Беларусь — Сардзінія: што аб’ядноўвае?

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

4 — 8 лістапада 2019 года горад Кальяры (Сардзінія, Італія) у рамках праекта міжнароднага супрацоўніцтва MOST з афіцыйным візітам наведала дэлегацыя Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” на чале з дырэктарам Сяргеем Клімавым, якая таксама ўключала Наталлю Жэрко, намесніка дырэктара, і Уладзіміра Каралёнка, навуковага сакратара.

/i/content/pi/cult/771/16648/03.JPGБеларускія спецыялісты наведалі археалагічны і гістарычны комплекс “Су-Нураксі-дзі Баруміні”, які ў 1997 годзе быў уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: дадзены комплекс помнікаў нурагскай культуры ўяўляе з сябе сапраўдны замак, збудаваны каля 1500-х гадоў да нашай эры, і з’яўляецца важным сведчаннем таго, як дагістарычная супольнасць магла самым творчым і перадавым чынам выкарыстаць матэрыялы і будаўнічыя метады свайго часу.

Важнасць дадзенага візіту заключаецца ў наладжванні прамых прафесійных кантактаў кіраўнікоў унікальных музейных комплексаў Сардзініі і Беларусі, якія адносяцца да спадчыны ЮНЕСКА. Так, беларускія спецыялісты, пагутарыўшы са сваімі італьянскімі калегамі, змаглі бліжэй пазнаёміцца з іх падыходам да арганізацыі музейнай справы, да маркетынгавага прасоўвання іх прадукту, а таксама да стратэгічнага планавання музейных ініцыятыў у цэлым. Прадстаўнікі італьянскага боку таксама выказалі цікавасць у адносінах да Нясвіжа, пасля чаго было прынята рашэнне аб зваротным візіце дэлегацыі з Італіі ў пачатку наступнага года, падчас якога будзе магчымасць падпісаць пратакол аб супрацоўніцтве.

Аднак у паездкі, якая адбылася, ёсць яшчэ адзін матыў: агульная гісторыка-архітэктурная спадчына Беларусі і Сардзініі, увасобленая ў працах выбітнага езуіцкага італьянскага архітэктара Джавані Марыя Бернардоні.

Перад тым як прыехаць у Беларусь, Бернардоні з 1578 па 1583 год жыў і працаваў на востраве Сардзінія, дзе ў гарадах Кальяры, Сасары, Іглезіасе захаваліся ўнікальныя архітэктурныя комплексы, збудаваныя пад яго кіраўніцтвам.

Пасля знаходжання на Сардзініі, Бернардоні прыехаў па запрашэнні Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі ў Нясвіж у 1586 годзе і застаўся тут на 13 гадоў. Касцёл Божага Цела і Нясвіжскі замак, у будаўніцтве якіх ён прымаў удзел, сёння ўключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Такім чынам, імя Бернардоні і яго архітэктурная спадчына ўжо больш чатырох стагоддзяў звязваюць Сардзінію і Беларусь. Можна сказаць, што імя дадзенага архітэктара стала своеасаблівым “культурным мостам”, які яшчэ больш умацоўвае культурнае падабенства дзвюх краін і двухбаковае ўзаемадзеянне.

7 лістапада пры ўдзеле беларускіх спецыялістаў і гісторыка сферы мастацтва Джорджа Пелегрыні адбыўся навуковы семінар, прысвечаны асэнсаванню архітэктурнай спадчыны Бернардоні і яго ўнёску ў культурнае аблічча гарадоў.

Месца яго правядзення — канферэнц-зала вайсковай установы, якая раней была самым старым ваенным шпіталем Італіі — таксама выбрана не выпадкова: будынак першапачаткова быў збудаваны як навіцыят езуітаў і праект па яго пабудове належыць самому Бернардоні.

Падчас семінара таксама працавала фотавыстава “Дзейнасць Бернардоні ў Беларусі і Нацыянальны музейны комплекс г. Нясвіжа”. Дадзеная выстава дала магчымасць наведвальнікам азнаёміцца з архітэктурным здабыткам Нясвіжа, яна працягвае працаваць таксама і пасля заканчэння семінара: па ініцыятыве Ганаровага Консульства Беларусі, экспазіцыя будзе размешчана ў мастацкіх ліцэях Сардзініі.

Акрамя таго, з вялікай цікавасцю публікай было сустрэта выступленне Таццяны Сыравежкінай, якая зачаравала італьянскіх гледачоў віртуознай гульнёй на цымбалах.

Ганаровы Консул Рэспублікі Беларусь на Сардзініі Джузэпэ КАРБОНІ