіно. Карціна вымаўлёўваецца стракатая, але ў кожнай катэгорыі знаходзіліся работы, што нечакана перагукаліся ўзнятымі тэмамі. У якасці пэўнай рамкі ў выбары стужак з вялікай праграмы спынюся на канцэпце падарожжа, як і метафары падарожжа ў новае кіно, так і пэўнай жанравай кропкі адліку, скразной тэме, уласцівай некаторым заўважным фільмам. У цэлым, менавіта дарога стала візуальным абліччам сёлетняга фестывалю, — і гэта зусім не выпадкова.

Падарожжа “Да радасці”: кіно для дзяцей

Сёлетні лозунг фестывалю ідэальна пасаваў да дзіцячай праграмы. Усе дэбюты гэтага конкурсу былі разлічаны на сямейную аўдыторыю, ды нават утрымлівалі камерцыйны патэнцыял. Радасныя і пазітыўныя — мае калегі шчыра расчуліліся падчас прагляду — фільмы “Лістападзіка”, тым не менш, уздымалі важныя пытанні, што датычацца працэсаў сацыялізацыі дзіця, яго ініцыялізацыі, “уваходу” ў грамадства. І тым больш цікава было прыкмячаць, якім у такім кіно вымалёўваецца сучасны свет дарослых.

Фільм-адкрыццё “Лістападзіка” — “Рока мяняе свет” немкі Каці Бенрат літаральна прапаноўваў гледачу 101 хвіліну чыстай радасці. У цэнтры карціны — Рока — 11-гадовая дзяўчынка, што прыязджае ў горад да бабулі з сапраўднай касмічнай станцыі. Тата Рокі — астранаўт, дзяўчынка вырасла ў зусім іншых умовах, і таму цалкам пазбаўлена пэўных звыклых мадэляў паводзінаў, распаўсюджаных у “звычайным” грамадстве.

Першае з прынятых “правілаў” — паблажлівае стаўленне да дзяцей. Дзяўчынка адразу прымушае паглядзець на сябе як на Асобу, што бачыць і сутнасць рэчаў, і ўмее пастаяць за сябе. Другая знаёмая мадэль — прыманне несправядлівасці: здзекі з тых, хто адрозніваецца, так званы, булінг, прыняты ў школах. Гераіня цалкам не ўспрымае падобныя “гульні”. Ды трэцяя загана — інерцыя да парадку рэчаў, што існуюць. Рока сваімі дзеяннямі дэманструе, што змяняць свет магчыма.

Стужка створана амаль па галівудскім стандарце, ды ўсё ж тое “амаль” не дае фільму цалкам пераўтварыцца ў кіно на адзін вечар. У карціне кранае тое назіранне, што ўсё зробленае дзяўчынкай з касмічнай станцыі, па сілах кожнаму. Вядома, цуды ў жыцці так хутка не здзяйсняюцца, — але менавіта свядомасць Рокі, пазбаўленая стэрэатыпаў і страхаў, разумныя ўчынкі, даюць магчымасць убачыць людзей, і шырэй — грамадства — у іх лепшай версіі.

/i/content/pi/cult/771/16651/07.JPGГэтую тэзу пра тое, што дзеці аказваюцца больш мудрымі і спагадлівымі за дарослых, пацвярджае і стужка “Чускіт” рэжысёркі з Індыі Прыі Рамасубан. Чускіт — імя галоўнай гераіні, таксама дзяўчынкі, што вымушана заставацца дома, у чатырох сценах з-за няшчаснага выпадку. Чускіт хоча хадзіць у школу, як і яе аднагодкі, але дзядуля настойвае на хатняй адукацыі. “Ты не такая як усе, лепей змірыцца з такім становішчам”, — кажа стары. Меркаванні Чускіт ды яе брата, што падтрымлівае сястру, — не ўлічваюцца. Дзяўчынка, кажучы сучаснай мовай, сутыкаецца з адкрытым прэсінгам у яе бок. Больш за тое, калі гераіня пачынае ўпарціцца ў сваім жаданні вырвацца на волю — яе вырашаюць аддаць у манастыр. Забягаючы наперад скажу, што карціна мае добры фінал: Чускіт і яе дзядуля знойдуць паразуменне, і дзяўчынка пойдзе ў школу. Але можна толькі ўяўвіць, колькі закрытых грамадстваў застаюцца абыякавымі да патрэб людзей з асаблівасцямі, да жанчын, дзяцей. Рэжысёрка імкнецца даступна распавесці пра тое, што значыць, калі дзіця з-за хваробы пазбаўлена звычайнага жыцця. І, бадай, адзіны папрок да аўтаркі — празмерна ідэалістычны погляд на вырашэнне канфлікту. Але, урэшце, салодкі хэпі-энд у стужцы Прыі Рамасубан мае пад сабой рэальную гісторыю дзяўчыны з асаблівасцямі развіцця, якая, жывучы ў аддаленай індыйскай вёсцы, дамаглася магчымасці едзіць у школу. Але ці распаўсюджана такое стаўленне ва ўсіх далёкіх правінцыях Індыі?

Самай майстравітай стужкай праграмы, што спалучае ў сабе цудоўны настрой летніх канікул ды нечаканы погляд на экзістэнцыяльныя праблемы, стала нідэрландска-германская карціна “Маё неверагоднае лета з Тэс” Стывена Ваўтэрлода. Дзесяцігадовы хлопчык Сэм, разумеючы тое, што аднойчы ўсе яго блізкія сыйдуць у іншы свет, вырашае прывучаць сябе да адзіноты. Сэм займаецца навукай “быць аднаму” — і бясценныя дні летніх канікул бавіць сам-насам на марскім узбярэжжы. Настрой хлопчыка “збівае” дзіўная дзяўчынка Тэс, яго новая знаёмая, што мае план пазнаёміцца са сваім біялагічным бацькам, якога раней не ведала. Калі можна парушыць пэўныя стэрэатыпы ў дачыненні несамастойнасці і абмежаваных жаданняў дзяцей, “Маё… лета з Тэс” здзяйсняе гэта напоўніцу. Тут і здольнасць Тэс зладзіць прыезд свайго бацькі з іншага горада, Сэма — арганізаваць свой час, у цэлым, — абодвум героям уласцівае прыманне важных рашэнняў, навука эмпатыі, спачування іншаму. Дарослым застаецца толькі крочыць за тымі магчымасцямі, што адкрываюць ім дзеці.

Ва ўсіх фільмах праграмы кіно для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі галоўныя героі стужак аказаліся разумнейшымі, больш мэтанакіраванымі і чуллівымі за дарослых. І важна адзначыць на прыкладзе пераможцы конкурсу (ім і стала карціна Стывена Ваўтэрлода), што звыклая дыдактычная інтанацыя, часам уласцівая рэжысёрам падобных карцін, саступіла месца форме шчырай размовы са сваёй аўдыторыяй. Дзіцячае кіно для мяне істотна. Гэта падарожжа да радасці, якое, сапраўды, паводле Бергмана, абавязкова мае на ўвазе ўласнае пераадоленне і развіццё.

Падарожжа да формы: кіно маладых

Дэбютнае кіно — гэта той кінематограф, які, з аднаго боку, можа быць далёка не дасканалым, нават “сырым”, з іншага, — здольным па-сапраўднаму здзівіць нечаканым аўтарскім поглядам на балючыя тэмы. Да прыкладу, пытанне эміграцыі, новых магчымасцяў. Колькі ўжо было сказана на гэты конт — не пералічыць. Аднак тэма не губляе сваёй актуальнасці ды наноў пражываецца і пераасэнсоўваецца маладым пакаленнем у лакальных культурных кантэкстах.

Дазволю сабе ў гэтай частцы сутыкнуць дзве цалкам розныя стужкі з праграмы дэбютаў: дакументальную польскую карціну In touch Паўла Зямільскага і ігравы ўкраінскі фільм “Мае думкі ціхія” Антоніа Лукіча.

У фокусе ўвагі Паўла Зямільскага — момант раздзялення сем’яў у выніку ад’езду з Польшчы маладога пакалення. Выпускнік Нацыянальнай школы ў Лодзі ды школы Анджэя Вайды, рэжысёр для ўвасаблення сваёй ідэі абірае цалкам канкрэтнае месца дзеяння — невялічкую вёску ў Мазурыі. З ёй на працягу апошніх некалькіх гадоў на працу ў Ісландыю выправілася значная частка моладзі. Для адлюстравання сітуацыі, што склалася, калі бацькоў і дзяцей зараз падзяляюць кіламетры, аўтар вынаходзіць нечаканую, але даволі ўдалую форму. Ён задзейнічае ў сваёй стужцы мову сеціва — скайп-размовы і лічбавыя выявы сваякоў, што знаходзяцца за мяжой, нават шумавыя перашкоды. І выкарыстоўвае гэтыя трансляцыі, іх візуальную частку не ў звычайным рэжыме, а пераўтвараючы ў татальныя інсталяцыі.

Маці стаіць у вялікай спартыўнай зале, на сцяну якой праецыруецца выява яе дачкі — маладая жанчына шпацыруе па беразе мора ў Ісландыі. Бацька назірае за тым, як яго сын грае ў камп’ютарныя гульні: побач толькі праекцыя сына, не ён сам. І дзядуля, які кладзе спаць унучку: гэты вядомы жэст — паправіць коўдру — ён зрабіць не можа: унучка знаходзіцца ў іншым пакоі і краіне, а дзядуля адно сочыць за тым, як яна засынае.

Кранальныя сцэны сумеснага быцця сям’і, да якіх мы прызвычаіліся ў паўсядзённасці, у фільме Паўла Зямільскага набываюць дадатковую вартасць. Дотык блізкага становіцца запаветным жаданнем, прагай, неабходнасцю — і адпаведна невыноснай стратай, калі родны чалавек знаходзіцца далёка. Рэжысёр зноў і зноў дае гледачу магчымасць адчуць тугу па блізкіх, спалучаючы скайп-выявы дзяцей і рэакцыі на іх бацькоў, віртуальную рэальнасць і “сапраўдную”. Дакрануцца да сына, дачкі немагчыма, аднак ці можна адмовіць маладому пакаленню ў жаданні лепшага жыцця? Рэжысёр робіць бачнай адсутнасць людзей у прасторы, што раней належыла і ім. Вельмі выразная форма, што развівае галоўную ідэю фільма.

І даволі нечаканы падыход да падобнай праблематыкі, дакладней яе варыяцыі — будучай эміграцыі, ад’езду — прапануе ўкраінскі рэжысёр Антоніа Лукіч у ігравым кіно “Мае думкі ціхія”. За мяжу ў гэтай неверагоднай камедыі — у далёкую Канаду — плануе з’ехаць 25-гадовы Вадзім. Не спяшайцеся з высновамі. У гэтай стужцы простых шляхоў не бывае. Чаго варта ўжо адна завязка. Вадзіму, гукарэжысёру на фрылансе, трэба выканаць надзвычай арыгінальную замову, каб патрапіць у “землі запаветныя”. Канадскі распрацоўшчык відэагульні “Ноеў каўчэг” просіць галоўнага героя запісаць гукі жывёлаў украінскай фаўны. Вадзім і адпраўляецца ў падарожжа па адмысловы матэрыял у Закарпацце, фіналам якога мусіць стаць запіс спеваў асабліва рэдкай птушкі — “рахоўскага крыжня”. Адна акалічнасць, едзе ён у той рабочы трып разам са сваёй мамай.

Антоніа Лукіч — без сумневу той рэжысёр, які народжаны здымаць камедыі. Ён здольны жартаваць нават на ўзроўні візуальнага вобраза — чаго вартая постаць галоўнага персанажа, рост якога перавышае два метры (акцёр Андрэй Лідагоўскі). Гэта, вядома, рызыка для фільма, але аўтар свядома на яе ідзе, абыгрываючы адметнасць героя ды адначасова падкрэсліваючы яго абаяльнасць. Перавага Антонія Лукіча — у яго парадаксальным мысленні, творчай раскаванасці, дасціпнасці — маёй улюбёнай сцэнай з’яўляецца наведванне галоўнымі героямі спа-курорта ва Ужгарадзе, калі мясцовая dolce vita дэманструецца пад саўндтрэк амерыканскага рэпера Lil Peepa. Сутыкненне розных культурных кодаў працуе выдатна.

Аднак нельга і не папікнуць аўтара ў жаданні ахапіць усё, доўжыць жарт да апошняга, адхіляцца на залішнія дэталі. “Маім думкам ціхім” не хапае дадатковай рэдактуры, выверанасці па тэмпе, цэласнасці. Аднак вяртаючыся да ўзнятай тэмы, Антоніа Лукіч прапаноўвае даволі нечаканы погляд на вядомую дылему: у выніку ўсіх прыгодаў, выбачайце за спойлер, за мяжу з’язджае мама героя, а не яе 25-гадовы сын. Знаёмы папрок бацькоў да сваіх дзяцей — “усе з’едуць, а я застануся” — атрымоўвае цалкам нечаканае развіццё. І сапраўды, калі бацькі атрымаюць магчымасць эміграцыі, ці здолеюць яны адмовіцца? (Дадам, што стужка разважае не толькі над гэтай дылемай, яна разглядае і такія любімыя пытанні, як стасункі моцнай мамы і інфантыльнага сына, запатрабаванасць творчых прафесій на постсавецкай прасторы, абсурд грамадскіх кантэкстаў).

Што такое радзіма? І чым яна вызначаецца? — рэжысёру ўдаецца збіць пафас пытання гумарам, але дасціпнасць у дадзеным выпадку не адмяняе цікавых развагаў з той нагоды.

Пошук формы ў гэтых дзвюх стужках для мяне стаў важным прыкладам таго, як са знаёмых позваў вырастае цалкам персанальнае кіно.

Падарожжа ў звышкіно

Прызнацца, вызначыць лепшы сярод дэбютаў — справа нялёгкая. З аднога боку, часам фільм можа атрымацца няроўным, але талент рэжысёра нельга не заўважыць. З іншага, журы чакае такое кіно, якое не будзе выклікаць сумневаў. Падобнай работай у сёлетняй праграме дэбютаў стала ігравая стужка “Ліліян” аўстрыйца Андрэаса Хорвата.

Прызнацца, пачынаючым аўтарам Андрэаса Хорвата назваць нельга. Ён добра вядомы сваёй працай у дакументальным кіно, у фатаграфіі ды мультымедыя. Як вынік — яго першая ігравая карціна паўстала сапраўдным палатном, у якім моцным аказалася ўсё — і візуальны шэраг, і работа акцёраў — дакладней акцёркі Патрыцыі Планік, што выканала галоўную ролю, і музыка, што напісаў уласна сам аўтар, які выступіў у фільме аператарам ды сцэнарыстам.

Кіно распачынаецца з даволі правакацыйнай сцэны: Ліліян — галоўны жаночы персанаж — прыходзіць у амерыканскую студыю наймацца на працу як акцёрка фільмаў для дарослых. Яе не бяруць: у маладой жанчыны, масквічкі па пашпарце, аказваецца пратэрмінаваная амерыканская віза. Ды і вопыту падобных здымак няма: навошта, як кажуць, такі работнік? Усё гэта я апісваю толькі для таго, каб змясціць чытача ў кантэкст пэўных чаканняў — і папрасіць іх адразу адкінуць. Фільм, як лайнер, пачне паварочвацца ў іншы бок — і ў студыю фільмаў для дарослых мы не вернемся ніколі. Ліліян выкіне свой пашпарт у трубу і адправіцца праз усю Амерыку пешшу да сябе на радзіму — у Расію. І распачынаецца яе вялікае падарожжа — праз пустэчы і кукурузныя палі, горы і пустыні — у адкрыты ландшафт, які ўсё больш і больш запоўніць прастору карціны. “Ліліян” абернецца вялікім “роўд-муві”, у якім галоўная гераіня не будзе стасавацца ні з кім, акрамя навакольнага пейзажу.

Ліліян ідзе праз амерыканскую правінцыю без анічога: без грошай, сяброў, вопраткі, нават ежы. Яна крадзе адзенне і ежу ў лакальных “камісіёнках” (напачатку фільма мы чуем, што яна не ведае англійскай мовы), пазбягае кантактаў і звярае кіламетры на таксама скрадзенай папяровай карце. Нельга сказаць, што Андрэас Хорват не стварае партрэт Амерыкі падчас трыпу Ліліян. Жанчына становіцца сведкай пэўных афіцыйных святкаванняў у малых гарадках, завітвае па дарозе на амерыканскія спаборніцтвы, кшталту бойкаў на паламаных аўто; яна начуе ў закінутых дамах, гартае чужыя альбомы, ужо нікому не патрэбныя, вольна пачувае сябе з мясцовымі жывёламі... Прадказаць павароты сюжэта ў стужцы цалкам немагчыма — бо такога яшчэ не бачылі. “Хроніка павольнага знікнення” — такое вызначэнне даюць карціне яе стваральнікі. Аднак ці гэта знікненне моцнай Ліліян у суворых лясах Аляскі (а яна дабіраецца туды), ці павольнае знікненне амерыканскай краіны? Ці нават так: ці гэта вяртанне ў часе, калі з сучаснага Нью-Ёрка з яго магчымым і немагчымым бізнесам мы, перасякаючы розныя штаты, вяртаемся ў край Поўначы, дзе мясцовыя жыхары забіваюць кіта, каб здабыць сабе ежу. Фінальная сцэна фільма, якая ўтрымлівае дакументальныя здымкі забойства гэтай неверагоднай жывёлы, уражвае сваім маштабам і брутальнасцю. Моцная Ліліян, якая ўвесь час маўчыць, але дзейнічае рашуча і проста, ужо растала, знікла ў wild — мы не ведаем, у які момант яна стала часткай пейзажу. Ліліян як неабходны праваднік, як лінія, што рассякае невядомую прастору насуперак усяму, пераўтварылася ў кропку: гэта канец падарожжа. Ад перасычанай цывілізацыі — да натуральнай гаспадаркі карэнных народнасцяў. Ад “вершнікаў” Нью-Ёрка, ліхіх вадзілаў на “карах” — да мядзведзяў Аляскі. Ліліян, мне падаецца, і мусіла знікнуць дзесьці на гэтым шляху як чалавек, які адкрыў штосьці недазволенае.

Андрэас Хорват кажа, што персанаж яго стужкі мае рэальнага прататыпа — рускую жанчыну Ліліян Алінг, якая вырашыла адправіцца праз усю Амерыку ў Расію напачатку ХХ стагоддзя. Але кіно аўстрыйскага майстра, якое мае актуальны час дзеяння, на пэўным этапе пераўтвараецца ў карціну метафізічную, калі прастора ландшафту захоплівае ўжо не толькі галоўную гераніню, але і гледача. Музыка, візуальны шэраг карціны — уздзейнічаюць на фізічным і ментальным узроўнях, пакідаючы ашаламляльнае ўражанне. Гэта кіно, якое цалкам справядліва можа насіць прыстаўку “звыш”.

Магчыма, Андрэаса Хорвата і цяжка назваць дэбютантам у кіно, але ён цалкам пераканаўча пацвердзіў знаёмую ісціну: рызыкаваць у творчасці ніколі не позна. Дэбютнае кіно бывае часам невыразным ды заблытаным, але часам здольнае падарыць сапраўдную “перліну”. І яна ў конкурсе “Лістапада” была не адна.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"