Бонусы маладзёжнага “Куфра”

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

19 лістапада ў Мінску адкрываецца ХVI Міжнародны фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў “Тэатральны куфар, БДУ — 2019”. Цягам шасці дзён у ім будуць прадстаўлены 12 спектакляў з 9 краін свету: Грузіі, Інданэзіі, Непала, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі і, вядома, Беларусі.

/i/content/pi/cult/771/16643/9_0_opt.jpegСёлетняя праграма не такая насычаная, як у некаторыя мінулыя гады, калі ў дзень было па чатыры спектаклі і болей. Затое кожны паказ — траплянне ў яблычак. І ў сэрцы гледачоў. У якасці адкрыцця невыпадкова абраны пластычны спектакль “Прабелы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і электронікі: сёлета ўжо пяты раз у рамках форуму пройдзе “фестываль у фестывалі” — асобная праграма пластычных пастановак “Куфар_Пластылін”. Яшчэ адным дадатковым бонусам стануць чыткі твораў сучаснай беларускай драматургіі, арганізаваныя педагогам, рэжысёрам і акцёрам Андрэем Саўчанкам у рамках праекта “КуфарДрамаЛаб”.

Працягнецца нядаўна складзеная традыцыя падзелу праграмы на аматарскія і прафесійныя калектывы. Сярод апошніх — Тбіліcкі дзяржаўны тэатр кінаакцёра імя М. Туманішвілі са сваёй версіяй “Лысай спявачкі” Э. Іянеска. Адбудзецца і сумесная пастаноўка ўдзельнікаў, створаная цягам фестывалю. Сёлетні “Куфар-in-Motion” зладзіць знакамітая Уладзіслава Цвікі — галоўны рэжысёр Цэнтра культуры “Віцебск” і кіраўнік тамтэйшага маладзёжнага тэатра “Колесо”, вядомая найперш сваімі адметнымі вулічнымі спектаклямі.

Прадстаўнічае журы на чале з англійскім прафесарам Робам Браненам падвядзе свае вынікі. Але галоўная ацэнка (і на яе аснове — галоўная ўзнагарода) непасрэдна залежыць ад публікі, якая будзе галасаваць пасля кожнага прагляду.

Безумоўна, асаблівую ўвагу прыцягнуць выступленні беларускіх удзельнікаў — у тым ліку, з Полацка. Не менш цікава, якім атрымаўся “Ураджай” з эстонскага Тарту паводле аднайменнай п’есы нашага драматурга Паўла Пражко (тым больш што тая нядаўна была пастаўлена і ў нашым славутым Купалаўскім тэатры).

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"