Мне даводзілася бываць на “Арт-Жыжалі”, мець працяглыя гутаркі з яго нязменным кіраўніком Валерыем Калтыгіным. Таму, будучы ў тэме і ўяўляючы праблемы, з якімі штогод сутыкаюцца арганізатары і ўдзельнікі пленэру, я часам здзіўляюся той акалічнасці, што пленэр увогуле жыве. Бо праект гэта не бізнесовы — ніхто на “Арт-Жыжалі” не разбагацеў, але іміджавы. Дзякуючы пленэру, Бабруйск ведаюць далёка за межамі Беларусі. Праўда, гэта вядомасць збольшага ў межах мастакоўскіх асяродкаў. Але ў любым выпадку чыннік станоўчага вобраза горада, рэгіёна ды, бадай, і ўсёй краіны.
Вось і зараз спадар Валерый адзначаў, што сёлетні пленэр мае станоўчы вынік, нягледзячы на нязручнае для працы надвор’е і пэўнае гаспадарчае бязладдзе. Але былі на пленэры і надзвычай прыемныя падзеі. Сярод іх тое, што значна ўзбагацілася тэхналагічная база “Арт-Жыжалю”. Была пабудавана хай сабе і невялікая, але высокатэмпературная печ для хуткага абпалу на 1250 градусаў па Цэльсію, нават і вышэй. Упершыню ў гісторыі беларускай керамікі было зроблена некалькі пробных і, дарэчы, удалых “саляна-содавых” абпалаў. І гэта толькі пачатак. Наступныя пленэры абацяюць пошукі з больш прагназаванымі вынікамі.
Аднак для мяне больш цікава тое, што пленэр застаецца творчай лабараторыяй. Здаецца, усё ўжо было на “Арт-Жыжалі” — і праца ў розных тэматычных напрамках, што больш уласціва скульптурнай пластыцы; і эксперыменты з формамі і фактурамі; і спалучэнне ў адзіным кантэксце розных нацыянальных традыцый і культурных уласцівасцяў; філасафізм і іранічнасць, арыентацыя на грамадскія каштоўнасці і мастакоўскі суб’ектывізм. Што яшчэ можна прыдумаць? І тым не менш кожны чарговы “Арт-Жыжаль” не падобны на папярэдні.
Гэтым разам мне запомніліся творы балгарскіх мастакоў. У прыватнасці, перавод у аб’ёмную кераміку ландшафтнай выявы Маргарыты Іванавай. Вонкава простыя, але шматсэнсоўныя работы мастака з Турцыі Фірдэўс Гёкбела. Эфектная інтэрпрэтацыя прыродных форм бразільскай мастачкай Вівіян Дзіль. Шырокая тэматычная і стылёвая разбежка ў мастакоў з Расіі — ад фальклорных вобразаў да абстракцый на аснове прыродных форм. Для беларусаў на гэтым пленэры характэрнымі падаюцца два напрамкі — геаметрычны абстракцыянізм, як узор — работы Яўгена Чаўдара, і апавядальнасць з настальгічнымі ноткамі — Валерый Калтыгін, Максім Калтыгін.