Пакуль не пахаваны апошні салдат

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

У Беларусі памяць аб падзеях і ахвярах Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца і аберагаецца ці не больш сістэматычна і нязменна, чым у любой з краін-суседак. Воінскія мемарыялы і пахаванні на нашай Бацькаўшчыне ніколі не былі занядбаныя і забытыя, а напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі праблеме выяўлення, уліку і аховы такіх мясцін надаецца яшчэ большая ўвага. 4 лістапада ў Доме прэсы адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная праблемам добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў, правядзення пошукавых работ і пашпартызацыі памятных мясцін. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі як Узброеных Сіл і Міністэрства культуры, так і грамадскіх аб’яднанняў. Толькі ва ўзаемадзеянні дзяржаўных органаў з энтузіястамі-пошукавікамі магчыма дасягнуць поспехаў у справе захавання памяці.

/i/content/pi/cult/771/16649/04.JPGПоспехі і перспектывы

Начальнік упраўлення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны палкоўнік Сяргей Варановіч звярнуў увагу на тое, што цяпер работа ў азначанай сферы адбываецца ў адпаведнасці з прынятай нарматыўна-прававой базай. Справу гэтую рэгулююць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб увекавечанні памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяраў войнаў”, а таксама пастановы Савета Міністраў “Аб зацвярджэнні Дзяржаўнай праграмы на 2015 — 2020 гады па ўвекавечанні тых, хто загінуў пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў” і “Аб зацвярджэнні Правілаў добраўпарадкавання мемарыялаў, помнікаў воінскай славы, воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяраў войнаў”.

Сёлета сезон палявых пошукавых работ быў завершаны 25 кастрычніка. У гэтым годзе ўпраўленне па ўвекавечанні прыняло на ўлік 66 пахаванняў тых, хто загінуў падчас войнаў, у тым ліку 41 воінскае пахаванне і 25 пахаванняў ахвяраў войнаў. Агулам па стане на 1 лістапада гэтага года на дзяржаўным уліку Міністэрства абароны знаходзіцца 7769 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяраў войнаў, з іх каля шасці тысяч — пахаванні салдат Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета ў аўтаматызаваны банк звестак “Кніга Памяці” Рэспублікі Беларусь унесеныя звесткі аб 13 478 вайскоўцах, якія загінулі альбо прапалі без звестак пры абароне Айчыны. Агулам “Кніга Памяці” змяшчае ўліковыя запісы аб больш як двух мільёнах палеглых ва ўзброеных канфліктах — але, на жаль, устаноўлены звесткі толькі аб 520 тысячах з іх.

Чвэрць стагоддзя ў пошуку

Камандзір 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік Аляксандр Турбека адзначыў, што налета споўніцца 25 гадоў з дня стварэння батальёна. Наогул, пошукавыя работы праводзяцца з красавіка па кастрычнік, а навучанне вайскоўцаў-пошукавікаў адбываецца са снежня па красавік, прычым асноўная спецыяльнасць, па якой яны праходзяць падрыхтоўку — сапёр. Штатная колькасць батальёна — каля 80 чалавек. Вядома, большасць эксгумаваных батальёнам парэшткаў адносіцца да перыяду Другой і Першай сусветных войнаў, але за 25 гадоў былі таксама адшуканыя і 487 парэшткаў удзельнікаў вайны 1812 года з абодвух бакоў, а таксама яшчэ 643 парэшткі, якія датуюцца больш як сотняй гадоў, але прыналежнасць якіх не была высветленая.

52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён сёлета здзейсніў палявыя пошукавыя работы на 117 аб’ектах у 55 раёнах Беларусі, з іх былі абследаваныя 92 планавых аб’екта і 25 дадатковых — гэта значыць, выяўленых грамадзянамі пасля зацвярджэння плана пошукаў. На 71 аб’екце былі выяўленыя чаканыя вынікі: адшуканыя парэшткі 1940 палеглых, з іх 640 чырвонаармейцаў, 1299 ахвяраў вайны і аднаго ўдзельніка антынацысцкага супраціву. Разам з парэшткамі былі знойдзеныя ўзнагароды байцоў — тры медалі “За адвагу” і тры “За баявыя заслугі”, а таксама 25 асабістых медальёнаў чырвонаармейцаў. З гэтага ліку ўстаноўленыя звесткі аб 109 палеглых, з іх 34 — удзельнікаў Першай сусветнай вайны і 75 — Вялікай Айчыннай.

Найбольш буйныя пошукавыя работы сёлета адбыліся ў Брэсце ў раёне скрыжавання вуліц Савецкай і Машэрава, на месцы расстрэлаў вязняў колішняга гета, створанага падчас нацысцкай акупацыі — тут былі эксгумаваныя парэшткі 1214 вязняў, выяўленыя пры будаўніцтве шматкватэрнага дома. У Веткаўскім раёне былі выяўленыя парэшткі 138 вайскоўцаў Чырвонай арміі, а ў Віцебскім раёне — 93 вайскоўцаў і 10 ахвяраў вайны.

Пераемнасць пакаленняў

Падчас пошукаў упраўленне па ўвекавечанні супрацоўнічае з шэрагам грамадскіх арганізацый, як з Беларусі, так і з Расіі. Сярод беларускіх аб’яднанняў — Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб “Віккру”, Гомельскае абласное пошукавае грамадскае аб’яднанне “Ніколі не забудзем” з Добруша і “Памяць Айчыны” з Гомеля, вайскова-патрыятычны клуб “Вернутыя імёны” з Брэста і пошукавы клуб “Алы пагон” Гомельскага кадэцкага вучылішча, а таксама пошукавыя групы “Бацькаўшчына” з Мінска і “Звязда” з Рагачова.

Метадыст аддзела краязнаўства і пошукавай работы ДУДА “Абласны цэнтр творчасці” горада Магілёва Мікалай Барысенка, кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “Віккру”, адзначыў, што сёлета клубу, які налічвае каля 150 чалавек, таксама спаўняецца чвэрць стагоддзя. За гэты час імі адшукана каля 1230 парэшткаў — вядома, пад кіраўніцтвам 52-га спецыялізаванага батальёна: паводле заканадаўства, самастойна займацца пошукавымі работамі грамадскія аб’яднанні не могуць. З гэтага ліку высветленыя імёны 85 байцоў, а яшчэ 24 тысячы імёнаў байцоў, якія прапалі без звестак, адшуканыя ў выніку архіўных пошукаў. Між іншага, былі вызначаныя таксама каля пяці з паловай тысяч імёнаў абаронцаў Магілёва ў 1941 годзе, хаця яшчэ ў савецкі час іх было вядома не больш за паўтары тысячы.

Мікалай Барысенка звярнуў увагу, што з 65 парэшткаў, адшуканых клубам сёлета, удалося аднавіць імёны толькі пяці байцоў, таму наперадзе яшчэ багата працы па вяртанні імёнаў абаронцаў Айчыны. Так, толькі ў Магілёўскай вобласці пахавана 328 тысяч байцоў, а вядомыя імёны толькі 68 тысяч з іх. Клуб “Віккру” выпускае таксама “Магілёўскі пошукавы веснік”, дзе змяшчае ўласныя напрацоўкі па тэме пошукаў і ўвекавечання пахаванняў абаронцаў Айчыны. Адметна, што Магілёўская вобласць з’яўляецца адзінай, дзе створаны банк звестак аб палеглых і пахаваных на тэрыторыі вобласці — ён будзе даступны ўсім у інтэрнэце ўжо напрыканцы года.

Кіраўнік клуба “Віккру” адзначыў таксама, што каля паловы ўдзельнікаў гэтага аб’яднання складае моладзь, і гэта немалаважна, бо акурат маладым людзям давядзецца працягваць справу пошукаў, калі адыдзе пакаленне ўдзельнікаў і сведкаў вайны — а гэты момант, на жаль, непазбежны. Таму патрэбныя веды і навыкі пошуку старэйшыя калегі імкнуцца перадаваць юнацтву ўжо сёння, пакуль яшчэ ёсць магчымасць абаперціся на сведчанні відавочцаў вайны, якія нярэдка захоўваюць і памяць аб раней невядомых і непазначаных воінскіх пахаваннях. У якасці прыкладу была згаданая гісторыя з пахаваннем каля 70 байцоў асобнага міліцэйскага батальёна, байцы якога загінулі падчас абароны Магілёва. Доўгія гады месца іх спачыну заставалася невядомым, і толькі нядаўна мясцовая жыхарка дапамагла яго вызначыць, што дало магчымасць адшукаць парэшткі герояў.

Начальнік упраўлення Міністэрства культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Наталля Хвір адзначыла, што каля тысячы пахаванняў абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў уваходзяць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Для такіх аб’ектаў прадугледжанае фінансаванне па ўтрыманні і правядзенні ахоўных мерапрыемстваў. Згадваючы вядомае выслоўе аб тым, што вайна працягваецца, пакуль не пахаваны яе апошні салдат, удзельнікі канферэнцыі сышліся ў меркаванні — такі момант уявіць складана, але імкнуцца да яго, тым не менш, варта. Гэта трэба не толькі і не столькі мёртвым, а перадусім жывым — і сваякам ды нашчадкам байцоў, якія дагэтуль не ведаюць, дзе знайшлі апошні спачын іх родныя, і проста ўсім неабыякавым людзям.