Калі тэма рэзануе ўнутры цябе

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

Апошнім часам біяграфія фотамастачкі Таццяны ТКАЧОВАЙ у нечым нагадвае казку пра Папялушку. Яшчэ ўчора яе ніхто не ведаў нават у вузкім коле, а сёння ў ейным актыве — цэлая гронка прызоў на буйных міжнародных фэстах і публікацыі ў найпрэстыжных замежных выданнях. І што самае дзіўнае ды прыемнае: Таня дамаглася ўсяго гэтага без “хайпу” і спекуляцый на хваравітых тэмах. А кранальная шчырасць — якая з’яўляецца галоўнай ейнай “зброяй” — не выклікае сумневаў нават у апошняга скептыка. Тым не менш, рэакцыю ейная творчасць (і асабліва яе поспех) выклікае неадназначную… Карацей, нагодаў для размовы — болей чым трэба.

/i/content/pi/cult/770/16638/019.JPG— Ты пачала ўсур’ёз займацца фатаграфіяй параўнальна нядаўна, прычым ужо ў даволі сталым веку. Як так сталася, што яна зрабілася галоўнай часткай твайго жыцця?

— Мне пастаянна задаюць гэтае пытанне, і шторазу я адказваю на яго па-іншаму. Але праўдзівы адказ тут можа быць толькі адзін: так атрымалася. Так склалася жыццё. Я вучылася на ветэрынара, потым на культурнага менеджара ва Універсітэце культуры і мастацтваў… Але заўсёды карцела нешта ствараць. Чамусьці так сталася, што ў якасці сродку я выбрала фатаграфію. Ніякай асаблівай гісторыі пра бацьку, які па начах праяўляў стужкі ў ваннай, у мяне ў запасе няма. Я проста раптам падумала: варта мне быць фатографам...

— Звычайна мастацкая адукацыя ў нас доўжыцца мінімум пяць гадоў. Але ж фатаграфіі можна навучыцца хіба на больш ці менш кароткатэрміновых курсах. Не так даўно ты скончыла такія, а цяпер ужо сама выкладаеш на іншых…

— Лічу, любая адукацыя важная. Але яшчэ важней тое, як ты прымяняеш засвоенае там на практыцы. Адпаведна, у кожным разе ўсё залежыць ад цябе. У свой час я патрапіла ў правільнае для сябе месца — Акадэмію фатаграфіі ў Піцеры. Пазнаёмілася там з людзьмі, якія сталі маімі сябрамі. Для мяне гэта быў моцны штуршок — не ведаю, як для іншых. Таму нават кароткатэрміновымі курсамі не варта грэбаваць. Хаця, натуральна, нейкі аналаг Каралеўскай акадэміі мастацтваў, якая існуе ў Нідэрландах, нам бы таксама зусім не пашкодзіў. Дый марыць, як кажуць, не шкодна.

— Працягнем шэраг банальных пытанняў. Што важна, каб стаць фатографам? Тэхнічныя навыкі? Кола зносінаў? Інтэлектуальны бэкграўнд?

— Сёння самае цікавае, што ёсць у фатаграфіі — гэта мы самі. Дый, мабыць, так было заўсёды. Тэхнічныя навыкі важныя, але не галоўныя. Кола зносінаў — таксама. Галоўнае тое, што ты хочаш сказаць. І вельмі важна яшчэ быць open minded ды не пераставаць здзіўляцца — напрыклад, калі лісце штовосень падае долу. Уласна, гэта неабходная якасць для любой творчай прафесіі.

— Твой Гран-пры на буйным міжнародным фестывалі “Фотапарад у Вуглічы” справакаваў скандал у фотасупольнасці. Пасівелыя мэтры дапытваліся: як гэта серыя франтальных партрэтаў бабулі на фоне дывана была прызнаная лепшай сярод твораў 800 з гакам удзельнікаў? Дзе праца з выявай і пошукам ракурсаў? І ці можна тут наогул казаць пра фотамастацтва?

— Думаю, можна. У дачыненні да мастацтва сёння, на мой погляд, ні ў якім разе нельга ўжываць тыя ж крытэрыі, што і да рамяства. Крытэрыі тут павінны быць зусім іншымі. У выпадку з серыяй “Сезоны Веры” (92-гадовая жыхарка Валожына прымярае назапашаныя ў сваёй шафе строі ды распавядае звязаныя з імі гісторыі… і ў ейных вачах бы ў люстэрку адбіваецца ўсё ХХ стагоддзе — І.С.) важная найперш не якасць выявы, а цэльнасць выказвання. Перакананая, што фатаграфія даўно адышла ад тых тэхнічных і тэматычных рамак, у межах якіх дасюль застаюцца многія нашы мэтры. А з тымі людзьмі, якія лічаць, што галоўнае, каб лісток на здымку быў максімальна рэзкім або знаходзіўся ў зоне залатога сячэння, мы проста існуем у розных вымярэннях.

— Але ці застаецца твая творчасць фатаграфіяй? Або, можа, лепей вынайсці для яе нейкае іншае вызначэнне — скажам, візуальную антрапалогію?

— Сёння мне цікавае кіно, хачу рухацца ў гэтым напрамку. Для мяне “Сезоны Веры” — гэта кіно. Але называй, вядома, як хочаш. У “Сезонах” сюжэт просты, аднак пільнае вока ды розум у той прастаце спазнаюць вельмі шмат наслаенняў. Можа, менавіта таму гэты праект займеў столькі водгукаў — як сярод прафесіяналаў, так і сярод простай аўдыторыі.

— Так, розгалас ён меў папраўдзе неверагодны — чаго вартая хаця б публікацыя гэтай серыі фота ў легендарнай брытанскай The Guardian! Але, разам з тым, і неадназначны…

— І гэта вельмі крута! Файна, калі мая работа выклікае спрэчкі. Гэта дае магчымасць расці — і мне, і гледачам. У выніку, выйграюць усе. Урэшце, мы, людзі, адрозніваемся ад іншых жывых істотаў найперш тым, што ўмеем думаць і гаварыць. І так мала карыстаемся гэтым дарам! Дакладней, гаварыць мы акурат умеем, а вось слухаць іншых…

— Твае фота зробленыя яўна не адстароненым позіркам — яны літаральна набрынялыя суб’ектыўнасцю ды эмпатыяй. Ці не шкодзіць гэта раскрыццю тэмы?

— Думаю, не. Кожны аўтар сам абірае, якім шляхам яму рушыць. Пагатоў, насамрэч я выбудоўваю пэўную дыстанцыю паміж мною і героямі — зусім без яе нельга. Што тычыцца Веры, гэта якраз выключэнне з правілаў: мы з ёй сталі папраўдзе блізкімі сяброўкамі, і я не бачу тут нічога дрэннага. Правіла можа быць хіба адно: заўсёды трэба рабіць так, як ты адчуваеш — вось і ўсё.

— Я ведаю тры твае серыі, і ўсе яны вельмі розныя. Лірычная і пранікнёная “Маластоўка”, прысвечаная тваёй роднай вёсцы, далей “Сезоны Веры” — і раптам праект пра жанчын, якія некалі зрабілі аборты. Што паміж імі агульнага?

— Выбар тэмы — гэта не пальцам у неба. Агульны тут найперш першапачатковы імпульс — цікавасць і жаданне паглыбіцца. Ніколі ў такі момант не думаю пра перамогі на конкурсах ды іншыя “плюшкі”. Дбаю толькі пра тое, каб зрабіць такі візуальны шэраг, які будзе пасаваць гісторыі і перадаваць мае адчуванні.

Мне цікава экстрапаляваць свой досвед, звязаны з абранымі тэмамі. Кожны мой праект у пэўнай меры аўтабіяграфічны — хаця гэта зусім не значыць, быццам мне давялося паспытаць нешта падобнае да таго, што перажылі мае гераіні. Але мне карціць тую тэму асэнсаваць, глыбока прачуць. Для мяне гэта вельмі важна — іначай не атрымаецца шчырай работы. Калі тэма не рэзануе ўнутры цябе — значыць, ты будзеш хлусіць сам сабе. І хто ж табе тады паверыць?

— Ты займаешся не толькі творчымі праектамі, але і працуеш фотакарам у газеце “Звязда”, здымаеш на замову. Ці ёсць паміж гэтымі гранямі тваёй фотапрактыкі хаця б нешта агульнае?

— Прычыну тут, думаецца, тлумачыць не варта: усім трэба за нешта жыць. Натуральна, аўтарскімі праектамі зарабіць не так і лёгка. Я шмат працавала над “Сезонамі Веры”, і толькі праз пэўны час была публікацыя ў “Такие дела”, а праз два гады ў The Guardian. На жаль, я не магу два гады нічога не есці, чакаючы на той ганарар. Але плакацца тут не буду. Наадварот, вельмі радая, што мне даводзіцца здымаць кожны дзень. Хаця б таму, што гэта досвед: ты сутыкаешся з рознымі людзьмі, атрымліваеш новыя крыніцы інспірацыі. Заўсёды спрабую пераканаць сябе, што для сябе і здымаю — каб атрымаўся найлепшы вынік. Можа, у рэпартажных фота гэта не заўсёды атрымліваецца… Дый я не рэпарцёр па натуры. Але кожнага разу вельмі стараюся. Часам мне кажуць, быццам мае здымкі не вельмі пасуюць фармату СМІ. Можа, яно і так. Але мне здаецца, што ў блізкай будучыні фотарэпарцёраў у чыстым выглядзе наогул не будзе. Бо паўсюдна запануе фатаграфія аўтарская, фатаграфія меркаванняў.

— Ці лёгка табе выбудоўваць адносіны з тваімі гераінямі? Пагатоў фатограф — у адрозненне, скажам, ад пісьменніка — дужа ад іх залежыць. Ці няма непаразуменняў, папрокаў у “паразітаванні” на чужым лёсе?

— Не, такіх папрокаў мне чуць не даводзілася. Тым болей, заўсёды стаўлю перад сабою галоўную мэту: я не павінна сваіх гераінь падводзіць. Лічу, у гэтым найперш і ёсць прафесіяналізм — а не ў кампазіцыі здымка. Этычныя моманты — гэта прыярытэт. Калі я прашу іншага чалавека на ўвесь свет распавесці асабістыя рэчы, я павінна яго запэўніць, што ён не будзе ў выніку пакрыўджаны. І ў мяне так атрымлівалася. Думала, мне будзе вельмі цяжка працаваць з жанчынамі, якія зрабілі аборты. Але ніводная не адмовілася ўдзельнічаць у праекце. А пасля яго публікацыі ні з адной з іх не сапсаваліся адносіны.

— Ты часта паказваеш свае працы за мяжой. Як цябе там успрымаюць — праз прызму краіны або адасоблена?

— Скажу шчыра: за мяжой не тое каб надта цікавяцца нашай лакальнай праблематыкай. І ведаеш чаму: бо мы такія самыя, як усе людзі на зямлі! Старасць, смерць, страх… думаеш, у Аўстраліі гэта адчуваюць неяк іначай, ніж тут у Мінску? Гэтыя тэмы не ведаюць геаграфічных межаў. Я заўсёды пераконваюся: калі ты робіш тое, што цябе сапраўды ўзрушвае, яно ляжа на культурныя коды і іншых людзей, на якім бы мацерыку яны ні жылі.

— А як табе працуецца з замежнымі выданнямі? Гэта тым болей цікава, што ў Беларусі, здаецца, ніводнае буйное СМІ не публікуе аўтарскія фотапраекты.

— Гэта проста казка! Ты адчуваеш сябе… аўтарам! Першы мой досвед — буйны расійскі партал “Такие дела”. Была шчыра здзіўленая, калі рэдактар удакладняў усе дробязі і сам закрануў тэму ганарару. У нас жа фатографы-фрылансеры вымушаныя стаяць з працягнутай рукой і пытаць: калі ж вы мне заплаціце? Яны амаль зусім не абароненыя, таму і пачуваюцца як бедныя сваякі. Цяжка мне потым вяртацца ў нашу рэчаіснасць…

— Можа, ты ўжо гатовая распавесці пра наступныя свае праекты?

— Не, не гатовая: хай яны спачатку ўрэчаісняцца. А калі ты ўжо хочаш задаць пытанне пра будучыню і перспектывы, адкажу на яго так: хачу, каб на Беларусі быў арт-рынак, на якім знайшлося б месца і для аўтарскага фота. Дзіцячыя мары, ці не так?