На гэты раз будзе “Вій” паводле Мікалая Гогаля. Ці ж не цікава, якой атрымаецца балетная “страшылка”?
Але яшчэ больш цікава, ці стане сам Раду гэткім “віем” для канкурсантаў? Бо менавіта ён узначальвае журы, у склад якога ўваходзяць таксама народны артыст Беларусі, саліст і харэограф Канстанцін Кузняцоў, Анжаліка Холіна з Літвы, якая з’яўляецца харэографам-пастаноўшчыкам Акадэмічнага тэатра імя Яўгена Вахтангава і прывязе ў Віцебск сваю версію “Ганны Карэнінай”, а таксама Ніколь Сэйд — генеральны менеджар BALLET PRELJOCAJ з Францыі. Адначасова з журы будзе працаваць экспертны савет, які сёлета ўзначаліць балетазнаўца, крытык Святлана Уланоўская (Беларусь — Расія).
Хто ж пераможа ў конкурсе? Прадбачыць складана, бо сярод заяўленых удзельнікаў ёсць і ўжо вядомыя імёны і калектывы, і зусім незнаёмыя. Але інтрыга будзе трымацца да апошняга: лаўрэатаў назавуць толькі ў час урачыстага закрыцця.
Як заўжды, праграма фестывалю вельмі насычаная. Акрамя другога і трэцяга конкурсных тураў (першы праводзіўся арганізатарамі па дасланых запісах), а таксама двух згаданых вышэй спектакляў, IFMC — 2019 утрымлівае яшчэ некалькі гасцявых паказаў, не гаворачы ўжо аб выстаўках, майстар-класах, творчых сустрэчах. Сярод іншых спектакляў — бельгійскі танц-спектакль SWEAT BABY SWEAT, дзе, калі верыць яго апісанням, спляліся тэхнікі буто, ёгі, цыркавой акрабатыкі і рок-н-рола. Немагчыма прамінуць і аднаактовыя “Лабірынт”, “Чалавек паветра” Тэатра Яўгена Панфілава з Пярмі. А завершаць фестываль іспанцы, чый спектакль OSKARA быў прызнаны лепшым летась на Міжнародным форуме танца Tanzmesse — 2018 у Дзюсельдорфу.