Кніга вандруе па свеце

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Кнігавыдаўцы і кнігараспаўсюджвальнікі на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы распавялі пра вынікі ўдзелу беларускіх дэлегацый у XIII Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, канферэнцыі “Кніга — шлях супрацоўніцтва і прагрэсу” і Мальтыйскім міжнародным кніжным фестывалі.

/i/content/pi/cult/771/16646/02.JPG5 — 6 лістапада ў сталіцы Туркменістана Ашхабадзе адбылася XIII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, на якой дэлегацыя Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь знаёміла гасцей з беларускім кнігавыдавецтвам. Наведвальнікі выставы мелі магчымасць патрымаць у руках каля 80 беларускіх кніг.

Напярэдадні адкрыцця прайшла рабочая сустрэча беларускай дэлегацыі з намеснікам старшыні Туркменскай дзяржаўнай выдавецкай службы спадаром Нурчахедам Іябярэнавым, а пасля беларусаў прыняў і старшыня выдавецкай службы спадар Ахмат Худайбердыеў. Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч распавёў пра сучасны стан беларускага кнігадрукавання, а намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Белкніга” Генадзь Сілінскі падрабязна распавёў пра магчымасці арганізацыі беларуска-туркменскіх стасункаў у галіне кніжнага гандлю. Прынялі ўдзел у сустрэчы таксама дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак, намеснік дырэктара Выдавецкага дома “Звязда” і галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва” Аляксей Чарота. Туркменістан атрымаў запрашэнне да ўдзелу ў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая пройдзе ў Беларусі 5 — 9 лютага 2020 года, а таксама — у Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час” і Мінскім міжнародным медыяфоруме “Партнёрства ў імя будучыні”.

Як паведаміў Уладзімір Андрыевіч, беларускія выданні падчас выставы-кірмашу атрымалі дыпломы ў пяці намінацыях з сямі: “У конкурсе ўдзельнічалі дзесяць краін, такія як Польшча, Кітай, Туркменістан, — таму мы, безумоўна, знаходзімся на высокім узроўні.”

— Беларусь была прадстаўлена не толькі кнігамі, але і выступленнямі, сустрэчамі, — адзначыў Аляксей Чарота. — Газета “Літаратура і мастацтва” зрабіла спецвыпуск, прысвечаны літаратуры і культуры Туркменістана, і я ўпершыню, колькі даводзілася ездзіць на падобныя мерапрыемствы, бачыў такую цікавасць: ніводнага экзэмпляра не засталося. У нас бралі інтэрв’ю тэлевізійныя журналісты. Пасля адбыўся круглы стол, прысвечаны перакладу, што таксама трансліравалася па тэлебачанні, узяў інтэрв’ю і адзін з туркменскіх часопісаў. Мы ўсе прынялі ўдзел у якасці слухачоў у навуковай канферэнцыі. Сапраўды, цікавасць да Беларусі ў туркменаў вельмі вялікая.

Другая значная падзея, пра вынікі якой ішла размова на прэс-канферэнцыі — Мальтыйскі міжнародны кніжны фестываль, які прайшоў з 6 па 10 лістапада. Удзел у мерапрыемстве прынялі больш за 40 экспанентаў з 8 краін свету. Усяго за пяць дзён фестывалю было праведзена больш за 80 мерапрыемстваў, падведзены вынікі Нацыянальнай літаратурнай прэміі Мальты і дзіцячай прэміі Terramaxka Prize. Ад Беларусі фестываль наведалі рэферэнт упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Вікторыя Лукашутэ і дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна. У экспазіцыі на Мальце было прадстаўлена каля 20 беларускіх выданняў.

— Адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Нацыянальнага кніжнага савета, які падпарадкоўваецца Міністэрству адукацыі Мальты, курыруе менавіта выдавецкую дзейнасць і з’яўляецца арганізатарам фестывалю, — распавяла Вікторыя Лукашутэ. — Цягам гэтай сустрэчы мы зацікавілі іх ва ўдзеле ў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы і запланавалі ўдзел мальтыйскага пісьменніка ў Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час”. Акрамя таго, на Мальце ёсць некалькі фондаў, якія падтрымліваюць выданне літаратуры, у тым ліку перакладной, і мы спадзяемся, што з падтрымкай аднаго з іх здолеем зладзіць сумесны праект. Нашы кнігі “Янка Купала. “А хто там iдзе?” на мовах свету”, “Францыск Скарына на мовах народаў свету”, “Мая залатая Бенгалія” на мовах народаў свету” выклікалі вялікую цікавасць.