І кружыцца планета Слова...

№ 36 (854) 06.09.2008 - 12.09.2008 г

“Белвідэацэнтр” — галоўны на сённяшні дзень вытворца дакументальнага кіно ў краіне — вырашыў не абмяжоўвацца адно толькі гэтым статусам. Ужо ў сярэдзіне восені, укамплектаваўшыся бібліобусамі і аўтакінаперасоўкамі, яго спецыялісты рушаць са сваімі фільмамі ў райцэнтры і аграгарадкі. На сённяшні дзень у “багажы” “Белвідэацэнтра”, які будзе прапанаваны ўсім ахвотным, больш за трыццаць стужак самага рознага кшталту: пазнавальна-асветніцкіх, біяграфічных, хранікальна-дакументальных, сацыяльных, прысвечаных здароваму ладу жыцця і бяспецы жыццядзейнасці…

 /i/content/pi/cult/173/1663/I-kruzhycca-planeta.jpg

Але ж гэтая лічба на працягу працы пастаянна будзе вар’іравацца, а фільмы — шторазу абнаўляцца за кошт багатых архіваў “Белвідэацэнтра”. Яшчэ адзін накірунак дзейнасці ўстановы — галерэя фільмаў-партрэтаў, у якой немалое месца адведзена стужкам пра мастакоў слова. Пра ўсе ініцыятывы і перспектывы гутарым з рэдактарам “Белвідэацэнтра” Вольгай ЦВЯТКОВАЙ.

— Ці не будзе дубліраваннем дзейнасці абласных кінапракатных арганізацый і своеасаблівым перахопліваннем іх “кавалка хлеба” ініцыятыва працаваць у рэгіёнах?

— Ні ў якім разе! З абласнымі пракатчыкамі мы, па сутнасці, не перасякаемся. Яны ж традыцыйна прадстаўляюць спажыўцам поўнаметражнае мастацкае кіно, прычым, на жаль, у большасці сваёй не наша, а замежнае — ці то амерыканскае, ці то расійскае. Мы ж арыентуемся выключна на айчынны кінапрадукт. Прадстаўляем тое, што ствараем самі, на сваёй зямлі і для нашых людзей. Хочам, каб у глыбінцы ведалі, што здымаюць беларускія дакументалісты, і мелі магчымасць гэта паглядзець не толькі на экране свайго тэлевізара. Акурат зараз мы распрацоўваем некалькі тэматычных падборак з фільмаў “Белвідэацэнтра”, якія задаволяць патрэбы самых розных катэгорый насельніцтва.

— Дарэчы, да якіх з фільмаў, знятых “Белвідэацэнтрам” за апошні час, вы маглі б параіць нашым чытачам прыгледзецца больш пільна?

— Традыцыйна мы шмат здымаем сацыяльных ролікаў — гэта адзін з асноўных “профіляў” нашай дзейнасці. Хтосьці з-за іх дыдактычнасці можа і не лічыць гэта за кіно. Але ж гэта таксама асобны від кінапрадукту, і я думаю, што паглядзець такія ролікі будзе не толькі павучальна, але цікава і з мастацкага пункта гледжання таксама.
Калі гаварыць пра нашых рэжысёраў, то адным з самых папулярных у шырокіх колах гледачоў з’яўляецца Ігар Бышнёў, і ў яго маецца свая катэгорыя сталых прыхільнікаў творчасці. Для іх і не толькі ён прапануе сваю новую стужку “Ваўчыца па імені Дайя”. Фільм разлічаны на юнага гледача і распавядае пра жыццё і сталенне ваўчанят. На прыкладзе маленькай ваўчыцы Дайі аўтары стужкі расказваюць пра натуральнае асяроддзе пражывання ваўкоў, іх звычкі і прыхільнасці. А яшчэ гэтая работа цікавая тым, што, апрача простага знаёмства са светам ваўкоў, аўтары фільма прапануюць нам задумацца і над светам людзей, над тым, як мы можам навучыцца суіснаваць для таго, каб прырода не страчвала сваё багацце і біялагічную разнастайнасць.
“Белвідэацэнтр” стварае фільмы пра нашых землякоў, якія складаюць славу сучаснай Беларусі. І сёлета з такіх работ хочацца назваць фільм “Смяюся… Плачу… Люблю…”, прысвечаны нязменнай кіраўніцы “Харошак” Валянціне Гаявой — яе пакручастай дарозе “насуперак”, стужку “Ігар Лучанок. Мелодыя лёсу”, а таксама “Ён недзе тут… Успаміны пра Юрыя Марухіна” — светлую, шчырую і шчымлівую карціну пра аператара і рэжысёра, які быў не проста творцам, але і цудоўным чалавекам.
З серыі хранікальна-дакументальных стужак, прысвечаных малым гарадам Беларусі, не магу не адзначыць “Шклоўскі афорт” — фільм, які жыва і ярка распавядае пра слаўнае мінулае Шклова ХVІІІ стагоддзя, пра веліч беларускай культуры і знітоўвае гэта з днём сённяшнім. А сярод стужак, што адлюстроўваюць нашы маральна-каштоўнасныя арыенціры, — “Вялікае шчасце” — стужка, прысвечаная пытанням дэмаграфічнай палітыкі нашай дзяржавы, і “Беларусы — Героі Савецкага Саюза” (ён распавядае пра слынных сыноў нашай зямлі).

— Гэтымі днямі наша краіна адзначае Дзень пісьменства. І ведаю, што ў багажы “Белвідэацэнтра” маецца нямала фільмаў, прысвечаных і іншым слынным беларускім сынам — айчынным асветнікам і літаратарам.

— “Белвідэацэнтр” можа пахваліцца багатай калекцыяй фільмаў, знятых як пра знакавых пісьменнікаў, так і пра тых літаратараў, што ствараюць славу беларускага пісьменства сёння. З тых фільмаў, што былі створаны яшчэ напрыканцы 90-х гадоў, але і да гэтага часу карыстаюцца попытам, магу назваць стужкі “Слова да вас, Георгій Каніскі”, “Вуліцай Кірыла і Мяфодзія”, якія распавядаюць пра слынных асветнікаў нашай зямлі. А таксама — “Дастаеўскі і Дастоева” і “Дастаеўскі і Беларусь”, дзе расказваецца пра беларускія карані слыннага расійскага пісьменніка.
Нельга абмінуць і такія стужкі, як “Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка”, “Янка Купала” і “Колас вечна будзе жыць!..”, прысвечаныя асобам класікаў слова.
Усім зацікаўленым магу параіць паглядзець галерэю фільмаў-партрэтаў, прысвечаных тым літаратарам, якія склалі славу беларускаму мастацкаму слову ў ХХ стагоддзі: “Іван Чыгрынаў”, “Развітальнае” — пра Алеся Адамовіча, “Што ў Пімене табе маім?” — пра Пімена Панчанку, “Імгненні жыцця” — пра Івана Шамякіна, “Сёння — Аляксей Дудараў”, “След дзяцінства” — пра Янку Маўра, “І кружыцца планета Куляшова…” — пра Аркадзя Куляшова, “Васіль Быкаў. Франтавыя старонкі”, “Паэт і час” пра Петруся Броўку… З самых апошніх работ, знятых на “Белвідэацэнтры” па гэтай тэматыцы, —“Летуценнік” (распавядае пра Яна Баршчэўскага), “Пясняр зямлі беларускай. Максім Танк”, “Рамантык з Люцынкі”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, а таксама стужка пра нашага сучасніка — “Дарогі лёсу. Мікалай Чаргінец”.
А таксама мне хацелася б узгадаць фільм “Нарадзіўся я ліцвінам…”, што распавядае пра жыццё і дзейнасць чатырох вядомых беларусаў: Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшкі, Ігната Дамейкі і Напалеона Орды, якія, хоць і былі разлучаны са сваёй радзімай, здолелі пранесці любоў да яе праз усё сваё жыццё. 

Таццяна КОМАНАВА