Наш унёсак у цывілізацыю

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

Пасля таго, як у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай і суверэннай дзяржавай, у яе жыхароў значна павялічылася цікавасць да ўласнай гісторыі і культуры. Менавіта гэтым можна патлумачыць немалы інтарэс нашай грамадскасці да выхаду ў свет кнігі Сяргея Лютко “Великое наследие Беларуси”, якая не так даўно з’явілася ў выдавецтве “Беларусь”. Што ж у ёй адметнага? Чым гэтае выданне адрозніваецца ад папярэдніх? Што ў ім новага, цікавага і каштоўнага?

/i/content/pi/cult/770/16640/10853090_0_opt.jpegВа “Уступе” да кнігі яе аўтар падкрэслівае, што дасягненні навукі і культуры належаць усяму свету, а не асобнай нацыі. І таму распаўсюджваючы кнігадрукаванне на ўсходнееўрапейскіх землях, ствараючы падводны флот Расіі, распрацоўваючы асновы ракетабудаўніцтва, даследуючы Чылі і Сібір, пакараючы космас, ураджэнцы Беларусі зрабілі свой унёсак у развіццё ўсяго чалавецтва.

У даступнай форме

Сяргей Лютко адзначае, што кніга ставіць за мэту ў простай і даступнай форме паказаць найвялікшыя дасягненні нашых суайчыннікаў ва ўсіх накірунках чалавечай дзейнасці: навуцы, культуры, ваеннай справе, палітыцы. Ён акцэнтуе ўвагу чытачоў на тым, што гаворка пойдзе толькі аб імёнах шырока вядомых па-за межамі нашай Радзімы. На жаль, не ўсе з іх сёння ўспрымаюцца як нацыянальныя героі Беларусі. Таму яшчэ адна мэта кнігі — увекавечыць іх светлую памяць і лішні раз нагадаць чытачу імёны, якімі з поўным правам можа ганарыцца наша Айчына.

У чым вартасці выдання? Найперш, аўтару і сапраўды ўдалося дасягнуць пастаўленай мэты — стварыць цікавыя і папулярныя нарысы аб вялікіх вучоных і вынаходніках, вядомых палітыка і праслаўленых палкаводцах, музыкантах і мастаках, славутых падарожніках і першаадкрывальніках, манархах і паэтах, духоўных асобах і пісьменніках. Сярод іх — постаці розных эпох: святая заступніца Русі Еўфрасіння Полацкая і “Залатавуст” Кірыл Тураўскі, нястомны даследчык Забайкалля і Усходняй Сібіры Ян Чэрскі, дыпламат і ўсходазнаўца Язэп Гашкевіч, палярнік, акадэмік і астраном Ота Шмідт, які ўзначальваў несмяротную адысею чалюскінцаў, і многія-многія іншыя.

Нельга не згадзіцца з Сяргеем Лютко, што ў самых розных кутках зямнога шара мы маем магчымасць бачыць сведчанні іх удзячных сучаснікаў і нашчадкаў — помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, назвы геаграфічных аб’ектаў, вуліц і плошчаў.

І вельмі добра, што ў дадатку да кнігі дадзены багаты факталагічны матэрыял — радаслоўная табліца Полацкіх князёў Рагвалодавічаў, спіс Вялікіх князёў Літоўскіх з указаннем даты праўлення, каралей Рэчы Паспалітай — Вялікіх князёў Літоўскіх, расійскіх імператараў. Наўрад ці паспаліты чытач мае гэтыя звесткі пад рукой.

Проста “папулярнае”

Што ж, маляўніча апісаўшы некаторыя вартасці кнігі Сяргея Лютко, пяройдзем зараз да куды менш прыемнай часткі кожнай рэцэнзіі — недахопаў. Пагатоў, выданне, на жаль, іх не пазбаўлена.

Па-першае, у ім няма амаль нічога новага. Россып прадстаўленых там фактаў можна адшукаць у публікацыях іншых аўтараў. За выключэннем хіба думкі аўтара, што датай першага летапіснага ўпамінання Полацка трэба лічыць 864-ты год, а не 862-гі, як гэта прынята ў айчыннай гістарыяграфіі.

Па-другое, больш мэтазгодна было б назваць гэтую кнігу “Великое наследие белорусских земель”, а не “Великое наследие Беларуси”. Фактычна, дзяржаўнасць Беларусі пачынаецца з дзвюх дат: 25 сакавіка 1918 года і 1 студзеня 1919 года. Хаця абсалютна бясспрэчна, што нашы продкі яшчэ прынамсі з IХ стагоддзя стваралі для сённяшняй дзяржавы падмурак.

Па-трэцяе, рэцэнзуемае выданне пазначана як “навукова-папулярнае”. Хаця насамрэч трэба было назваць яго проста “папулярным”, бо навуковым яго называць не выпадае. Справа ў тым, што ва ўсёй кнізе няма ніводнай навуковай спасылкі.

Па-чацвёртае, паводле зададзеных аўтарам умоваў, гетман Вялікага Княства Літоўскага, кампазітар, паэт, мецэнат Міхаіл Казімір Агінскі (1728 — 1800) не павінен быў стаць адным з герояў дадзенай кнігі, бо ён нарадзіўся ў Варшаве. Зрэшты, тут было лёгка знайсці іншае выйсце: чаму б не пашырыць межы і ўключыць у лік герояў кнігі тыя славутыя постаці, якія нарадзіліся не на нашых землях, але найбольш праявілі сябе менавіта тут? Тады б аповед пра стваральніка канала ў Палессі і тэатра ў Слоніме быў бы цалкам дарэчы.

Нарыс “Белорусские корни” прысвечаны жыццю і дзейнасці Адама Чартарыйскага, Міхаіла Глінкі, Мікалая Пржавальскага, Фёдара Дастаеўскага, Соф’і Кавалеўскай, Генрыха Сянкевіча. Але ж яны таксама не былі ўраджэнцамі Беларусі — хаця аўтар кнігі і рэдакцыя выдавецтва “Беларусь” у анатацыі падкрэслілі, што “книга рассказывает о белорусах и уроженцах Беларуси”.

Па-пятае, нарыс пра Тадэвуша Касцюшку пачынаецца са сцвярджэння, што ён “ці не самы вядомы ў свеце беларус”. Думаю, гэта некарэктнасць. Наўрад ці герой Рэчы Паспалітай калісьці называў сябе менавіта беларусам.

У нарысе “Советские военачальники” ёсць матэрыял пад назвай “Разработчик плана операции по освобождению Беларуси от немецко-фашистских оккупантов”, прысвечаны генералу арміі Аляксею Антонаву. На жаль, гэтая тэма раскрыта аўтарам кнігі вельмі павярхоўна. А прачытаўшы матэрыял “Вядомы фізік” аб ураджэнцы Віцебска, лаўрэаце Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэсе Алфёраве, я шчыра пашкадаваў, што пра яго напісана менш за старонку. А гэта недаравальна мала аб нашым земляку, якім адначасова ганарацца Беларусь і Расія.

Не абышлося без агрэхаў

У матэрыяле “Кинокомпания “Мэтро-голдвин-майер” представляет” (нарыс “Шалом, шаноўныя”) словы “голдвин-майер” трэба пісаць з вялікай літары. У гэтым жа нарысе ў матэрыяле “Прэзідэнты Ізраіля” не названа сапраўднае прозвішча трэцяга прэзідэнта Ізраіля Залмана Шазара — Шневур Залман Рубашоў.

Недаравальна і дзіўна, што кандыдат гістарычных навук Сяргей Лютко пераблытаў біяграфічныя дадзеныя вядомага амерыканскага пісьменніка-фантаста Айзека Азімава ў матэрыяле “Три закона робототехники”. Ён сцвярджае, што Азімаў “нарадзіўся на Гомельшчыне ў мястэчку Пятровічы Клімавіцкага павета (праўда, цяпер гэта на тэрыторыі Расіі”). Аднак няцяжка даведацца, што насамрэч той павет уваходзіў у Магілёўскую губерню. Таму хочацца запытацца ў аўтара: прычым тут Гомельшчына?

Да ўсяго, сёння былое мястэчка, а цяпер вёска Пятровічы ўваходзіць у склад Шумяцкага раёна Смаленскай вобласці. І таму можна спрачацца, ці варта было пісаць пра Азімава ў гэтай кнізе. Аўтар гэтых радкоў лічыць: калі мы гаворым, што нехта нарадзіўся на беларускіх землях, дык маем на ўвазе тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у сучасных межах.

У матэрыяле “Первая в мире женщина-космонавт” Сяргей Лютко без ніякай спасылкі катэгарычна сцвярджае, што “Валянціна Церашкова нарадзілася ў Яраслаўскай вобласці ў сям’і беларусаў”. Чаму гэтае сцвярджэнне выклікае пэўны сумнеў? Здавалася б, ужо адразу пасля палёту Церашковай, які адбыўся 19 — 20 чэрвеня 1963 года, газета “Известия” пісала, што яе маці родам з Віцебскай вобласці. Ды і ў адпаведным артыкуле “Беларускай энцыклапедыі” адзначаецца, што бацькі жынчыны-касманаўта “з Беларусі”. Але там не гаворыцца, што яны былі беларусамі — а гэта не адно і тое ж. Таму пытанне застаецца адкрытым.

Думаецца, усіх гэтых недахопаў можна было б пазбегнуць, калі б выдавецтва “Беларусь” спачатку перадала тэкст рукапісу Сяргея Лютко дасведчанаму рэцэнзенту.

Але бадай самае галоўнае — тое, што кніга аб’ёмна і комплексна адлюстроўвае той унёсак, “які зрабілі нашы суайчыннікі ў росквіт чалавецтва і развіццё міра на Зямлі”, як піша сам аўтар. Безумоўна, мільёны жыхароў Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў розных краінах свету могуць па праву ганарыцца іх вялікай спадчынай.

Эмануіл ІОФЕ, прафесар БДПУ, доктар гістарычных навук