Паглядзець у вочы

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

Фатаграфія на “Лістападзе”: ад нататкаў да магіі кіно
Адна з адметнасцяў XXVI МКФ “Лістапад” — суправаджэнне фестывальнай праграмы фатаграфічнымі выставамі. Па маіх назіраннях, ідэя вылілася ў такі гучны акорд толькі сёлета. Глыбокі, нагружаны сэнсамі бэкстэйдж аднога з найвядомейшых фільмаў Андрэя Таркоўскага — выстава “Салярыс. Данатас Баніёніс” і звонкі, прыбраны фасад сусветнай кінаіндустрыі — у “Зорках / Знакамітасцях у аб’ектыве Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева”. Выставы можна паглядзець на працягу бліжэйшых двух тыдняў.

/i/content/pi/cult/770/16639/020.JPGАзірнуўшыся на каштоўнасці Баніёніса

У Музеі гісторыі беларускага кіно вам дакладна захочацца перагледзець “Салярыс”. Фільм 1971 года, з прызам журы Канскага фестывалю ў 1972-м. З яскравым шлейфам шасцідзясятнікаў, з філасофіяй “адлігі”, з ідэямі абнаўлення... Усё сышлося ў гэтай стужцы: польскі раман неверагоднага Станіслава Лема, геній Андрэя Таркоўскага і літоўская спавядальнасць — Данатас Баніёніс. Вядома, Наталля Бандарчук і іншыя выдатныя акцёры, але па часе супала яшчэ больш значная ў тыя гады акалічнасць: толькі што выйшаў фільм Стэнлі Кубрыка “2001 год: Касмічная Адысея” і ў кіраўніцтва кінагаліны краіны паўстала жаданне даць савецкі “адказ” амерыканскай кінафантастыцы. З прычыны таго, што ідэалогія праектаў была рознай, і тут спаборнічаць сэнсу не мела: “Салярыс” вырашылі падтрымаць у тэхналагічным плане. Бюджэт вылучылі велізарны — адзін мільён рублёў.

Выстава “Салярыс. Данатас Баніёніс” мае падзагаловак: “Як акцёр Данатас Баніёніс бачыў, адчуваў і разумеў фільм “Салярыс”. І яна дакладна не пра бюджэт. Фатаграфіі і невялікія дзённікавыя запісы ўводзяць гледача ў кантэкст разважанняў над фільмам: аказваецца, Лем быў расчараваны ў жыхарах Зямлі, і спадзяваўся на магчымасці Космасу, а Таркоўскі, наадварот, рабіў фільм пра пакаяннае вяртанне ўсё ж такі на Зямлю; пакланенне перад прыродай стваральнікі фільма неабвержна звязвалі з этыкай і маральнасцю. “Зрабіўшы адзін новы крок у пазнанні прыроды, неабходна другую нагу паставіць на маральную прыступку”, — напісаў у сваіх нататках Данатас Баніёніс.

Куратар выставы Юозапас Блажюнас, дырэктар Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва, падрыхтаваў для экспазіцыі вялікую серыю фотаздымкаў, лісты і дакументы, якія не экспанаваліся раней. У выніку выстава атрымалася не проста суправаджэннем да фільма і фестывалю, як гэта часта бывае. Куратар здолеў займальна распавесці аб складаных, часта інтэлектуальных рэчах, заглыбіць гледача ў іншыя сэнсы і мову, адрозныя ад тых, што мы бачым у кінематографе апошніх гадоў.

Таму я і думаю, што “Салярыс” захочацца перагледзець яшчэ раз. Усё ж такі 1971 год — гэта вялікая дыстанцыя, цікава праверыць карціну на трываласць, адчуць яе асаблівую атмасферу.

Паглядзець у вочы Таранціна

Да аўтараў праекта “Stars/Знакамітасці” Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева ў мяне было толькі адно пытанне: у чым феномен зорак, а ў нашым выпадку, чаму іх фатаграфіі так прыцягваюць позірк? Бо ўсё, што мы ведаем пра рэкламу, індустрыю, PR і гэтак далей працуе “супраць”, але ў соты раз мы ўзіраемся ў абліччы і глядзім рэпартажы з чырвоных дарожак.

Пра ўсё па парадку. На міжнародных кінафестывалях Алег Лукашэвіч працуе з 1996 года, ён быў першым беларускім журналістам, які адкрыў для тэлегледачоў МКФ класа “А”. Спачатку былі Каны, за імі рушылі Венецыя і Берлін. Да праекта далучыўся Аляксандр Аляксееў — цяпер у архіве каманды мноства інтэрв’ю, фатаграфій, аўтографаў і падарункаў. І гэта велізарны досвед і праца, якую фотапраект “Stars/Знакамітасці” адкрывае толькі збольшага. Таму чырвоная дарожка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, па якой гледачы ўваходзяць на выставу, гэта ў поўнай меры дарожка для Алега і Аляксандра. Ім сапраўды ўдалося прафесійна паразмаўляць і паглядзець у вочы самым вядомым, “багатым і знакамітым”, “культавым” і “легендарным”. Мас-медыя прыдумалі шмат азначэнняў, але штампы толькі раздражняюць... Дык вось, на пытанне аб прыцягальнасці “зорак” Аляксандр адказвае:

— Гэта эксклюзіўныя фатаграфіі, мы працавалі з тымі людзьмі. Яны сапраўды выбітныя асобы, і робяць выключнае кіно. Вы ні з кім не пераблытаеце мастацтва Таранціна! Вы пазнаеце кожнага, таму што ў кожнай асобы тут свой унутраны свет, які яны вынеслі ў сусветнае кіно, у разрад сусветных дасягненняў. Плюс, вядома, у абліччы “зорак” ёсць магія, адлюстраваная магія самога кінематографа.

Таранціна, Мадона, Стывен Спілберг, Фані Ардан, Кшыштаф Занусі, Пітэр Грынуэй, Катрын Дэнёў, Вудзі Ален, Брэд Піт, Анжаліна Джолі, Ніколь Кідман, Анджэй Вайда, Элізабет Тэйлар — сто персанажаў, тысячы кінагісторый і культурны пласт другой паловы мінулага стагоддзя і пачатку гэтага. Нябачна прысутнічае ў кадры бэкграўнд аўтараў, іх шматлікія выдавецкія і мастацкія праекты. Зрэшты, яны не толькі адгадваюцца: свой альбом “Спадчына Беларусі” Алег і Аляксандр дарылі Кшыштафу Занусі і іншым суразмоўцам, і гэтыя кадры таксама выстаўлены ў галерэі.

Экспазіцыйны дызайн — падабенства да цёмных кіназалаў — прыводзяць гледача быццам бы ў кінатэатр. Работы розных фарматаў, памятныя запрашэнні і буклеты, відэаздымка робяць глядацкае ўспрыманне больш поўным.

Глянец застаецца глянцам, але ловіш сябе на думках усё ж такі пра асоб, на ўспамінах пра фільмы. А яшчэ больш важна, што гледачу перадаецца захапленне Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева сваімі героямі, іх любоў да кіно. Вось гэта прызнанне, нават эйфарыя, мабыць, галоўнае.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст