Моўны скарб беларусаў

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

31 кастрычніка і 1 лістапада ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшоў Першы міжнародны кангрэс “Беларуская мова — галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы”, прысвечаны 90-годдзю з дня заснавання аднаго з найстарэйшых інстытутаў у сістэме Акадэміі навук — Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

/i/content/pi/cult/770/16628/05.JPGУ прадстаўнічым міжнародным форуме ўзялі ўдзел больш за 130 навукоўцаў-беларусістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Літвы. На адкрыцці мерапрыемства прагучалі прывітальныя словы прадстаўнікоў дзяржаўных органаў кіравання Рэспублікі Беларусь, вышэйшых навучальных устаноў краіны, замежных гасцей, Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рымска-каталіцкага Касцёла, навуковай і творчай грамадскасці.

Падчас урачыстага пасяджэння адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу навукова-даследчых работ у галіне мовазнаўства “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына” сярод навучэнцаў сярэдніх, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў краіны, які Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа праводзіў сумесна з рэдакцыяй часопіса “Роднае слова”. Таксама былі ўручаны медалі з нагоды 90-годдзя Інстытута мовазнаўства НАНБ за выдатны ўнёсак у вывучэнне беларускай мовы і беларускіх гаворак як айчынным, так і замежным даследчыкам.

Акрамя дакладаў па розных кірунках даследаванняў, увазе ўдзельнікаў кангрэса была прадстаўлена спецыяльная выстава, прысвечаная гісторыі беларускага мовазнаўства. На ёй можна было пабачыць шэраг унікальных і рарытэтных выданняў, створаных навукоўцамі Інстытута за 90 гадоў, якія складаюць залаты фонд айчыннага мовазнаўства. Сярод іх “Граматыка беларускай мовы” ў 2 тамах, “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” ў 37 выпусках, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 6 тамах, “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” і іншыя.

Напрыклад, “Гістарычны слоўнік беларускай мовы”, як расказалі мне арганізатары форуму, ствараўся супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства на працягу 90 гадоў, калі ўзяць у разлік час ад ідэі, якая ўзнікла ў 1927 годзе, і да выхаду апошняй кнігі, якая пабачыла свет у канцы 2017 года. Шматтомнае выданне, якое змяшчае 75 тысяч слоў, адлюстроўвае гісторыю беларусаў на працягу 500 гадоў, бо ў якасці асноўных дакументаў для слоўніка былі абраны друкаваныя і рукапісныя помнікі: статуты, хранографы, летапісы, дзелавыя, навуковыя і рэлігійныя дакументы, мемуары. Словам, усё, што стварылі беларусы ў тую пару, якая завецца “залатым векам” гісторыі беларускай мовы, калі беларускія землі з’яўляліся ядром наймагутнейшай еўрапейскай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, а старабеларуская мова выконвала функцыі дзяржаўнай мовы

Да слова, гістарычныя слоўнікі нацыянальных моў складаюць многія народы, але беларусы апярэдзілі шмат каго з бліжэйшых суседзяў — так, яшчэ не завершаны “Слоўнік рускай мовы XI — XVII стагоддзяў” або “Гістарычны слоўнік украінскай мовы”.

Сярод апошніх здабыткаў Інстытута мовазнаўства — усе іх пералічыць, натуральна, немагчыма — падрыхтоўка Нацыянальнага корпуса беларускай мовы, аб’ём якога складае 251 мільён словаўжыванняў, а таксама стварэнне ў 2015 годзе кластара “Міжнародная школа беларускай мовы і літаратуры”, падчас якога праводзяцца адкрытыя лекцыі, навукова-практычныя семінары, круглыя сталы па актуальных праблемах беларускага мовазнаўства, арганізуюцца сустрэчы з прадстаўнікамі розных краін замежжа.

Акрамя таго, на базе Інстытута мовазнаўства працуюць Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры НАН Беларусі i Рэспубліканская тапанімічная камісія пры НАН Беларусі, Беларускі камітэт славістаў, па запытах органаў дзяржаўнага i мясцовага кіравання ажыццяўляецца лінгвістычная экспертыза друкаваных i электронных матэрыялаў на прадмет ix адпаведнасці заканадаўству Рэспублікі Беларусь, а таксама ажыццяўляецца пераклад сайтаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"